Фінансавая алімпіяда

- 10:59Навіны рэгіёнаў

“Мудры чалавек трымае грошы ў галаве, а не ў сэрцы”, — сказаў некалі Джонатан Свіфт. І паспрачацца з пісьменнікам складана. Сёння навучэнцы і бацькі разумеюць, што фінансавая дасведчанасць — гэта магчымасць абдумана і рацыянальна прымаць рашэнні ў сітуацыях, звязаных з грашыма. Раздзяляюць гэты погляд на жыццё і ўдзельнікі алімпіяды па фінансавай дасведчанасці, яны ўмеюць лічыць грошы і адносіцца да іх стрымана і спакойна.

64 юнакі і дзяўчыны сталі ўдзельнікамі абласнога этапу Рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай дасведчанасці сярод навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Гэта прадстаўнікі ўсіх раёнаў Мінскай вобласці. Алімпіяда ў нашай краіне праводзіцца трэці раз і выклікае ўсё большую зацікаўленасць сярод дзяцей. Сёлета ў раённым этапе на Міншчыне бралі ўдзел 546 навучэнцаў з 214 устаноў адукацыі.

— Алімпіядныя заданні даволі складаныя. Гэта і тэсты, і пытанні, якія патрабуюць разгорнутага адказу. Каб справіцца з імі, дзеці павінны мець разнастайныя веды аб фінансавай дзейнасці, быць знаёмымі з банкаўскай структурай, грашовай палітыкай, умець рашаць матэматычныя задачы, звязаныя з фінансамі, — расказвае Марына Аляксееўна Краснова, прарэктар па навукова-метадычнай рабоце МАІРА. — Гэтыя веды будуць карысныя для дзяцей, дапамогуць ім паспяхова будаваць сваю будучыню.

У Мінскай вобласці праводзіцца мэтанакіраваная работа па папулярызацыі ведаў у галіне фінансаў, развіцці фінансавай культуры і ўмацаванні фінансавай дысцыпліны навучэнцаў. Асобных урокаў па фінансавай дасведчанасці няма, але ў дапамогу дзецям ва ўстановах адукацыі адкрываюцца навучэнскія бізнес-кампаніі, якія пазіцыяніруюцца як элемент эканамічнай адукацыі. У школах, дзе ёсць такія кампаніі, арганізоўваюцца факультатывы эканамічнай накіраванасці. Акрамя таго, настаўнікам рэкамендуецца ўключаць заданні па фінансавай дасведчанасці ў працэс навучання розным прадметам, такім як, напрыклад, матэматыка, гісторыя, грамадазнаўства. Такая работа дае плён — у мінулым годзе навучэнка гімназіі № 1 Валожына Ксенія Барахоўская атрымала дыплом ІІІ ступені на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай дасведчанасці.

Сёлета пераможцам абласнога этапу алімпіяды стаў Іван Ануфрэенак, навучэнец вілейскай гімназіі № 2. Другое месца заняў Аляксандр Траян, які вучыцца ў гімназіі № 7 Маладзечна. Дыплом ІІІ ступені ў Міхаіла Галубіхіна, вучня сярэдняй школы № 2 Чэрвеня. У хуткім часе дзеці прадставяць цэнтральны рэгіён на заключным этапе алімпіяды.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.