Філосаф Ігар МАМЫКІН: “Акравершы могуць стаць добрымі спецыямі да сур’ёзных філасофскіх страў…”

Наш сённяшні герой рубрыкі “Суботні госць”, кандыдат філасофскіх навук, да нядаўняга часу дацэнт Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, дзе ён шмат гадоў выкладаў спецкурсы па філасофіі, Ігар Мамыкін згодзен, што філасофія — гэта адзін з самых складаных вучэбных прадметаў.

Такія яе вартасці, як абстракцыі на найвышэйшым узроўні, багацце канцэпцый, што цэніцца ў асяроддзі прафесіяналаў, становяцца сур’ёзнымі перашкодамі на шляху тых, хто ўпершыню пачынае яе вывучаць. Пры гэтым пазбавіць студэнта або школьніка, які пачынае вывучаць азы філасофіі, ад разумовага напружання проста немагчыма, як, скажам, немагчыма атлета пазбавіць мускульнага напружання. Але можна і трэба, лічыць Ігар Пятровіч, зрабіць працэс навучання філасофіі дый некаторых іншых складаных прадметаў больш прадукцыйным і захапляльным за кошт метадычных прыёмаў, у аснове якіх ляжаць розныя віды пазнання. Напрыклад, у дадатак да навуковых такі від пазанавуковага пазнання, як мастацтва, якое, да таго ж, вырашае задачу фарміравання ўсебакова развітой асобы. І канкрэтна ў выпадку Ігара Мамыкіна такім сродкам, які, на яго думку, можа значна дапамагчы маладому чалавеку ў засваеннні прадмета “Філасофія”, можа стаць акраверш (разлічаны на зрокавае ўспрыманне верш, у якім пачатковыя літары радкоў, прачытаныя зверху ўніз, утвараюць якое-небудзь слова).

— Ігар Пятровіч, як вы прыйшлі да гэтага свайго метадычнага ноу-хау — вучыць філасофіі праз акравершы?

— Пачнём з таго, што гэта зусім не маё ноу-хау. Яшчэ нашы выдатныя суайчыннікі Францыск Скарына і Сімяон Полацкі, якія жылі стагоддзі назад, паспяхова практыкавалі гэты від паэзіі ў асветніцкіх мэтах, таму гаворка ідзе хутчэй не пра вынаходства абсалютна новага, а фактычна пра адраджэнне вядомага, хаця і прызабытага метадычнага прыёму і адаптацыю яго да ўмоў сучаснай школы ці ўніверсітэта.

Я закончыў у Гомелі Беларускі інстытут інжынераў чыгуначнага транспарту (сёння — Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту), потым працаваў нейкі час на розных мерапрыемствах, на транспарце, у Беларускім таварыстве вынаходнікаў і рацыяналізатараў. Паступіў у аспірантуру ў Інстытут філасофіі нашай акадэміі навук, дзе абараніў дысертацыю па праблемах тэхнічнай творчасці. І ўрэшце ўладкаваўся на працу ў Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі (сёння — Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт), дзе пачаў выкладаць філасофію. Шчыра кажучы, спачатку не ўсё ўдавалася ў плане выкладання, але мне пашанцавала, што на маім жыццёвым шляху сустрэўся вельмі моцны прафесіянал-метадыст Віктар Мітрафанавіч Пузікаў, які неяк адкрыта сказаў: “Методыкі вы не ведаеце, педагогікі вы не ведаеце, хіба што толькі навуку крыху ведаеце”. І вось так, метадам ад процілеглага, яму ўдалося мяне заразіць менавіта методыкай. Не ўсё пайшло адразу паспяхова, многія педагагічныя метады тады проста навязваліся выкладчыкам звыш, трэба было неяк прыстасоўвацца…

Тым не менш недзе ў апошнія гады застою і ў пачатку так званай перабудовы я неяк нечакана для сябе адкрыў, што ў інстытуцкім навучальным працэсе і ўвогуле ў нашым выкладчыцкім жыцці не хапае нейкага паэтычнага струменя. Прычым не адзін я гэта зразумеў. Рэдакцыя часопіса “Эканаміст” у тыя гады была проста завалена вершамі выкладчыкаў. Пісалі літаральна ўсе, нават тыя, хто займаўся інфарматыкай і іншымі выключна тэхнічнымі прадметамі.

