Феномен фінскай адукацыі

- 14:57Суразмоўца

У Мінску прайшоў майстар-клас незалежнага кансультанта ў сферы адукацыі і знакамітага настаўніка ў свеце Кары Лаухівуоры “Інструменты фінскай адукацыі ў беларускай рэальнасці”. Вядомы педагог быў запрошаны кампаніяй “А-100 Девелопмент” для кансультацыі наконт арганізацыі адукацыйнай прасторы ў школе-новабудоўлі ў Новай Баравой.

Пляцоўку майстар-класа давялося мяняць двойчы, а рэгістрацыю — закры­ваць раней часу. Такой колькасці ахвотных трапіць на мерапрыемства не чакалі нават арганізатары. Сярод тых, хто прыйшоў паслухаць вядомага настаўніка, — педагогі з розных куткоў Беларусі, бацькі, школьнікі і студэнты.

Больш за две гадзіны Кары Лаухівуоры расказваў аб асноўных элементах фін­скай сістэмы адукацыі, аб іх выкарыстанні не толькі ў школе, але і ў штодзённым жыцці, аб цяжкасцях, якія могуць узнікнуць пры выхаванні дзяцей, і аб тым, як гэтага пазбегнуць. Прапануем увазе чытачоў некаторыя выказванні фінскага педагога, якія выклікалі бурную рэакцыю ў зале.

Пра бясплатную адукацыю

— Адукацыя ў Фінляндыі нічога не каштуе. Абсалютна ўсё бясплатна, уключаючы харчаванне. Мы не трацім грошы на тое, на што іх можна не траціць. І яны не трапля­юць у чые-небудзь кішэні. У нас не ўзнікае такой сітуацыі: у адной школы ёсць усё, яна папулярная, а другая непапулярная, бо чагосьці там не хапае. Кожны навучэнец не выбірае школу, а ідзе ў тую, да якой адносіцца па раёне пражывання. У кожнага дзіцяці роўныя магчымасці ў навучанні.

На ўсю краіну існуе толькі адна прыватная школа. Яна прызначана пераважна для дзяцей бізнесменаў, дыпламатаў, якія часта пераязджаюць з краіны ў краіну і прахо­дзяць навучанне па міжнароднай праграме. Усе астатнія школы — дзяржаўныя, і ўсе яны аднолькавыя.

Кары Лаухівуоры 32 гады кіраваў агульнаадукацыйнай школай Кірккаярві, што знаходзіцца ў Экспаа, прыгарадзе Хельсінкі. Год назад ён пакінуў пасаду дырэктара і з таго часу стаў своеасаблівым паслом фінскай адукацыі — наведвае розныя краіны і дзеліцца сваім вопытам.

Пра галоўныя сакрэты

— У чым сакрэт фінскай сістэмы адукацыі? Калі сцісла, то можна вылучыць чатыры асноўныя моманты: кароткі школьны дзень, вялікія перапынкі і шмат часу для гульняў, мала дамашніх заданняў, доўгія канікулы. Некаторыя думаюць, што гэта жарт. Аднак у большасці гэта адпавядае рэальнасці…

Асаблівасць фінскай сістэмы адукацыі — шмат часу адведзена гульням.

Вельмі важна, каб у дзяцей было дзяцінства! Да 7 гадоў у падрыхтоўчых фінскіх класах дзяцей не вучаць пісаць і чытаць. Не! Толькі гуляць і ўзаемадзейнічаць з равеснікамі, даведвацца, як гэта — быць разам у супольнасці людзей. Ніхто нікуды не спяшаецца, на дзяцей не аказваецца ніякага ціску ў працэсе навучання. Нават тое, што мы лічым “марнаваць час”, для дзіцяці таксама вельмі важна! “Куды спяшацца? Пакіньце дзецям дзяцінства!” — так разважаюць фіны.

