10—11 мая фестываль педагагічнага майстэрства настаўнікаў і метадыстаў замежных моў Гродзенскай вобласці расчыніў свае дзверы для ўсіх зацікаўленых і матываваных. У гэтым годзе мерапрыемства адбылося ў сярэдняй школе №18 Гродна. Фарміраванне гатоўнасці вучняў да міжкультурных зносін — ключавое пытанне, адказы на якое педагогі спрабавалі знайсці сёлета. Дарэчы, абмяняцца вопытам настаўнікі Гродзеншчыны збіраюцца ўжо ў другі раз. І па словах І.Т.Каскевіч, метадыста Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, жаданне педагогаў і неабходнасць трансліраваць свой вопыт хутка ператвораць фестываль у добрую традыцыю.
На гэты раз на запрашэнне арганізатараў адгукнуліся і калегі з Брэста, Маладзечна, таксама сярод запрошаных былі спецыялісты з Германіі і Кітая: валанцёры, кансультанты і педагогі. Яны, актыўныя ўдзельнікі фестывалю, вельмі ўхвальна адгукаліся аб методыцы выкладання замежнай мовы ў беларускай школе, а распрацоўкі гродзенскіх педагогаў выклікалі вялікую цікавасць.
Два дні фестывалю — гэта займальныя майстар-класы ад лепшых настаўнікаў і метадыстаў вобласці, прэзентацыя вопыту работы педагогаў і ўстаноў адукацыі, прэзентацыі дзейнасці рэсурсных цэнтраў, урокі для дарослых, выступленні тэатральных і музычных калектываў гродзенскіх школ.
Педагогі — удзельнікі фестывалю пагадзіліся, што вынік гэтага мерапрыемства вельмі важны для ўсіх, хто выкладае і вывучае замежныя мовы, бо галоўная мэта — знайсці самыя цікавыя і самыя сучасныя распрацоўкі і ўкараніць іх у сваю працу. Робячы акцэнт на важнасці мэты фестывалю, арганізатары не выключаюць павышэння яго статусу: ад абласнога да міжнароднага.
Наталля САВАСЦЬЯНІК,
метадыст замежных моў Ваўкавыскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета.