Фізіка вакол нас

- 14:37Адукацыйная прастора

“Галоўная задача сучаснага педагога — навучыць кожнае дзіця за кароткі прамежак часу асвойваць, пераўтвараць і выкарыстоўваць у практычнай дзейнасці велізарны паток інфармацыі. З дапамогай крэйды і дошкі арганізаваць навучанне падлеткаў, якія жывуць у свеце камп’ютарных тэхналогій і часам разбіраюцца ў іх значна лепш за настаўнікаў, ужо не атрымаецца. Сучасныя дзеці — гэта дзеці дынамічнай інфармацыі, якая з экрана манітора, праектара або тэлевізара ўспрымаецца імі намнога лепш, чым кніжная”, — упэўнена настаўніца фізікі кіраўнік метадычнага аб’яднання настаўнікаў прыродазнаўчых дысцыплін сталічнай гімназіі № 27 Кацярына Уладзіміраўна Сарока.

Кацярына Уладзіміраўна працуе ў гімназіі 21 год. Успамінае, што з першых гадоў у прафесіі з ахвотай асвойвала сучасныя тэхналогіі. За гэты час настаўніца пераканалася, што правільна пабудаваць педагагічную дзейнасць дапамагае спалучэнне традыцыйных метадаў навучання і сучасных інфармацыйных тэхналогій. Гэта дазваляе зрабіць адукацыйны працэс мабільным, строга дыферэнцыраваным і індывідуальным.

Дапрофільная падрыхтоўка: ад прэзентацый да крыжаванак

Галоўнымі мэтамі навучання фізіцы ў 7—9 класах Кацярына Уладзіміраўна бачыць развіццё і павышэнне цікавасці дзяцей да прадмета. Менавіта прымяненне ІКТ робіць урокі педагога нетрадыцыйнымі, яркімі, насычанымі. “Навукоўцы сцвярджаюць, што ў памяці чалавека застаецца толькі адна чацвёртая частка пачутага матэрыялу, адна трэцяя частка ўбачанага, адна другая частка ўбачанага і пачутага, але тры чвэрці матэрыялу, калі вучні далучаны да актыўных дзеянняў падчас навучання”, — адзначае педагог. Кіруючыся гэтым прынцыпам, яна імкнецца да прымянення камп’ютарных тэхналогій на любым этапе ўрока: пры вывучэнні новага матэрыялу, на этапе замацавання, абагульнення, падчас паўтарэння тэмы.

“Пры вывучэнні новай тэмы я праводжу вучэбныя заняткі-лекцыю. Тлумачэнне тэмы ўрока суправаджаю дэманстрацыяй слайдаў камп’ютарнай прэзентацыі і відэафрагментамі, якія дазваляюць акцэнтаваць увагу вучняў на значных момантах. Далучаю дзяцей да стварэння ўласных прэзентацый як справаздачы аб правядзенні доследу ў хатніх умовах ці відэа як выніку навукова-даследчай работы. Часта ўзнікаюць такія моманты, калі на занятках неабходна прадэманстраваць эксперымент, а я праводжу ўрок не ў кабінеце фізікі (у гімназіі адзін кабінет фізікі на трох настаўнікаў). Таму відэа здымаю напярэдадні, а падчас заняткаў дэманструю яго навучэнцам.

На ўроках-практыкумах для адпрацоўкі і замацавання ведаў вучняў выкарыстоўваю праграмы-трэнажоры для тэсціравання (тэставае асяроддзе “Дзесяцібальны маніторынг”, інструментальная праграмная абалонка HotPotatoes і інш.). Працуючы з трэнажорам, вучань бачыць вынік сваёй дзейнасці, але галоўнае, трэнажор спрыяе зваротнай сувязі паміж вучнем і настаўнікам. Менавіта такі фактар, як веданне вынікаў, дазваляе ўплываць на цікавасць вучня, а значыць, павышаць якасць навучання па фізіцы”, — расказвае настаўніца.

Нядаўна кабінет фізікі, у якім працуе настаўніца, быў аснашчаны новым абсталяваннем, дзякуючы чаму дэманстрацыя фізічнага эксперымента стала больш даступнай. Але, нягледзячы на тое, што жывы, наглядны вопыт не здольна замяніць ніякае відэа, многае праблематычна дэманстраваць у школьных умовах. Напрыклад, з’явы мікрасвету або працэсы, якія працякаюць вельмі хутка ці, наадварот, павольна. Электронныя сродкі навучання дапамагаюць не толькі стварыць мадэль такіх з’яў, але і дазваляюць змяніць умовы працэсу, пракруціць яго з аптымальнай для засваення хуткасцю. Навучэнцы Кацярыны Уладзіміраўны маюць магчымасць мяняць зыходныя параметры эксперымента, назіраць, як мяняецца ў выніку сама з’ява, аналізаваць убачанае, рабіць адпаведныя высновы, рабіць доследы па электрычнасці, не баючыся, што перагарыць які-небудзь прыбор, калі падаць на яго большае напружанне.

“На занятках кантролю і карэкцыі ведаў я карыстаюся праграмамі-тэстамі, з дапамогай HotPotatoes распрацоўваю электронныя крыжаванкі. Адказы можна заносіць непасрэдна ў ячэйкі крыжаванкі і адначасова правяраць іх. На этапе дапрофільнага навучання, асабліва ў 7—8 класах, люблю праводзіць заняткі з выкарыстаннем гульнявых тэхналогій — распрацоўваю дзелавыя гульні з гульнявым полем на інтэрактыўнай дошцы. А з дапамогай ЭСН “Відэазадачнік па фізіцы” ўводжу ў якасці элемента ўрока або факультатыўных заняткаў рашэнне эксперыментальных задач”, — працягвае настаўніца.

На ўроках фізікі часта ўзнікае неабходнасць работы з інтэрнэт-крыніцамі. На некаторых этапах заняткаў Кацярына Уладзіміраўна дазваляе вучням карыстацца ноўтбукамі, планшэтамі і нават тэлефонамі. Такім чынам пошук патрэбнай інфармацыі ажыццяўляецца хутчэй, чым з дапамогай падручніка.

“Падчас абагульнення і сістэматызацыі матэрыялу, а таксама ў даследчай дзейнасці вучні актыўна шукаюць неабходную інфармацыю ў інтэрнэце. Я даручаю ім пошук матэрыялаў пра сучасныя дасягненні ў пэўнай фізічнай галіне, — тлумачыць настаўніца. — Як правіла, школьнікі творча падыходзяць да пошуку інфармацыі і ў выніку часта захапляюцца праблемай, па якой збіралі звесткі. Гэта можа перарасці ў самастойнае даследаванне. Аднак варта звярнуць увагу на тое, што крыніцы для пошуку інфармацыі павінны быць праверанымі. Я раю сваім вучням карыстацца папулярным сайтам пра фундаментальную навуку elementy.ru”.

“Адкрытая” фізіка: інтэрактыўны эксперымент

На этапе профільнага навучання Кацярына Уладзіміраўна выкарыстоўвае тыя ж метады і сродкі ІКТ, але для вырашэння ўжо іншых задач: “Веды гімназістаў, якія вывучаюць мой прадмет на павышаным узроўні, кантралюю з дапамогай праграм-тэстаў. Яны дазваляюць хутка ацэньваць вынік працы, дакладна вызначыць тэмы, па якіх ёсць недахопы ў ведах. Сярод іх згаданы раней “Дзесяцібальны маніторынг”, а таксама “Урокі фізікі Кірыла і Мяфодзія” (165 тэстаў і праверачных заданняў па ўроках курса, экзамен па курсе) і многія іншыя.

Для падрыхтоўкі да ЦТ па фізіцы на ўроках і дадатковых занятках выкарыстоўваю праграмны комплекс “Фізіка. Падрыхтоўка да ЦТ”. Ён складаецца з 590 рознаўзроўневых тэставых заданняў з падрабязнымі рашэннямі і 560 заданняў з адказамі — для эфектыўнага і своечасовага самакантролю. Структура ЭСН дазваляе арганізаваць максімальна эфектыўную работу па любым з 14 прапанаваных раздзелаў.

На ўроках камп’ютарнага мадэлявання з дапамогай ЭСН “Адкрытая фізіка” і “Эксперыментальныя задачы лабараторнага фізічнага практыкуму” падчас эксперымента адначасова назіраем і за будовай адпаведных графічных залежнасцей. Значна прасцей наглядна паказаць, як цела рухаецца па акружнасці, выкарыстоўваючы мадэль “Рух па акружнасці з пастаяннай хуткасцю”, чым тлумачыць гэта пры дапамозе дошкі і крэйды.

Падобныя мадэлі ўяўляюць асаблівую каштоўнасць, бо навучэнцы звычайна адчуваюць вялікія цяжкасці пры пабудове і чытанні графікаў. Акрамя таго, яны скарачаюць час на руціннае, іншы раз неаднаразовае маляванне схем на дошцы. Гэта асабліва актуальна падчас падрыхтоўкі да ЦТ, дзе ёсць вялікая колькасць графічных задач.

Для падрыхтоўкі і ўдзелу вучняў 10—11 класаў у Міжнароднай усерасійскай інтэрнэт-алімпіядзе пад эгідай Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта разам з навучэнцамі актыўна выкарыстоўваю рэсурсы інтэрнэту”.

Выхад у інтэрнэт-прастору

За гады працы настаўніца назбірала дастатковую колькасць вучэбных і дадатковых матэрыялаў, таму ўзнікла неабходнась у іх сістэматызацыі. Так, Кацярына Уладзіміраўна стварыла блог “Фізіка вакол нас” (http://fizika-gymn27.blogspot.com.by).

Гэты інтэрнэт-рэсурс уяўляе сабой віртуальную прастору з пэўнай структурай. У раздзеле “Калегам” можна знайсці гіперспасылкі на нарматыўныя дакументы, распрацоўкі ўрокаў, прэзентацыі да ўрокаў і іншыя матэрыялы, прызначаныя для арганізацыйна-метадычнай дапамогі настаўнікам.

Наведваючы старонку “Навучэнцам”, любы школьнік можа прагледзець відэа ці анімацыю па вывучаным раней матэрыяле, патрэніравацца ў рашэнні самастойных або кантрольных работ па вывучанай тэме, азнаёміцца з заданнямі і рашэннямі тэарэтычнага і практычнага тураў розных этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы, а таксама патрэніравацца ў рашэнні задач, выйсці на сайты, дзе змяшчаецца інфармацыя аб міжнародных алімпіядах, конкурсах, турнірах, праверыць сваё веданне асноўных фізічных паняццяў і формул, разгадваючы крыжаванкі. Для будучых абітурыентаў Кацярына Уладзіміраўна стварыла ў блогу раздзел з парадамі, прафарыентацыйнымі тэстамі для правільнага выбару спецыяльнасці. Наведваючы старонку “Псіхалагічная падрыхтоўка да ЦТ”, вучні могуць перайсці да ўласнага блога педагога-псіхолага гімназіі і прыняць удзел ва ўроку-рэлаксацыі.

У раздзеле “Фізічны даведнік” матэрыял размешчаны ў выглядзе гіперспасылак, ён дапамагае карыстальнікам у штодзённай рабоце і вучобе. Там можна знайсці інтэрактыўны пераклад адзінак вымярэння, электронную “Фізічную энцыклапедыю” , топ-100 найважнейшых формул па фізіцы, інтэрактыўныя плакаты па фізіцы, андроід-дадатак “Поўны зборнік формул па фізіцы” і інш. У “Фізічнай лабараторыі” змяшчаюцца творчыя работы навучэнцаў: камп’ютарныя прэзентацыі і відэаролікі. Старонка “Вяршыні, якія мы заваявалі” дэманструе дасягненні вучняў у выглядзе дыпломаў на розных этапах Рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы і на міжнародных алімпіядах за мінулы год.

Дарэчы, значныя вынікі вучні Кацярыны Уладзіміраўны Сарокі паказваюць не толькі ў алімпіядным руху, але і падчас цэнтралізаванага тэсціравання. Так, у мінулым годзе з 10 выпускнікоў фізіка-матэматычнага профілю, якія здавалі ЦТ па фізіцы, 1 абітурыент паказаў абсалютны вынік, набраўшы 100 балаў, 4 абітурыенты — ад 90 да 99, 2 выпускнікі — ад 80 да 90, яшчэ двое — ад 60 да 70 і 1 чалавек — 50. 8 абітурыентаў з 10 паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы краіны на бясплатную форму навучання, 2 выпускнікі — на платную форму навучання.

Такія вынікі, па меркаванні педагога, магчымы дзякуючы прадуманаму рэгулярнаму выкарыстанню на ўроках інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій: “Толькі праз актыўнасць і захопленасць фарміруецца ўстойлівая матывацыя да вывучэння прадмета. Крытэрыі карысці ІКТ у адукацыі можна сфармуляваць проста: тая ці іншая вучэбная тэхналогія мэтазгодна тады, калі яна дазваляе атрымаць вынікі, якія нельга атрымаць без прымянення гэтай тэхналогіі”.

Алёна КРЫВЯНКОВА.
Фота аўтара.