Фінансавы ўрок на запас

- 11:49Адукацыйныя праекты

У Гродзенскай вобласці дадзены старт рэспубліканскай акцыі “Твае першыя фінансы”. Аднымі з першых да яе далучыліся пяцікласнікі гімназіі № 5 абласнога цэнтра.

Яшчэ ў 2007 годзе “Белаграпрамбанк” ажыццявіў “Дзіцячую зберагальную праграму “Расці вялікі!”, дзякуючы якой кліентам банка можа стаць кожнае дзіця любога ўзросту. І ўжо чацвёрты год “Белаграпрамбанк” разам з Нацыянальным банкам і Міністэрствам адукацыі праводзіць акцыю “Твае першыя фінансы”.

Гасцямі гімназістаў у гэты дзень былі намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Вольга Суворава, начальнік эканамічнага ўпраўлення галоўнага ўпраўлення Нацыянальнага банка па Гродзенскай вобласці Таццяна Нікалайчук, намеснік начальніка Гродзенскага філіяла ААТ “Белаграпрамбанк” Андрэй Гайдукевіч і, канечне, казачны персанаж Агрык, які суправаджае ўсе святочныя мерапрыемствы для дзяцей і з’яўляецца своеасаблівым талісманам акцыі.

Госці пажадалі дзецям атрымаць добрыя веды не толькі па школьных прадметах, але і ў галіне фінансаў. А дапамогуць у гэтым урокі, якія будуць праводзіць спецыялісты банка, і падарункі — кнігі казак “Твае першыя фiнансы”. Дарэчы, класныя кіраўнікі 5-х класаў таксама атрымалі ад “Белаграпрамбанка” дапаможны матэрыял для далейшай работы з навучэнцамі.

Як расказаў А.І.Гайдукевіч, па ўсёй краіне такія падарункі атрымаюць каля 100 тысяч школьнікаў. “Твае першыя фiнансы” ў займальнай форме раскажуць дзецям аб тым, што такое грашовыя сродкі, банк і банкаўская плацёжная картка, уклад і крэдыт, як правільна распараджацца грашыма, каб не толькі іх зберагчы, але і прымножыць. Начальнік цэнтра дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Людміла Мячына дадала, што ў Гродзенскай вобласці школьнікі актыўна ўдзельнічаюць у алімпіядзе па фінансавай дасведчанасці, што дэманструе іх зацікаўленасць гэтым пытаннем.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.