Фестываль маленькіх “чамучак”

- 13:42Навіны рэгіёнаў

Станавіцца даследчыкам ніколі не рана — гэта штогод даказваюць маленькія ўдзельнікі абласнога фестывалю работ даследчага характару “Я – даследчык”. Сёлета ў фестывалі прынялі ўдзел 24 выхаванцы дашкольных устаноў ад 5 да 7 гадоў і 102 малодшыя школьнікі. Па традыцыі ўдзел у мерапрыемстве прынялі не толькі жыхары Мінскай вобласці, але і прадстаўнікі іншых рэгіёнаў Беларусі, Мінска і госці з Латвійскай Рэспублікі.

— Для самых юных разумнікаў і разумніц сталічнага рэгіёна такія мерапрыемствы абласнога ўзроўню праводзяцца з 2010 года, — расказвае рэктар Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Святлана Уладзіміраўна Сітнікава. — На Міншчыне ўдзяляецца асаблівая ўвага развіццю пазнавальнай цікавасці і даследчай актыўнасці дзяцей, стымуляванню іх інтарэсу да навуковых ведаў пачынаючы з дашкольнага ўзросту. У працэсе падрыхтоўкі да мерапрыемства ва ўсіх раёнах вобласці прайшлі фестывалі даследчых работ дашкольнікаў, фестывалі і конкурсы для вучняў пачатковай школы, дзе былі вызначаны найбольш цікавыя работы дзетак. Сёння мы рады вітаць юных даследчыкаў на абласным фестывалі.
Для ўсіх маленькіх вучоных здзейсненае даследаванне — гэта вялікае дасягненне, перамога, таму ніхто на фестывалі не застаўся без узнагароды, кожны атрымаў пасведчанне ўдзельніка, медаль і падарункі. Лепшыя работы, якія вызначалі члены экспертных груп, былі адзначаны спецыяльнымі дыпломамі.
Так, у секцыі “Прыродазнаўства (нежывая прырода)” спецыяльным дыпломам фестывалю была ўзнагароджана работа “Пяцібор’е: антысептыкі супраць мікробаў”, якую выканалі навучэнцы 4 класа сярэдняй школы № 3 Крупак Даніла і Мацвей Лебедзевы. Хлопчыкі вывучалі, як дзейнічаюць антысептыкі на бактэрыі. У якасці аб’ектаў даследавання яны выбралі тыя антысептыкі, якія ёсць у кожным доме (ёд, зялёнка, фурацылін, перакіс вадароду і марганцоўка), і склалі рэйтынг эфектыўнасці рэчываў. Нават калі ў вас шмат ранак — не хвалюйцеся, а лепш размалюйце сябе: і з бактэрыямі справіцеся, і ў маляванні папрактыкуецеся — да такой высновы прыйшлі юныя навукоўцы.
Таксама ў гэтай секцыі за дапытлівы погляд на навакольны свет былі адзначаны дыпломамі работы “Дажджавая і водаправодная вада” Ільі Глобуса, навучэнца 3 класа гімназіі № 1 Дзяржынска, “Маляўнічыя эксперыменты, або З чаго зрабіць фарбы для малявання?”, якую выканала Валерыя Панкова, навучэнка 4 класа Дзешчанскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Уздзенскага раёна, і “Падарунак ад пчолкі” Сінціі Ціма, навучэнкі 3 класа Скулцкай пачатковай школы Марупскага краю Латвіі.
Сваімі назіраннямі і вынікамі эксперыментаў падзяліліся ўдзельнікі секцыі “Прыродазнаўства (жывая прырода)”. Спецыяльным дыпломам фестывалю ў гэтай секцыі быў узнагароджаны навучэнец 4 класа Астрашыцка-Гарадоцкай сярэдняй школы Мінскага раёна Мікалай Лукашэнка. У сваёй даследчай рабоце хлопчык адказаў на пытанне, якое хвалюе сёння амаль усіх бацькоў, — “Як сябраваць з камп’ютарам і не сапсаваць зрок”. Юны даследчык звярнуў увагу на тое, што ўсе маніторы ўяўляюць пэўную небяспеку для зроку. Статыстыка сцвярджае, што штодзённая работа за камп’ютарам пагаршае зрок у сярэднім на адну дыёптрыю за год. Мікалай не толькі вывучыў прычыны развіцця камп’ютарнага зрокавага сіндрому, але і прапанаваў эфектыўны комплекс гімнастыкі для захавання зроку, які можна выкарыстоўваць у школе.
Таксама сярод даследчыкаў жывой прыроды былі адзначаны дыпломамі чацвёртакласнік Нёманскай сярэдняй школы імя І.Д.Гурскага Уздзенскага раёна Сяргей Клачко, які правёў даследаванне на тэму “У прыроды ёсць чаму павучыцца”, і Мікалай Урыцкі, навучэнец Нясвіжскай гімназіі, за работу “Карысныя сярод небяспечных”. Дарэчы, нягледзячы на тое, што Мікалай вучыцца толькі ў 2 класе, яго можна назваць старажылам фестывалю, бо дэбютаваў на ім хлопчык яшчэ ў дашкольным узросце.