Пра прэстыж настаўніцкай прафесіі

— У Фінляндыі прафесія настаўніка вельмі прэстыжная. Педагогі добра зарабляюць і з’яўляюцца людзьмі, якіх сапраўды паважа­юць. Але і ўзровень у іх павінен быць адпаведны. Навучанне настаўнікаў у нас пераведзена на ўзровень УВА. Кожны настаўнік павінен абавязкова прайсці навучанне ў магістратуры. Прычым на настаўніка ­ідуць вучыцца дастойныя навучэнцы. У нашай кра­іне зразумелі, што ў нас няма запасаў нафты, як у Нарвегіі. У нас ёсць толькі лясы — “зялёнае золата”, але мы не можам бясконца прадаваць паперу. Таму прыйшлі да высновы, што нашым моцным бокам павінна быць навучанне. Мы павінны быць адукаванай на­цыяй.

Пра школьныя рэформы

— У нас няма рэформаў, якія спускаюцца зверху. Адміністрацыя і міністэрства нічога не навязваюць, заўсёды гэты працэс абмяркоўваецца з настаўнікамі. У настаўнікаў у Фінляндыі поўная аўтаномія. Яны могуць выбіраць тую методыку, якую палічаць неабходнай. Праўда, усе школы Фінляндыі вучацца па адной нацыянальнай праграме. Настаўнікі — гэта эксперты, яны самі вырашаюць, як вучыць дзяцей, гэта даследчыкі, якія вучацца аналізаваць сваю работу, вучацца глыбокаму разуменню ўсіх працэсаў у класнай аўдыторыі.

Пра давер

— Давер — вельмі важны момант. У Фінляндыі ўвогуле ўсё пабудавана на даверы. Урад давярае муніцыпалітэтам, муніцыпалітэты — дырэктарам школ, дырэктары — настаўнікам, настаўнікі — вучням. А бацькі поўнасцю давяраюць школе. Яны не ўмешваюцца ў штодзённае жыццё школы. Бацькі могуць сабрацца ў школе 2—3 разы за навучальны год: папіць чаю з настаўнікам і абмеркаваць… не вучобу, а выхаванне сваіх дзяцей. Напрыклад, тое, калі дзецям лепш класціся спаць, як праводзіць вольны час пасля школы. Калі ж гаворка заходзіць аб працэсе навучання, бацькі ўказваюць на педагога: “Ён — галоўны, ён разбярэцца, мы яму давяраем”.

Пра праверкі ў школе

— Кожны з прысутных тут настаўнікаў ведае, што інспекцыя — гэта тэатр. Апранаеш касцюм і гальштук, заходзіць правяраючы — усе яму ўсміхаюцца. Дзеці вельмі напужаныя, а настаўнікі ім гавораць: “Калі штосьці не тое зробіш падчас праверкі — потым ­атрымаеш”. І калі правяраючы сыходзіць, усе з палёгкай выдыхаюць і вяртаюцца да нармальнага жыцця.

У фінскай школе існуе сістэма самаацэнкі на працягу многіх гадоў. Пасля заканчэння кожнага года навучання вучням, бацькам і настаўнікам даецца апытальнік, каб вызначыць 10 галін, у якіх школа паказала сябе добра, і 10 галін, у якіх патрабуецца паляпшэнне. Затым усё аналізуецца і мы распрацоўваем тры тэмы, над якімі неабходна будзе працаваць на працягу наступнага года. Такім чынам ацэньваем і развіваемся.

Пра экзамены

— У нас няма тэсціравання. Дакладней, ёсць, але толькі адно — пры заканчэнні сярэдняй школы. Нам не даводзіцца пастаянна даказваць, наколькі мы добрыя. Настаўнік лепш ведае, на што здольны кожны яго вучань! У некаторых краінах лічаць, што дзяцей трэба пастаянна тэсціраваць, ладзіць ім экзамены і што дзякуючы гэтаму можна вызначыць, наколькі добра вучань падрыхтаваны. Забудзьце пра жорсткія тэсты і экзамены! Мне як настаўніку няма неабходнасці ведаць, ці паказала мая школа лепшыя вынікі за суседнюю. Я, безумоўна, магу пратэсціраваць у межах навучання сваіх выхаванцаў, каб вызначыць, наколькі добра яны засвоілі матэрыял, зразумелі яго. Калі я бачу, што ўсё добра, мы можам рухацца далей. Толькі час ад часу Нацыянальны савет па адукацыі можа право­дзіць па некалькіх прадметах выбарачнае даследаванне, каб пераканацца, што ўсё добра, сістэма збалансавана і адладжана працуе. Гэта як здаць аналіз крыві. І тут такая ж логіка: невялікія пробы па ўсёй краіне.

