Франтавыя радкі на льняных старонках

- 11:41Адукацыйная прастора

Дэпутаты маладзёжнага парламента пры Навагрудскім раённым Савеце дэпутатаў прапанавалі свой погляд даследавання, вывучэння і ўшанавання гераічнага подзвігу жыхароў сваёй малой радзімы праз праект “Памяць Перамогі”.

Мэта праекта — праз творчасць павысіць цікавасць навучэнцаў да гераічнага мінулага сваёй малой радзімы. Ідэю падтрымалі Навагрудскі райвыканкам, Навагрудскі раённы Савет дэпутатаў, аддзел адукацыі, спорту і турызму Навагрудскага райвыканкама, Навагрудскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі.

Школьнікі Навагрудскага раёна разам з настаўнікамі, педагогамі Навагрудскага раённага ЦТДіМ, бацькамі стварылі сваімі рукамі кнігу, у якой злучылася ваенная гісторыя лёсаў навагрудчан. Для гэтага актывісты вывучалі франтавыя лісты, якія захоўваюцца ў школьных музеях, гісторыка-краязнаўчым музеі Навагрудка, асабістых архівах жыхароў раёна. У выніку сумеснай працы атрымалася інтэрактыўная выстава “Памяць Перамогі”, якая складаецца з рукатворнай кнігі і дзіцячых малюнкаў, а таксама электроннага дадатку.

Франтавыя радкі з лістоў-трохвугольнікаў вышыты на льняных старонках. Ілюстрацыямі да кнігі з’яўляюцца 22 сімвалічныя дзіцячыя малюнкі. Частка з іх выканана чорным колерам і адлюстроўвае падзеі ваеннага жыцця, астатнія малюнкі каляровыя. На іх увасоблены каштоўнасці дзяцей і моладзі: сям’я, бацькоўскі дом, мірнае неба, родны горад і г.д.

Падчас святочных мерапрыемстваў, прысвечаных Дню Перамогі, юныя парламентарыі ўпершыню прадставілі праект “Памяць Перамогі” жыхарам горада. Працягам праекта стане эстафета “Памяць”, прысвечаная Году малой радзімы, падчас якой кніга пабывае ў кожным населеным пункце Навагрудскага раёна. У дзень вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў яна будзе экспанавацца ў раённай бібліятэцы, а потым у школьных музеях, каб як мага больш людзей пранікліся ідэяй праекта.

Актывісты стварылі блог (спасылка — на афіцыйным сайце Навагрудскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі), у якім запрашаюць далучыцца да праекта, знайсці як мага больш франтавых лістоў, якія нясуць у сабе частку гісторыі, і стварыць музей франтавога пісьма.

Святлана КРЫНСКАЯ,
загадчыца вучэбна-метадычнага кабінета Навагрудскага раённага ЦТДіМ.