У секцыі “Матэматыка. Фізіка. Тэхніка” першакласнік гімназіі № 1 Барысава Барамір Бялко-Епіфанаў проста ўразіў членаў экспертнай групы сваім глыбокім разуменнем электрамагнітнай прыроды цеплавога выпраменьвання, а таксама рэалізацыяй на практыцы розных спосабаў захавання цяпла з дапамогай адлюстравальнікаў інфрачырвоных хваль, якія ён прадэманстраваў, прадстаўляючы работу “Пастка для цяпла і холаду”. Разам з Барамірам у гэтай секцыі спецыяльнымі дыпломамі былі ўзнагароджаны чацвёртакласнік сярэдняй школы № 1 Нясвіжа Дзмітрый Еўтух за работу “Усё немагчымае магчыма” і Паўла Шчэрбіч, навучэнка 3 класа гімназіі Лагойска, якая прадставіла на суд экспертнай групы даследаванне “Малюнкі з сакрэтам”.
Дзмітрый Бялевіч, даследчык з Нясвіжскай гімназіі, які вучыцца ў 4 класе, не толькі ведае, што такое людвісарня, але і правёў спецыяльнае даследаванне аб стварэнні і дзейнасці людвісарні (ліцейнай майстэрні) у Нясвіжы, прааналізаваў станаўленне і развіццё ліцейнай вытворчасці ў горадзе, вывучыў інфармацыю пра выраб гармат і марцір з ХVI да пачатку ХХ стагоддзя. Вынікам работы хлопчыка стаў цікавы матэрыял, які можа быць выкарыстаны для правядзення тэматычных краязнаўчых экскурсій. Дзмітрый узнагароджаны спецыяльным дыпломам у секцыі “Гуманітарныя веды”. Таксама экспертная група секцыі адзначыла дыпломамі работы “Наш свет такі, як людзі мысляць” Ганны Крыловай, навучэнкі 4 класа Прывольненскай сярэдняй школы Мінскага раёна, “Аб чым можа расказаць запалкавая этыкетка?” Арцёма Мацкевіча, навучэнца 4 класа гімназіі № 10 Маладзечна, а таксама “Мы будзем шанаваць ваш подзвіг вечна”, якую выканаў Іван Панкратовіч, другакласнік сярэдняй школы № 2 Мар’інай Горкі Пухавіцкага раёна.
Дашкаляты парадавалі экспертаў не толькі сваімі даследаваннямі, але і цікавымі, шчырымі, яскравымі выступленнямі. Дарэчы, нават сярод самых маленькіх удзельнікаў фестывалю знайшліся вопытныя даследчыкі. Напрыклад, Хрысціна Халюта, выхаванка Шашкоўскага дзіцячага сада Стаўбцоўскага раёна, выступае на фестывалі ўжо другі раз. На даследаванне “Перадача інфармацыі: ці можна перадаць інфармацыю без слоў, каб цябе зразумелі” дзяўчынку натхніў любімы мультфільм пра Чабурашку. У ходзе эксперымента Хрысціна прыйшла да высновы, што перадаць інфармацыю на адлегласць з дапамогай мімікі і жэстаў немагчыма, а вось з дапамогай малюнкаў, карыстаючыся паслугамі паштовай сувязі, можна. Аднак самым зручным сучасным спосабам перадачы інфармацыі, па выніках даследавання дзяўчынкі, з’яўляецца інтэрнэт. “Кожны сучасны Кракадзіл Гена павінен мець персанальны камп’ютар!” — такую выснову агучыла Хрысціна.
Таксама малышы вывучалі шакалад і крухмал, малако і бульбу, паветра і магніты. Шукалі адказы на пытанні “Чаму самалёт лятае і не падае?”, “Навошта жывёлам хвост?”, “Куды ляціць паветраны шарык?”. І хоць гэта толькі першыя іх крокі ў навуку, усе дашкольнікі годна выступілі ў якасці даследчыкаў і паказалі, што яны валодаюць здольнасцямі назіраць, эксперыментаваць, бачыць праблемы, выказваць гіпотэзы, знаходзіць прычынна-выніковыя сувязі.
Акрамя экспертных груп кожнай секцыі, на фестывалі працавала яшчэ адна — маладзёжная экспертная група, у склад якой увайшлі студэнты УВА, якія яшчэ нядаўна былі ўдзельнікамі і пераможцамі міжнародных канферэнцый і даследчых конкурсаў. Маладзёжнае журы выбрала і ўзнагародзіла дзясятку лепшых, на свой погляд, работ.
Адкрытыя, абаяльныя, непасрэдныя і цікаўныя — такія яны, маленькія “чамучкі”. Ім цікава ўсё, што адбываецца навокал, яны задаюць мноства пытанняў і самі шукаюць адказы на іх, праводзяць эксперыменты і дзеляцца сваімі адкрыццямі. Яны зноў і зноў здзіўлялі сталых навукоўцаў глыбінёй сваіх ведаў, разнастайнасцю інтарэсаў і ўменнем бачыць незвычайнае ў звычайным. Нягледзячы на зусім юны ўзрост, кожны з іх можа па праву заявіць: “Я — даследчык”!

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.