Спачатку я напісаў некалькі, скажам так, звычайных вершаў, а потым вырашыў скласці пару вершаў у духу службовай паэзіі — такіх, якія маглі б працаваць непасрэдна на навучальны працэс. Напісаў іх, потым яшчэ і яшчэ. Так, у рэшце рэшт намацаў для сябе такую форму, як акраверш.

Ігар МАМЫКІН

               ГИПАТИЯ*
Гигантский ум. Кто с ней сравнится!
И красотой всех превзошла,
Платона лучшей ученицей
Александрия нарекла.
Теона дочь для нас бессмертна,
И полчищам врагов несметным
Ярчайший свет не превозмочь.

                   КАНТ
Кто к нам “вещь в себе” пристроил,
Антиномией пугал,
Нас сомненьем беспокоил?
Ты теперь его узнал?

             ГИПОТЕЗА
Где опыт жизни сбой дает
И есть в теории отказы,
Предположенье намекнет
О том, как факты склеить разом.
Тернист, капризен мысли путь,
Едва отличной от догадки.
Зато отбор оставит суть,
А в ней — теории зачатки.

              ПАРАДОКС
Прочь, привычка мыслить по шаблону,
Авторам безропотно внимать!
Разум в силах путь найти к закону,
Алогичность жизни постигать.
Догма склонна в духе Птолемея
Очевидность лицемерно чтить.
Кто же, как Коперник, не сробеет
Солнце в центре мира поместить?

           АЛГОРИТМ
Ал-Хорезми алгебру создал,
Логику совместно с ней возвысил.
Гениально связи угадал,
Он ввел нуль и понял свойства чисел.
Разум во стократ мощнее стал,
И нашел он правила решенья
Тех задач, что раньше избегал.
Множа числа, множим достиженья.

*Гіпа́тыя Александрыйская (ст.-грэч. Ὑπᾰτία ἡ Ἀλεξάνδρεῖα; 350—370 (?) — сакавік 415) — жанчына-вучоны грэчаскага паходжання, філосаф, матэматык, астраном. Выкладала ў Александрыі.

— Студэнты, калегі адразу гэта ўспрынялі?

— Не адразу. Спачатку было неразуменне, асабліва ў выкладчыкаў. Але яны адчулі, што ў гэтым нешта ёсць, пасля аднаго выпадку. У нас ствараўся факультэт маркетынгу, і ніхто не ведаў, як вымаўляць гэтае слова — з націскам на “а” або на “е”. Тады я напісаў акраверш “МАРКЕТЫНГ”, у якім у жартоўнай форме спрабаваў адказаць на пытанне аб вымаўленні.

А потым пачаў выкладаць спецкурсы “Асновы тэорыі творчасці” і “Асновы метадалогіі навуковых даследаванняў” і ў самым пачатку першага семестра вырашыў праз анкеты апытаць студэнтаў, што яны думаюць пра акравершы ў якасці методыкі. Амаль усе мяне падтрымалі, толькі адна дзяўчына напісала нешта накшталт: “Усё гэта добра, толькі я не разумею, навошта выпендрывацца. Для чаго гэта ўсё? Ужо можна і не чытаць падручнік?” Карацей, яна выступіла супраць нібыта вульгарызацыі методыкі, і я, дарэчы, быў вельмі ўдзячны ёй за крытыку — адзіную крытыку ў мой адрас, якая прымусіла мяне перагледзець некаторыя рэчы. Але было, безумоўна, і шмат студэнтаў, асабліва хто вучыўся па спецыяльнасці “Бізнес-камунікацыі” і меў справу непасрэдна са словам, якія вельмі зацікавіліся маімі акравершамі, самі актыўна займаліся літаратурнай творчасцю, спрабавалі друкавацца…