У Фінляндыі нетыповая сітуацыя, калі вучань застаецца на другі год. Навошта гэта рабіць? Важней, каб вучань мог заставацца ў адной і той жа групе і разам з таварышамі, да якіх ён прывык, вучыцца і развівацца далей. Калі ж сітуацыя вельмі сур’ёзная, то дзяцей аб’ядноўваюць у межах невялікай спецыяльнай групы ў школе. І ў гэтых групах з імі займаецца спецыяліст па асаблівых патрэбах. Хаця некаторыя прадметы вучні асвойва­юць разам са сваім класам. Калі паляпшаюцца поспехі ў вучобе, вучань заўсёды можа вярнуцца назад у свой клас.

Пра адзнакі ў школе

— Адзнакі ў фінскай школе ёсць, аднак яны не вельмі важныя. У Фінляндыі — дзесяцібальная сістэма, але, як правіла, ніжні бал, які ставіцца, — 4. Калі ты атрымаў “чатыры” — пацярпеў фіяска, курс трэба паўтарыць, “дзесяць” — вы пераўзышлі сябе. “Васьмёрка” ў нас — вельмі добрая адзнака. Аднак адзнака — гэта не слова божае, якое высечана на камені. Гэта тое, што ставіць настаўнік і што можа адрознівацца ў розных школах… Самае важнае — параўноўваць сябе сённяшняга з сабой мінулым, а не з іншымі людзьмі. Параўноўваць сваё развіццё ў адносінах да ўласных навыкаў, а не ў адносінах да іншых вучняў. Для навучэнца больш важна атрымаць вербальную зваротную сувязь, асабліва ў пачатковай школе. Як правіла, перад Калядамі ці пасля іх настаўнік запрашае вучня і яго баць­коў у школу, яны абмяркоўваюць вучобу. Настаўнік тлумачыць, наколькі вучань паспявае. Прычым усё адбываецца вельмі пазітыўна — упор робіцца на дасягненнях вучня, на яго моцныя бакі. І яшчэ адзін важны момант: настаўнік заўсёды дакладна тлумачыць, чаго ён хоча ад вучня, дзе дзіцяці неабходна паляпшэнне. Пасля пэўных перыядаў навучання настаўнікі робяць справаздачы па паспяховасці вучняў.

Фінскую сістэму адукацыі не проста так называюць адной з лепшых у свеце. Згодна з даследаваннямі Міжнароднай праграмы па ацэнцы адукацыйных дасягненняў навучэнцаў PISA, фінскія дзеці лічацца самымі чытаючымі на планеце, яны занялі 2-е месца ў свеце па прыродазнаўчых навуках і 5-е месца па матэматыцы. Пры гэтым менавіта ў вучняў школы Кірккаярві самыя лепшыя паказчыкі па паспяховасці ў Фінляндыі.

Пра школьную форму

— Школьная форма ў Фінляндыі — гэта худзі і джынсы. Настаўнікі таксама часта хо­дзяць у талстоўках або ў худзі з джынсамі. Усё вельмі неафіцыйна. Так, калі дзеці падрастаюць, яны пачынаюць глядзець на фірму, у каго джынсы даражэйшыя, у каго — таннейшыя. Але гэта не такая ўжо вялікая праблема. У прынцыпе, у нас усё вельмі дэмакратычна. Настаўнікаў называюць толькі па імені. Мяне маглі назы­ваць ці Кары, ці Рэксі (Дзірык). І калі мне вучань гаварыў: “Прывет, Рэксі!”, мяне гэта не прыніжала. Але давала ­адчуць, што я не паліцэйскі і не наглядальнік, а звычайны чалавек.

