Пачатак новага навучальнага года — час, калі варта нагадаць дзецям аб правілах бяспекі. Падчас летняга адпачынку яны выйшлі з прывычнага рэжыму і расслабіліся, так што настаў момант зноў сабрацца з думкамі і згадаць не толькі матэматычныя формулы, але і формулу бяспекі.
Педагогі і спецыялісты ДАІ, УУС і МНС з першых дзён верасня актывізавалі работу па прафілактыцы няшчасных выпадкаў сярод дзяцей — ва ўстановах адукацыі праводзіцца шэраг мерапрыемстваў, закліканых навучыць дзяцей бяспечным паводзінам. Ды і самі спецыялісты мабілізуюць сілы для актыўнай работы. Так, напрыклад, нядаўна адбыўся пазапланавы практычны абласны семінар-нарада ўпраўлення адукацыі і ўпраўлення ДАІ УУС Мінскага аблвыканкама.
Удзел у мерапрыемстве, што прайшло на базе Гатаўскай сярэдняй школы, бралі прадстаўнікі ўпраўлення ДАІ УУС Мінаблвыканкама, супрацоўнікі аддзелаў ДАІ і спецыялісты аддзелаў адукацыі ўсіх раёнаў Мінскай вобласці.
Міхаіл Акуліч, намеснік начальніка УДАІ УУС Мінаблвыканкама, адкрываючы нараду, акрэсліў асноўныя праблемы з бяспекай навучэнцаў, тыпавыя недахопы, якія сустракаюцца ва ўстановах адукацыі, спосабы і метады іх прадухілення. Больш падрабязна М.А.Акуліч расказаў аб арганізацыі бяспечных умоў на тэрыторыі школы і побач з установай на прыкладзе Гатаўскай сярэдняй школы, вакол якой прайшла невялікая “экскурсія”. Спецыялісты двух упраўленняў разгледзелі і абмеркавалі стан аварыйнасці з удзелам непаўналетніх на тэрыторыі Мінскай вобласці, прычыны і ўмовы здзяйснення ДТЗ, асаблівасці прафілактычнай работы ва ўстановах дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі.
Вопытам работы падзяліліся з калегамі прадстаўнікі Мінскага раёна і Жодзіна. Галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Мінскага райвыканкама Ілона Шалковіч расказала, што ў раёне работа па прафілактыцы дарожна-транспартных здарэнняў сярод непаўналетніх праводзіцца ў цесным супрацоўніцтве з аддзелам ДАІ Мінскага райвыканкама. Асабліва зацікавіў калег раённы праект “Бяспечны маршрут”, які рэалізуецца ў шосты школьны дзень. Раз на месяц у суботні дзень некалькі школ раёна арганізоўваюць тэматычныя мерапрыемствы, прысвечаныя прафілактыцы ДТЗ. У рамках праекта ладзяцца конкурсы малюнкаў, спартыўныя і інтэлектуальныя спаборніцтвы, гульнявыя праграмы, выступленні атрадаў юных інспектараў дарожнага руху, дэманстрацыя відэафільмаў і многае іншае. Кожная ўстанова да арганізацыі гэтых дзён падышла надзвычай творча. Школы наведвалі спецыялісты аддзела адукацыі і аддзела ДАІ. Яны не толькі бралі ўдзел у мерапрыемствах у рамках праекта, але і вывучалі вопыт розных устаноў адукацыі, каб у далейшым знаёміць з лепшымі напрацоўкамі ўвесь раён, а ў перспектыве і вобласць. У мінулым годзе мерапрыемствы прайшлі ва ўсіх установах агульнай сярэдняй адукацыі раёна. Работа па праекце не спынялася нават летам — на базе Ждановіцкай сярэдняй школы быў арганізаваны профільны лагер “Атрад асобага прызначэння”.
Праект “Бяспечны маршрут” будзе мець працяг і ў гэтым навучальным годзе. Праўда, з некаторымі змяненнямі — на мерапрыемствы ў школах будуць запрашаць дзяцей з суседніх устаноў дашкольнай адукацыі і ладзіць цікавыя і пазнавальныя актыўнасці і для самых маленькіх.
Інжынер па ахове працы Святлана Пугач прадставіла вопыт работы аддзела адукацыі, спорту і турызму Жодзінскага гарвыканкама. У горадзе на працягу гэтага года назіраецца станоўчая дынаміка па змяншэнні колькасці выпадкаў дзіцячага траўматызму. Падмуркам для гэтага стала сур’ёзная работа аддзела ў цесным супрацоўніцтве з ДАІ горада. Сёлета у Жодзіне былі абсталяваны дзве стаянкі для пасадкі і высадкі дзяцей — ля гімназіі № 1 горада і сярэдняй школы № 5. Турнікетныя агароджы з’явіліся ля сярэдняй школы № 6, Жодзінскай жаночай гімназіі і дзіцячага сада — сярэдняй школы № 1 імя П.І.Купрыянава. За год плённа папрацавалі над маршрутамі бяспекі — іх аднавілі ў адпаведнасці з актуальнай сітуацыяй ва ўсіх установах. Пашпарты бяспекі ў Жодзіне ёсць не толькі ў школах і гімназіях, але і ва ўсіх дашкольных установах адукацыі.
Значную ролю ў прафілактыцы дзіцячага траўматызму адыгрываюць цікавыя мерапрыемствы, што ладзяць у горадзе. Многія з іх праводзяцца на базе гімназіі № 1, бо на тэрыторыі ўстановы ёсць добра абсталяваны аўтагарадок, у якім нядаўна з’явіліся новыя знакі.
Апошнім часам асаблівую ўвагу падчас правядзення мерапрыемстваў звяртаюць на юных аматараў веласіпедаў і матацыклаў, бо гэтая катэгорыя ўдзельнікаў дарожнага руху нярэдка фігуруе ў трагічных паведамленнях аб ДТЗ. Зразумела, забараніць катацца на гэтых відах транспарту немагчыма, як і пазбавіць падлеткаў імкнення рызыкаваць. Але можна гэтае імкненне накіраваць у правільнае рэчышча — прапанаваць дзецям займаццавела- і мотаспортам і ўдзельнічаць у спаборніцтвах. У Жодзіне добрай традыцыяй становіцца правядзенне вела- і мотамарафонаў, спаборніцтваў па велатурызме і мотамнагабор’і. Асабліва спадабаўся дзецям мотамарафон, гасцямі якога сталі сапраўдныя байкеры. Дарэчы, усе гэтыя мерапрыемствы праходзяць у адкрытым фармаце, жодзінцы з задавальненнем запрашаюць да сябе ўсіх жадаючых дзяцей з іншых рэгіёнаў.
На семінары-нарадзе ўсе спецыялісты сышліся ў агульным меркаванні, што гатовы прыкласці максімум намаганняў, каб захаваць жыццё і гарантаваць бяспеку дзяцей, бо гэта — галоўная задача, што стаіць перад дарослымі.
Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.