Скажам так, 80—90-я гады былі перыядам росквіту творчасці ва ўсіх сферах. А потым мы добра ведаем, што адбылося: камп’ютарныя тэхналогіі, інтэрнэт, тэсціраванне, павальнае захапленне шпаргалкамі, звядзенне на нішто вусных адказаў і г.д. Безумоўна, тая творчая хваля, у тым ліку што тычылася акравершаў як аднаго з метадаў навучання, згасла. Дарэчы, мне бачыцца тут вялікі парадокс: насуперак чаканням, калі думалася, што камп’ютар нас разгрузіць ад рэпрадуктыўнай працы і вызваліць час для заняткаў творчасцю, усё атрымалася з дакладнасцю да наадварот. Людзі, у прыватнасці, студэнты і нават выкладчыкі, яшчэ больш заўзята пачалі капіраваць чужыя думкі і тэксты, ні на хвіліну не сумняваючыся, што ўсё можна недзе ўзяць, знайсці ў гатовым выглядзе і не трэба напружвацца, каб стварыць сваё.

— І вы самі ў той час закінулі захапленне вучэбнымі акравершамі?

— Ды не. Наадварот, я ўсё больш паглыбляўся ў разуменне сутнасці акраверша, у прыватнасці, вучэбнага, тым больш што ў інтэрнэт-прасторы такая паэзія прадстаўлена вельмі шырока. Можа, хто і не ведае, але ў сетцы сёння можна за грошы заказаць акраверш на пэўнае імя, паняцце, з’яву і г.д.

— Да якіх канкрэтна высноў адносна вучэбных акравершаў вы прыйшлі з цягам часу?

— Я зразумеў многае. І тое, што тут абавязкова павінна дзейнічаць вядомае правіла “словам цесна, думкам прасторна”. І тое, што ўдасканаленне кампазіцый дазваляе ўзмацніць зрокавае ўражанне, адначасова падкрэсліўшы шматсэнсавасць зместу. І тое, што гэта патрабуе навыкаў удумлівага, павольнага чытання, нават разглядання тэксту, на што ў наш імклівы час усё больш і больш забываюцца, хаця мастацтва павольнага чытання проста неабходна чалавеку, калі гаворка ідзе пра афарыстыку, загадкі, самабытныя тэксты. І тое, што акраверш набывае дадатковую каштоўнасць, калі ўдаецца хаця б некаторыя ключавыя словы паставіць у пачатак радка. І тое, што акраверш часам дапускае супярэчнасці паміж назвай і зместам, а іншым разам назву спецыяльна можна апусціць, каб у самім вершы правесці схаваныя сэнсы. І тое, што вучэбны акраверш, прынамсі, пры вывучэнні філасофіі, здольны вырашаць многія задачы — ад выказвання свайго стаўлення да легендарных асоб да тлумачэння канкрэтных тэрмінаў, такіх, як гіпотэза, парадокс, алгарытм і інш. І тое, што перанос увагі на пачатак радка і пачатак слова па форме збліжае акраверш з навуковым слоўнікам, а ўласцівы паэзіі адрыў ад рэальнасці дазваляе вырашаць задачы, блізкія да навуковай абстракцыі. І тое, што акравершы наўпрост вядуць да так званых міжпрадметных сувязей (філасофіі і мовы, філасофіі і літаратуры, філасофіі і і гісторыі і г.д.), што можа вельмі спатрэбіцца асабліва ў сярэдняй школе.

Карацей, розных нюансаў і пераваг тут можна выявіць вельмі шмат.

З другога боку, безумоўна, не варта і празмерна гэтым захапляцца. Па-першае, не кожны чалавек ад прыроды здольны адчуваць паэзію, а многія наўмысна адварочваюцца ад яе, бо каштоўнасці сёння, як вядома, вельмі далёкія ад паэзіі. Па-другое, лаканічныя акравершы могуць проста адцягнуць увагу студэнта ад вялікіх тэкстаў, якія таксама неабходна вывучаць.

— І ўсё ж у чым вы бачыце самую вялікую карысць вучэбных акравершаў?