Пра выхаванне фінскіх грамадзян

— Якіх грамадзян павінна выхоўваць фінская школа? Упэўненых і арыентаваных на будучыню; грамадзян, якія валодаюць многімі мовамі, якія маюць крытычныя і аналітычныя здольнасці; інтэрактыўных і здольных узаемадзейнічаць, здольных ацаніць іншых і тых, хто ўмее быць удзячным; экспертаў па многіх пытаннях, здольных вучыцца на працягу ўсягу жыцця, актыўных і інавацыйных, адданых супольнасці; крэатыўных і здольных выкарыстоўваць свой патэнцыял. Не так ужо і шмат…

У Кірккаярві няма стандарт­най школьнай формы, а вучні ходзяць басанож. На занятках дзецям дазволена практычна ўсё: узаемадзейнічаць адно з адным, спрачацца з настаўнікам і нават сядзець на падлозе. Вучоба абсалютна бясплатная: дзяржава плаціць за ўсё, нават за школьнае харчаванне. Тут вучыцца каля 800 навучэнцаў, якія гавораць на 19 мовах. Незадаволеных практычна няма (за выключэннем рускамоўных бацькоў — яны лічаць, што іх дзецям задаюць вельмі мала дамашніх заданняў).

Пра школу будучыні

— Школа будучыні — гэта не робаты і супертэхналогіі. Я заўсёды верыў у чалавечы кантакт і добразычлівыя ўзаемаадносіны паміж настаўнікам і вучнямі. Мне падаецца, што новая школа — гэта выхад з класаў і новыя магчымасці. Сёння нават школа з глыбінкі дзякуючы інтэрнэту можа мець доступ да лепшых выкладчыкаў свету, можа атрымаць любога спецыяліста. Усе абмежаванні — гэта ваша ўяўленне.

Пра ролю бацькоў

— Што павінны рабіць бацькі? Нічога ­звышнатуральнага. Рыхтаваць смачнае снеданне дзіцяці перад школай, есці разам; больш часу праводзіць адно з адным; менш глядзець тэлевізар; чытаць дзецям кнігі; больш бываць на свежым паветры; хадзіць у тэатр і кіно; часцей абдымаць і цалаваць дзяцей; быць для іх дарослым, а не сябрам.

Пра інвестыцыі ў будучыню

— Дапамога дзіцяці ў працэсе навучання эканоміць сродкі для грамадства ў перспектыве. Калі на дзіця не звяртаць увагі, проста выключыць са школы — у будучыні яно стане беспрацоўным, наркаманам, сядзе ў турму… Не гаворачы ўжо пра трагедыю ў сям’і. Гэта будзе каштаваць вельмі дорага для грамадства. Таму трэба аказваць паўнацэнную падтрымку дзецям у навучанні і разбірацца ў сутнасці праблем, якія не даюць ім нармальна вучыцца.

Пра змены ў беларускай сістэме адукацыі

— Нельга проста скапіраваць чыю-небудзь сістэму адукацыі. Вашу ўласную школу неабходна ствараць на аснове гісторыі і культуры краіны. Змяненні ў школьнай сістэме патрабуюць шмат часу, трэба быць цярплівымі. Я думаю, усё пачынаецца з навучання выкладчыкаў. У любым выпадку настаўнікам трэба даць больш свабоды ўплываць на тыя рэчы, якія адбываюцца ў школе. Вельмі важна, каб у адміністрацыі школ працавалі практыкі.

P.S. Нягледзячы на тое, што сёння айчынную сістэму адукацыі крытыкуюць многія — журналісты, бацькі, самі настаўнікі, і каб дасягнуць узроўню фінскай сістэмы адукацыі, нам яшчэ трэба доўга рухацца наперад, прыкладаючы шматлікія намаганні. Аднак, слухаючы Кары Лаухівуоры, мне падалося, што сістэмы адукацыі Фінляндыі і Беларусі ў многім падобныя і што мы ідзём у правільным кірунку. Многае ў нашым поспеху, калі не ўсё, залежыць ад кожнага канкрэтнага настаўніка, які ў сваім класе на сваім уроку майстар, творца і рэжысёр, не заціснуты ніякімі межамі. І ў беларускіх педагогаў ёсць знаходкі і напрацоўкі, якімі яны могуць падзяліцца з фінскімі калегамі. Ім у нас, пераканана, таксама ёсць чаму павучыцца.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.