Фарбы і людзі

- 14:32Выхаванне, Рознае

16 верасня Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі ўрачыста-гасцінна адкрыў свой новы сезон работы. Адкрыццё насамрэч удалося!

У выставачнай зале НЦМТДіМ разгарнулася маштабная выстава “Фарбы майго горада” навучэнцаў Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Барысава — гэтай найстарэйшай у Мінскай вобласці ўстанове дадатковай адукацыі сёлета спаўняецца 90 гадоў. З радасцю прыняўшы прапанову выставіцца ў сталіцы, барысаўчане не паскупіліся — усяго ў экспазіцыі прадстаўлена каля 300 дзіцячых работ, выкананых у традыцыйных і сучасных кірунках дэкаратыўна-прыкладной творчасці (кераміка, саломапластыка, народная вышыўка, ткацтва, лялька, батык, цацка, вырабы са скуры, фітадызайн і інш.). І былі сярод усёй гэтай мілай разнастайнасці свае іскрынкі: калекцыі адзення (дыпламанты Рэспубліканскага фестывалю моды і фота “Млын моды”), рэканструкцыі рыцарскіх касцюмаў канца ХІІІ — пачатку ХІV стагоддзя і — яно, напэўна, самае-самае на выставе! — работы навучэнцаў унікальнай студыі іканапісу “Адраджэнне”, адной з нямногіх у краіне.
Больш за тое, госці з Барысава паклапаціліся і пра адмысловае культурна-метадычнае суправаджэнне свайго візіту ў Мінск. На адкрыцці выставы “Фарбы майго горада” са словамі прывітання і нават канцэртнымі нумарамі выступілі сёння знаныя ў творчым свеце выпускнікі Барысаўскага цэнтра. Самым яркім было выступленне выпускніка 2009 года, лаўрэата міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў, пераможцы І Дэльфійскіх гульняў, саліста Нацыянальнага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь Паўла Пятрова — ён выклікаў сапраўдны фурор сваімі спевамі. А на другім паверсе НЦМТДіМ педагогі барысаўскіх народных студый для сталічных дзяцей правялі майстар-класы — па тэкстылі “Лялька-абярэг” (педагог народнай студыі “Крынічка” Алена Манкевіч) і “Райская птушачка” (педагог народнай студыі “Натхненне” Алена Ляднік), па паперапластыцы “Віншавальная паштоўка” (педагог народнай студыі “Натхненне” Наталля Яраш), па фітадызайне “Папараць-кветка” (педагогі народнай студыі “Крынічка” Ірына і Іна Платонавы), па цестапластыцы “Барысаўскія пернікі” (педагог народнай студыі “Натхненне” Святлана Лебедзева) і па вырабе сувеніраў “Каляровая мазаіка” (педагог народнай студыі “Праменьчыкі надзей” Ларыса Стануль). Дарэчы, усяго ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі Барысава дзейнічае 8 народных студый дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Поспехі менавіта гэтых студый, іх педагагічных і дзіцячых калектываў шмат у чым абумоўліваюць зайздросную тэндэнцыю — па выніках штогадовага спаборніцтва Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Барысава з’яўляецца лепшай установай дадатковай адукацыі Барысаўскага раёна, а ў гэтым годзе стаў лаўрэатам Мінскай вобласці. Толькі за мінулы навучальны год навучэнцы цэнтра сталі ўладальнікамі 105 грамат і дыпломаў міжнароднага значэння, 86 — рэспубліканскага, больш за 90 абласных і больш за 200 раённых узнагарод.
Паўжартам пытаюся ў дырэктара Барысаўскага цэнтра Галіны Аляксандраўны Лужкоўскай пасля заканчэння ўрачыстасцей: “Як жа гэта так атрымалася, што ваш цэнтр абагнаў па ўзросце нават самую галоўную ўстанову дадатковай адукацыі ў краіне?”
“А вось так і атрымалася! Архівы сведчаць! — адказвае Галіна Аляксандраўна. — Раней наш цэнтр, які спачатку называўся Барысаўскім домам піянераў, знаходзіўся на Рынкавай плошчы ў самым гістарычным цэнтры горада. Потым ён пераехаў у будынак сінагогі. Цяпер сінагогу рамантуюць, а мы засяліліся ў будынак школы 1936 года. Але гэта толькі, так бы мовіць, наш галоўны офіс. Нашы структуры “раскіданы” па ўсім Барысаве — па агульнаадукацыйных школах, па дзіцячых пакоях пры домакіраўніцтвах, нават па інтэрнатах гарадскіх прадпрыемстваў Барысава. Нас многа! І нам усюды добра!”
“Галіна Аляксандраўна, а што канкрэтна ўсё-такі вылучае фарбы менавіта вашага горада — безумоўна, я маю на ўвазе ваш Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі — у творчым, у духоўным, калі хочаце, плане?” — задаю ўжо сур’ёзнае пытанне сваёй суразмоўніцы.
“Вы ведаеце, я сказала б так — традыцыі і людзі. Яшчэ ў далёкім 1962 годзе наш цэнтр быў узнагароджаны граматай Вярхоўнага савета БССР за заслугі, і вось гэтыя традыцыі заслужанай і аўтарытэтнай установы мы старанна беражом і падтрымліваем. А традыцыі ў сваю чаргу трымаюцца на людзях, якія ў нас працуюць. Такіх людзей мала, такіх трэба пашукаць. Узяць, напрыклад, хоць бы таго ж Аляксандра Якаўлевіча Малчанава, кіраўніка народнай студыі іканапісу “Адраджэнне”. Уяўляеце, ён разам са сваёй жонкай Людмілай Мікалаеўнай задарма распісвае цэрквы па ўсім Барысаўскім раёне — яны працуюць пад патранатам Уладыкі. Гэта выключна прыстойныя і прыгожыя людзі! Невыпадкова да іх у студыю прыходзяць нават студэнты. Або возьмем удзельніка нашага рыцарскага клуба. У свой час мы прадаставілі ім такое кволенькае-кволенькае памяшканне, а вы б пабачылі, якую цацку яны з яго зрабілі! І сёння цэлымі сем’ямі там жывуць, з поспехам удзельнічаюць у розных рыцарскіх фестывалях. Проста людзі любяць сваю справу, жывуць ёй днём і ноччу! І арэолам гэтай любові авеяны ўвесь наш цэнтр”.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.