— Менавіта акравершы і іншыя адметныя паэтычныя формы, напрыклад, японскія хайку ці рубаі ў стылі Амара Хаяма, напісаныя з вучэбнымі мэтамі, здольны як бы падвесці студэнтаў да вялікіх навуковых тэкстаў, зацікавіць іх, расказаць даступна пра тое, што потым ужо будзе больш падрабязна раскрыта ў сур’ёзных “высакалобых” падручніках. Акравершы дазваляюць звязаць імёны і паняцці, уражанні і паняцці. Акравершы — гэта як спецыі ў нейкай страве. Соль, перчык, каляндра, кмен, гваздзіка, маяран, хрэн, карыца, ваніль… Усё гэта, безумоўна, ніколі не заменіць саму страву, але задзейнічае дадатковыя рэцэптары смаку, у нашым выпадку — рэсурсы мастацкага пазнання і магчымасці мовы. І па сваёй ёмкасці акравершы, дзе ўсё працуе па вертыкалі і па гарызанталі, ні з чым не параўнаюцца. Хіба што толькі з абрэвіятурамі, якія вельмі любяць маладыя людзі. БРСМ для іх — “будучыню Радзімы ствараць маладым”, БГЭУ — “будь готов этому учиться” і г.д. Дарэчы, у форме абрэвіятуры можна таксама падаваць і некаторыя паняцці і імёны з філасофіі, напрыклад, Ніцшэ, які вельмі цяжка даецца студэнтам. У рускім варыянце “НИЦШЕ: Н — нигилизм, И — иррационализм, Ц — ценности теории, Ш — Шопенгауэр и последователи, Е — Европы нерв”, якім лічыў сябе сам Фрыдрых Ніцшэ. Я гэта ўсё кажу, таму што мы часам гэтага не ўсведамляем, але словы самі цягнуцца да нас, самі апрацоўваюцца падчас іх выкарыстання. Насамрэч, практыка працуе на нас, трэба толькі прыгледзецца, заўважыць.

Хаця неабходна быць і вельмі асцярожным, бо і тыя ж акравершы, і абрэвіятуры хаваюць у сабе многа розных каверз. Памятаеце, як у апавяданні “Абарона Чыка” Фазіля Іскандэра выкладчык тлумачыў вучням, як пісаць часціцу “не” — разам ці асобна. І прапаноўваў для гэтага вывучыць верш. Але, каб яго вывучыць, неабходна было зрабіць больш намаганняў, чым для таго, каб вывучыць правіла з падручніка. Ніякі сродак не павінен падмяняць мэту. Дадатковымі рэсурсамі трэба распараджацца ўмела, сачыць за мовай, бо тут можна лёгка скаціцца і да бязглуздзіцы, як здарылася некалі ў нашым універсітэце: курс, які гучаў на рускай мове “Социально-политическая история движений ХХ века” скарачалі — “СПИД”.

— Ігар Пятровіч, ці цяжка сёння быць філосафам?

— Вельмі. Найперш таму, што мы з цяжкасцю ўяўляем сабе ўсю неабсяжную сучасную філасофію, яе сувязь з практыкай. А яшчэ таму, што ў нашай супольнасці філосафаў засталося вельмі мала лідараў. З ходу мог бы назваць хіба што толькі Вячаслава Сямёнавіча Сцёпіна, які лічыцца вядучым філосафам СНД. А яшчэ каго?.. Дый нават не згадаю.

Трэба шчыра сказаць: філасофія страціла свой ранейшы прэстыж, калі філосафы даказвалі, што могуць паспяхова працаваць у адміністрацыйных органах, на вытворчасці, не кажучы ўжо пра акадэмічныя інстытуты і вышэйшую школу. І наша задача — гэты прэстыж адрадзіць.

— А вас як філосафа якая філасофская праблема найбольш хвалюе?

— Праблема творчасці ў самым шырокім сэнсе — творчасці для чалавека, творчасці для грамадства… На жаль, важнасць гэтай праблемы апошнім часам стала недаацэньвацца і па нейкім непаразуменні выцясняцца праблемай інавацыі, маўляў, творчасць ужо не модная, а модная менавіта інавацыя. І вельмі шкада, што нават сам тэрмін “творчасць” незваротна сыходзіць са слоўнікаў, з навуковых тэкстаў. У бібліятэках на паліцах сіратліва стаяць кніжкі, якімі раней зачытваліся, якія ўмомант расхопліваліся. Забыты імёны вялікіх аўтараў, што даследавалі праблемы творчасці. Але ж гэта фактычна адно і тое ж: творчасць — развіццё — інавацыя. Без творчасці не будзе ніякага развіцця і ніякіх інавацый.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *