Фізкультурны маветон

- 13:02Пункт погляду

Як вы ставіцеся да фізічнай культуры ва ўніверсітэце? Не, я не пра гульню за каманду факультэта ў футбол ці валейбол, не пра плаванне ў басейне або заняткі на сучасным стадыёне. І, канечне ж, не пра спартыўную залу, дзе можна заняцца модным кросфітам. Я пра тую фізкультуру, якая праходзіць у парках Горкага ці Чалюскінцаў.

Ці бачылі вы калі-небудзь гэтых гаротных студэнтаў, якія маршыруюць, хутка ходзяць або павольна бягуць па паркавых дарожках? Я бачыла. 

І не адзін раз. Больш за тое, такой студэнткай цяпер з’яўляецца мая дачка, ад якой я ўжо не раз чула гэтыя “радасныя” воклічы: “О, сёння зноў гэтая фізра! Зноў давядзецца, бегаючы, гуляць па парку”. 

Калі пачула гэта першы раз, то вельмі ­здзівілася, бо была пераканана, што такія заняткі фізкультурай даўно не праводзяцца. Гэтакі фізкультурны маветон. Мне здавалася, што перамены ва ўніверсітэцкім навучанні — больш прагрэсіўныя. Я была студэнткай крыху больш за 20 гадоў назад, і тады мы таксама, здаралася, займаліся ў парку. Але разам з тым, у нас былі заняткі на стадыёне і ў басейне. І, дарэчы, менавіта ва ўніверсітэцкім басейне мяне навучылі трымацца на вадзе і плаваць. 

Але паркавыя забегі дачкі сведчаць пра тое, што “воз і цяпер там”. Канечне, я стараюся яе падбадзёрваць “трывалымі студэнцкімі традыцыямі”. Маўляў, які ты студэнт, калі ў цябе не было фізры ў гарадскім парку? Як гэта ты не бегала крос у доўгім плашчы і на абцасах? Гэта ж так весела! Сапраўды, раз-другі гэта можа быць весела. І зусім не весела было ад апошняй навіны, якую днямі агучыла дачка: “Нам сказалі, што на вуліцы будзем займацца нават тады, калі мароз стукне”.

І на маё крыху з’едлівае, але ж разважлівае: “Ну, хоць паветрам падыхаеце”, сходу зрэагавала: “Ага. Асабліва, калі холадна і пад нагамі хлюпае ці слізка. Акрамя таго, туды ж яшчэ дабрацца трэба! Фактычна атрымліваецца марнаванне часу! 

А будзеш прагульваць — не здасі нарматывы і не атрымаеш залік. Няма заліку па фізкультуры — няма допуску да сесіі. Вось такая ў нас матывацыя”. І тут мая разважлівасць ушчэнт разбілася аб довады дачкі. 

Сапраўды, нашто тая фізкультура, калі яна не выклікае хоць нейкага пазітыўнага настрою? Калі не бадзёрыць, а раздражняе? Я не супраць фізічнага выхавання ва ўніверсітэце і поўнасцю раздзяляю меркаванні выкладчыкаў і трэнераў, якія пастаянна паўтараюць сваім студэнтам, што рухі цела развіваюць мозг чалавека, што ўніверсітэцкая праграма па фізічным выхаванні накіравана на поўнае развіццё асобы. І, безумоўна, студэнт павінен развівацца не толькі духоўна і інтэлектуальна, але і фізічна, для чаго рэкамендуецца рэгулярна займацца фізкультурай. 

Але ў любой справе поспеху можна дабіцца, калі рухацца насустрач адзін аднаму, а не ў розныя бакі. І ў пытанні з паркавай фізкультурай таксама ёсць рашэнне. Або стварайце адпаведныя ўмовы, або залічвайце ўсе тыя фізічныя актыўнасці, якімі студэнты займаюцца не толькі ў сценах універсітэта, але і за яго межамі. А вызвалены час можна выкарыстаць на рэалізацыю іншых карысных спраў і праектаў, якіх ва ўніверсітэтах шмат. Дарэчы, па меркаванні міністра адукацыі, паркавая фізкультура павінна адысці ў нябыт. Абсалютна згодна.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.