Flash in the night

- 14:30Культура

* * *

Не магу не напісаць гэтыя нататкі, бо той вечар зачапіў многае ў маёй душы — зачапіў найперш маё 16-гадовае юнацтва. А яшчэ тое, як гэтае юнацтва перадаецца па спадчыне сённяшнім нашым 14-гадовым дзецям… Кажу гэта, гледзячы не толькі на сваю 14-гадовую дачку, але і на іншых падлеткаў яе ўзрос­ту — іх нечым вабіць наша культура 80-х. Вяртаецца мода, а можа, вяртаецца нешта іншае.

У суботу, 3 чэрвеня, быў не толькі Дзень Мінска, але і Дзень Швецыі ў Мінску. Праграма шведскага свята дзякуючы Пасольству Швецыі ў Беларусі была вельмі насычанай: вулічныя тэатры, клоўны, паэты і паэтэсы… А на заканчэнне — канцэрт нашых NaviBand і культавай шведскай групы Secret Service (“Сакрэтная служба”), якая стварыла класіку сінці-попа еўрапейскай музыкі ў 80-х.

Мы даўно ўжо не выбіраліся на нейкія імпрэзы разам — з жонкай і дачкой. А тут раптам дачка Мілена не ўседзела: “Я пайду з вамі! Я хачу ўбачыць NaviBand ужывую!”

Рэч у тым, што на “разагрэве” ў Secret Service быў NaviBand, і менавіта NaviBand найбольш рэкламаваўся, афішыраваўся ў інтэрнэце, у сацыяльных сетках.

* * *

Перад тым, як ісці на канцэрт, Мілена сказала нам з Вольгай: “Я пабуду на NaviBand, а потым сустрэнуся з сяброўкамі, пагуляю ці адразу пайду дахаты, а вы ўжо глядзіце свой Secret Service”.

Мы, лагодныя бацькі, сказалі: “Добра”.

Шчыра кажучы, мы нават не думалі, што ля самай старажытнай царквы Мінска збярэцца столькі людзей; канцэртная пляцоўка была арганізавана на прыступках Канцэртнай залы “Мінск” — колішняй царквы Святога Духа ХVII стагоддзя. Было шмат людзей, пераважна падлеткаў… Мо і некалькі тысяч.

Але мы прабраліся ўсе ўтраіх — праз пах папкорну і цыгарэтнага дыму. Мы з Вольгай апынуліся недзе за метраў 30 ад сцэны. Мілена потым прабралася яшчэ далей — амаль што да самай сцэны, каб слухаць і фатаграфаваць свой любімы NaviBand.

Закаханыя адно ў аднаго Арцём Лук’яненка і Ксюша Жук адыгралі амаль га­дзіну для ўдзячных сталічных гледачоў: усё з лірычным прытанцоўваннем, усё з ласкавымі ўсмешкамі, усё са сваёй харызматыкай.

Натуральна, іх выступленне закончылася песняй “Гісторыя майго жыцця”. Гэта была гісторыя не толькі іх жыцця, Арцёма і Ксюшы, але і ўсяго трохтысячнага натоўпу, які глядзеў на іх і слухаў іх.

А потым была 10-хвілінная паўза… Усе чакалі выхаду Secret Service.

* * *

Ды не ўсе чакалі.

Многія падлеткі адразу пасля выступлення NaviBand кінуліся з натоўпу, бесцырымонна раскідваючы вакол сябе людзей, бесцырымонна выказваючы сваю пагарду да дзядкоў з гурта Secret Service.

Але дарма яны так да гэтых шведаў.

І тут трэба сказаць крыху слоў пра Secret Service.

Спачатку — з уласных душы і розуму, а пасля ўжо з інтэрнэту.

Усе ведаюць пра феномен поп-музыкі сярэдзіны 80-х — Modern Talking, Bad Boys Blue, Fancy… Але Secret Service былі крыху іншыя. Яны проста не былі папсовыя. Яны, як і Depeche Mode, былі гэтакім рокам сярод папсы 80-х.

Ведаеце, кім былі Secret Service для нас, старшакласнікаў 65-й мінскай сярэдняй школы ў канцы 80-х?

Secret Service… Гэтая назва ўжо сама па сабе нас заварожвала — “Сакрэтная служба”. Але мы ведалі тады, што гэта не КДБ, не Масад і не ФБР, што Secret Service працуе ў сэрцы кожнага з нас, закаханых.

Secret Service — гэта сакрэтная служба ў кожным юным закаханым чалавеку: ён спрабуе разгадаць сваю каханую, становіцца гэтакім спецагентам, намагаецца таемным чынам знайсці ў ёй свой сэнс, а калі хочаце, дык і падгледзець дзе-небудзь яе.

Secret Service — гэта калі ты прыносіш сабе касету з іх запісам 1985 года ад старшакласніка, якому яе прывёз нейкі дзядзька з Латвіі, падключаеш чужы магнітафон і перазапісваеш на сваю касету.

Secret Service — гэта калі на дыскатэцы ў школьнай спартзале ты спецыяльна чакаеш, калі скончыцца папса і пачнецца Secret Service, і тады падыходзіш да сваёй аднакласніцы, якую любіў з 5 класа, і спрабуеш з ёй станцаваць Ten O’Clock Postman, а на наступны дзень, пасля ўрока геаграфіі, яна табе скажа: “Дык ужо не 10 o’clock, Mister Postman! Ну, дык давай патанцуем на перапынку ў вестыбюлі!”

Secret Service — гэта калі ты сёння ўключаеш сваю высакаякасную гукапрайгравальную сістэму і слухаеш Flash in the night…

* * *

Хто ж яны, гэтыя шведы з Secret Service?

Усё пачалося ў пачатку 60-х, калі Ула Хокансан у 1963 годзе далучыўся да групы The Janglers у якасці саліста. Ула адразу заняў у групе пазіцыю лідара, і неўзабаве назва калектыву пачала ўжо гучаць як Ola & The Janglers.

У канцы 70-х з’явіўся першапраходзец Secret Service: асноўнымі творчымі партнёрамі Улы Хокансана сталі клавішнік Ульф Валберг і шведскі кампазітар Цім Норэл. Абодва, дарэчы, былі выкладчыкамі музыкі.

Сапраўдная зорка Secret Servicе на еўрапейскай сцэне запалілася ў 1979 годзе, а на наступны год еўрапейскі радыёэфір проста ўзарвала іх Ten O’Clock Postman.

Што цікава — з таго часу Secret Service ніколі не гралі ў аднолькавым стылі. Калі толькі ў сярэдзіне 80-х пачалі з’яўляцца электронныя інструменты, Secret Service адразу пачалі іх актыўна асвойваць. Легендарная песня Flash In The Night (“Успышка ўночы”) нарадзілася якраз падчас першых эксперыментаў з электроннай музыкай.

У 1984 годзе Secret Service запісалі альбом Jupiter Sign, аднайменная песня з якога “Знак Юпітэра” проста скарыла іх прыхільнікаў сваім загадкавым стыльным гучаннем, якое спалучала як электрагук, так і жывую скрыпку.

Апошні альбом Secret Service The Lost Box (“Страчаная скрынка”) выйшаў у 2012 годзе. Безумоўным хітом там была песня Different.

3 чэрвеня 2017 года Secret Service ў Мінску праспявалі Different.

Прыпеў гучаў: We are different! (“Мы розныя!”). Але Ула Хокансан спяваў паміж прыпевамі то We are so different! (Мы настолькі розныя!), то We are not different! (Мы не розныя, мы аднолькавыя!).

Я не падманваю: мая Мілена, як зачараваная, стаяла і падтанцоўвала на ўсім канцэрце Secret Service. І я бачыў такіх жа зачараваных іншых — 14-гадовых і 15-гадовых, распаласаваных у татуіроўках, з галовамі, афарбаванымі ў зялёнае і ў аранжавае… Я здзіўляўся: няўжо мая мода вяртаецца? Або Улу Хокансану ў свае 72 гады так удаецца завесці беларускіх падлеткаў?

Як і мяне, 44-гадовага…

* * *

Калі быў два гады назад у Фінляндыі, а гэта фактычна тая ж Швецыя, пераканаўся ў нейкім добразычлівым добрасуседстве скандынаўскіх народаў: мы любім увесь свет — і вы палюбіце нас…

Я не быў здзіўлены, што да пачатку канцэрта Secret Service да Свята-Духавай царквы пачыналі сцягвацца людзі ўжо ў маім узросце — 40-гадовыя мужчыны і жанчыны. Але я быў здзіўлены, што мая 14-гадовая Мілена і яе аднакласніцы, якія ў той жа вечар былі на канцэрце Secret Service, былі ў захапленні ад Улы Хокансана.

