Фестываль дваровых гульняў

- 12:22Міншчына, Прэс-тур

У сацыяльных сетках актыўна “вандруе” карціна, на якой адлюстраваны зімовы двор гарадскіх шматпавярховак. Нехта лепіць снегавіка, нехта катаецца на санках, каньках і лыжах, нехта выгульвае сабаку, нехта кідаецца снежкамі — адным словам, народу столькі, што няма дзе і яблыку ўпасці. І подпіс: “У горадзе адключылі інтэрнэт”. Жарты жартамі, аднак прыкладна такую ж сітуацыю (шмат людзей, якія заняты актыўнымі гульнямі) удзельнікі прэс-туру назіралі ў спартыўнай зале Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа. І справа не ў адсутнасці інтэрнэту, а ў наяўнасці ва ўстанове адукацыі багатага вопыту далучэння навучэнцаў да карыснага правядзення вольнага часу.

Добра знаёмыя нам з дзяцінства класікі, скачкі са скакалкай — у спартыўнай зале яблыку сапраўды не было дзе ўпасці. І як тут утрымацца, калі навокал гучыць вясёлы смех, калі дзясяткі навучэнцаў скачуць, прысядаюць, літаральна ўзлятаюць пад столь разам са скакалкай? Ну і няхай табе пад 40. Адчуць сябе 10-гадовай дзяўчынкай або хлопчыкам-гарэзам ніколі не позна. Журналісты “Настаўніцкай газеты”, як аказалася, не толькі выдатна валодаюць пяром, але і могуць паказаць майстар-клас па скачках са скакалкай або прайсці за рэкордны час усе этапы класікаў.

— Калі мы былі дзецьмі, таксама бавілі вольны час за гэтымі гульнямі. У выхадныя дні і падчас канікул часта ад раніцы да самай ночы знаходзіліся на свежым паветры. Гэтыя гульні былі вельмі папулярнымі. Для таго, каб цябе ўзялі ў гульню, трэба было выстаяць доўгую чаргу. Але ж якая была радасць разам з сябрамі скакаць і бегаць па вулачках старога горада або гуляць на яго ўскрайку дзе-небудзь на лузе! Мы з калегамі намагаемся выхаваць у вучняў любоў менавіта да гэтых гульняў. Такім чынам не толькі прапаноўваем дзецям актыўна і цікава правесці час, але і захоўваем пераемнасць пакаленняў. Гэта мы робім у рамках праекта “Фестываль дваровых гульняў”. Практычна на кожным уроку хоць некалькі хвілін адводзім для ўдасканальвання майстэрства ў класіках, скачках са скакалкай, іншых гульнях. У нас ёсць і свае рэкорды. Так, 20 чалавек могуць сінхронна скакаць праз скакалку 2—3 хвіліны. А гэта як мінімум 120 скачкоў, — расказвае аўтар праекта настаўнік фізічнага выхавання Уладзімір Вячаслававіч Ліпень.

Праходзячы каля навучэнцаў, якія з радасцю бегалі адно за адным па спартыўнай зале, мы прыветліва ўсміхаліся, і пры гэтым кожнаму хацелася гэтаксама скакаць, прысядаць, даганяць адно аднаго… Вось такім арыгінальным быў пачатак нашага знаёмства з багатым вопытам выхаваўчай работы Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа. Пра гэты вопыт больш падрабязна мы абавязкова раскажам у наступных нумарах нашага выдання.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.