“FORTE — БДУІР” новы брэнд навуковай і ІТ-прадукцыі за мяжой

- 10:54Апошнія запісы, Вышэйшая школа, Рознае

Працягваецца плённае супрацоўніцтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі з амерыканскай кампаніяй FORTE Knowledge Ілінойскай тэхналагічнай асацыяцыі (ІТА). Так, год назад у БДУІР пачаў работу Міжнародны вучэбна-навуковы цэнтр Android Software Center, а сёння ўжо ідзе гаворка аб стварэнні Міжнароднага навукова-вытворчага цэнтра “FORTE — БДУІР”.

На сустрэчы з прэзідэнтам кампаніі FORTE Knowledge Сцівам Крэйніным рэктар БДУІР Міхаіл Батура адзначыў, што ва ўніверсітэце вельмі задаволены супрацоўніцтвам. За год у Android Software Center прайшлі навучанне каля 200 студэнтаў, і звыш 70 з іх атрымалі сертыфікаты Ілінойскай тэхналагічнай асацыяцыі.
“Гэта вельмі сур’ёзнае пацвярджэнне высокай кваліфікацыі студэнтаў БДУІР — будучых спецыялістаў, — заўважыў Міхаіл Паўлавіч. — Безумоўна, наяўнасць такіх сертыфікатаў дае нашым выпускнікам істотныя перавагі на рынку працы”.
Дарэчы, зараз вядзецца чарговы набор студэнтаў у Android Software Center. На працягу паўгода яны будуць вывучаць аперацыйныя сістэмы Android, IOS і інш. Таксама адкрываецца дадатковы клас па JavaScript і іншых FrontЕnd-тэхналогіях, якія зараз надзвычай запатрабаваныя. У Android Software Center пільна адсочваюцца ўсе тэндэнцыі рынку, і вучэбныя праграмы ствараюцца ў адпаведнасці з самымі сучаснымі патрабаваннямі. Адметна, што навучанне ў цэнтры бясплатнае.
Што да Міжнароднага навукова-вытворчага цэнтра “FORTE — БДУІР”, які зараз ствараецца, то там студэнты змогуць удзельнічаць у выкананні ўжо рэальных праектаў. Універсітэт выдзеліць пад гэты цэнтр адпаведныя плошчы, а кампанія FORTE абяцае забяспечыць яго неабходным абсталяваннем (дарэчы, у абсталяванне Android Software Center Ілінойская тэхналагічная асацыяцыя інвесціравала каля $40 тысяч).
Як адзначыў прэзідэнт кампаніі FORTE Knowledge Сціў Крэйнін, у БДУІР будзе прыцягвацца вялікая колькасць праектаў не толькі з Ілінойскай тэхналагічнай асацыяцыі, але і з іншых буйных кампаній ЗША. У прыватнасці, значную зацікаўленасць праяўляе найбуйнейшая кампанія Чыкага “1871” (дарэчы, гэта год вялікага пажару, пасля чаго горад пачаў новае адраджэнне). Сёння “1871” аб’ядноўвае каля 600 стартапаў. І яшчэ цэлы шэраг кампаній гатовы перадаваць свае праекты ў БДУІР для хуткай і якаснай рэалізацыі.
Сёння ў кампаніі FORTE Knowledge ёсць людзі, якія непасрэдна курыруюць супрацоўніцтва з БДУІР, і распрацавана канкрэтная праграма дзеянняў. Таму ў цэнтра “FORTE — БДУІР” ёсць усе перадумовы, каб заявіць пра сябе на міжнародным узроўні.
“Мы бачым вялікую карысць у тым, што студэнты і супрацоўнікі нашага ўніверсітэта будуць удзельнічаць у цікавых міжнародных праектах, — адзначыў Міхаіл Батура. — Наш партнёр — кампанія FORTE, якая працуе на тэрыторыі ЗША, — будзе знаходзіць для нас адпаведныя заказы. Такім чынам, студэнты і супрацоўнікі змогуць не толькі выконваць цікавую работу і атрымліваць за гэта грошы. Дзякуючы цэнтру “FORTE — БДУІР” мы зможам рыхтаваць ІТ-спецыялістаў яшчэ больш высокага ўзроўню”.
Сціў Крэйнін паведаміў, што перад адкрыццём цэнтра “FORTE — БДУІР” яго кампанія арганізуе маштабную піяр-кампанію па прыцягненні праектаў. “Унікальнасць цэнтра ў тым, што праекты будуць выконваць студэнты, а значыць, яны будуць эканамічна выгаднымі для кампаній. Прычым мы заяўляем, што тут могуць вырашацца не толькі прыкладныя, але і навуковыя задачы, а гэта дапаможа кампаніям эксперыментаваць”, — адзначыў Сціў Крэйнін.
Вельмі важна, што прадукт, створаны мінскімі студэнтамі, будзе рэалізоўвацца пад брэндам “FORTE — БДУІР”. Для Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, які вядомы ў свеце перш за ўсё высокай якасцю падрыхтоўкі кадраў, гэта сур’ёзная заяўка на тое, каб заняць заўважнае месца яшчэ і на рынку ІТ-паслуг.

Галіна СІДАРОВІЧ.