“Ну, ён такі класны!” — шчыра сказала мне мая дачка.

Я ведаю, чаму ён быў класным.

Па-першае, ён быў жывым. Не толькі песняром, але артыстам, які хадзіў і бегаў па сцэне. Мог парукацца з кожным, хто быў ля сцэны.

Па-другое, ён пры ўсім сваім узросце вельмі хораша спяваў. Ужывую. Я вельмі добра ведаю студыйныя гуказапісы Secret Service, каб не адрозніць іх ад жывога голасу Улы.

Па-трэцяе, усе сябры гурта Secret Service выпраменьвалі любоў… І яна адгукалася.

Good night, Minsk! I love you! You are really bedutiful. See you later! — сказаў Ула на развітанне сваім беларускім фанатам.

* * *

Калі ехалі ў бязлюдным тралебуйсе позна ўвечары дамоў, Мілена, утаропіўшыся ў свой тэлефон, пыталася ў мяне, як называліся асобныя песні Secret Service. Я ёй адказваў па-англійску — ёй трэба было ведаць, каб спампаваць іх на свой айфон.

А зараз прапаную вам азнаёміцца па-беларуску з тэкстамі некалькіх песень Secret Service, каб вы запэўніліся, што гэта не зусім папса.

Зусім не папса.

Flash in the night (Успышка ўночы)

Калі набліжалася дасвецце,

Усе мае надзеі здаваліся такімі нікчэмнымі,

Але гэтыя загадкавыя гукі смеху…

Святло твайго смеху зрынула наогул усё.

Я быў выратаваны ад тугі, ад самоты.

Твой твар, які я толькі крышку разгледзеў у цемрадзі ночы,

Твой абрыс у цемені ночы…

Гэта ўспышка ўночы.

У розныя поры года мы ўсе розныя,

Пазбаўляемся свайго імя.

Пазбаўляемся імя,

Але гэта — рана ад забытага імя.

Гэтая рана растварылася назаўжды,

у дажджы…

Але трэснула галінка,

Мільганула твая любімая загарэлая скура…

І зноў ты бачыш яе.

А ў ёй ты бачыш свой твар.

Успышка ўночы.

Мой адчай развеяны…

Твой твар, які ледзь бачу…

Гэта ўспышка ўночы!

Ten O’Clock Postman (Ужо дзесяць гадзін, паштальён!)

Паважаны паштальён,

Прынясіце мне яе пісьмо.

Зрабіце мне ўжо такую ласку!

Мы вельмі даўно рассталіся!

З таго часу, як мы з ёй рассталіся,

Паважаны паштальён,

Я не перастаю пакутаваць.

Хаджу па хаце туды-сюды,

Кусаю пазногці…

А адчуваю, што я знявечаны, што я асуджаны.

Але ведаю, нейкія пару гадзін —

І я атрымаю ад вас сваю пошту…

Ну навошта вы так марудзіце!

Яешня і грэнкі не лезуць у рот,

Кожны шоргат на вуліцы

Прымушае мяне здрыгвацца ля акна…

Паважаны паштальён!

Прынясіце мне ад яе пісьмо…

Я памятаю, яна абяцала:

“Я напішу табе, толькі як выйду з самалёта”.

Мы не бачыліся ўжо столькі дзён!

“Прынясіце пісьмо ад яе, паштальён!”

А ў адказ цішыня…

Ні адзінага слоўца.

Пісьмо павінна прыйсці раніцай.

Інакш я звар’яцею.

Дык жа мінула ўжо 5 дзён!

Пісьмо яна паслала па паветры ці цягніком?

Але вось чую нейкі шум за дзвярыма…

Я спадзяюся, што гэта паштальён…

З пісьмом…

Ад яе.

Different (Розныя)

Я сачу за тваім ценем,

Злоўлены пад дажджом…

Мы — зламанае пакаленне,

Але якое жыве марай пра нешта.

Дарма.

Тады, калі яны заглушаць сваё святло,

Мы зведаем нармальныя пачуцці.

І мы будзем спадзявацца, што і іх сэрцы зажывуць,

Калі мы сёння ўвечары спусцімся на зямлю.

Мы розныя, мы розныя!

Гэта час чалавечай бездапаможнасці…

Але ж гэта і час, калі мы ўсе раскрываем свае сакрэты.

Мы — разам! Мы кажам “Гудбай!” адзінокім.

Мы ўсе вельмі розныя…

Розныя.

Розныя.

Розныя.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота БелТА.