Міністэрства адукацыі робіць сур’ёзны ўклад у развіццё нацыянальнай навукова-інавацыйнай сістэмы. Установы вышэйшай адукацыі і арганізацыі міністэрства выконваюць навуковыя даследаванні па шырокім спектры напрамкаў, развіваюць навукова-вытворчую і інавацыйную інфраструктуру. Асаблівая ўвага ўдзяляецца прыцягненню ў навуку і інавацыйную дзейнасць маладых даследчыкаў.
Як паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення навукі і інавацыйнай дзейнасці Міністэрства адукацыі Віктар Ігаравіч Валасацікаў, у 2015 годзе міністэрства выступала дзяржзаказчыкам 692 (54,3%) заданняў па 12 дзяржаўных праграмах навуковых даследаванняў, выкананых падначаленымі ўніверсітэтамі. Пры гэтым больш за 42% заданняў выконваюцца сумесна з навуковымі арганізацыямі, падпарадкаванымі іншым органам кіравання, у тым ліку з арганізацыямі НАН Беларусі.
Штогод установы вышэйшай адукацыі выконваюць больш за 150 заданняў дзяржаўных, галіновых і рэгіянальных навукова-тэхнічных праграм.
У 2015 годзе за кошт сродкаў заказчыкаў па гаспадарчых дагаворах выкананы навукова-даследчыя і доследна-канструктарскія работы на 147,2 млрд рублёў, па міжнародных дагаворах і кантрактах — на 83,8 млрд рублёў. За гэты ж перыяд арганізацыі Міністэрства адукацыі атрымалі 188 патэнтаў на вынаходства і 54 патэнты на карысную мадэль.Высокі ўзровень правядзення фундаментальных даследаванняў пацвярджаецца вялікай колькасцю навуковых артыкулаў у часопісах з высокім імпакт-фактарам. Як адзначыў Віктар Ігаравіч, у рэйтынгу 10-ці самых цытуемых навуковых арганізацый краіны 6 — арганізацыі Міністэрства адукацыі: БДУ, НДІ фізіка-хімічных праблем БДУ, Нацыянальны навукова-вучэбны цэнтр фізікі часціц і высокіх энергій БДУ, Інстытут ядзерных праблем БДУ, БНТУ і БДУІР.
У 2015 годзе ўстановамі Міністэрства адукацыі выконвалася 7 інавацыйных праектаў, у тым ліку 3 праекты па арганізацыі дзейнасці і развіцці суб’ектаў інавацыйнай інфраструктуры. У выніку на базе БДУІР створаны навукова-канструктарскі цэнтр перспектыўных радыёэлектронных сістэм сантыметровага і міліметровага дыяпазонаў даўжынь хваль.
У выкананні праектаў дзяржаўнай праграмы інавацыйнага развіцця ў 2015 годзе ўдзельнічалі 73 маладыя вучоныя ўніверсітэтаў (у тым ліку 58 — у тэхнапарку “Палітэхнік”).
У рамках выканання інавацыйнага праекта пры падтрымцы Мінгарвыканкама мадэрнізавана вытворчасць фармацэўтычных субстанцый і лекавых сродкаў, якія адпавядаюць стандартам GMP. Пасля рэканструкцыі на прадпрыемстве “Унітэхпрам” БДУ адкрыты два вытворчыя ўчасткі: супрацьпухлінных субстанцый і лекавых сродкаў (“Цысплацэл”, “Тэмазаламід”, “Тэмадэкс”) і кардыятропнай субстанцыі (“Нітаргал”).
На сённяшні дзень ва ўстановах вышэйшай адукацыі Беларусі функцыянуе каля 260 навуковых школ, больш за 200 студэнцкіх навукова-даследчых лабараторый па шырокім спектры напрамкаў. У 2015 годзе 56,5 тысячы студэнтаў універсітэтаў Міністэрства адукацыі (44%) удзельнічалі ў навукова-даследчых работах.
Віктар Валасацікаў паведаміў, што ў 2015 годзе грантавую падтрымку Міністэрства адукацыі атрымалі 122 праекты. У XXI Рэспубліканскім конкурсе навуковых работ студэнтаў прынялі ўдзел 58 устаноў вышэйшай адукацыі і філіялаў, было прадстаўлена 3718 навуковых работ. Удзельнікамі конкурсу апублікавана каля 7 тысяч артыкулаў і больш за 5,5 тысячы тэзісаў дакладаў, прадстаўлена 104 дакументы інтэлектуальнай уласнасці, больш за 4,6 тысячы актаў укаранення (з іх каля 1300 — у вытворчасць).
Супрацоўнікамі ўстаноў Міністэрства адукацыі ў 2015 годзе абаронены 251 кандыдацкая і 21 доктарская дысертацыі, у аспірантуру прыняты 627 чалавек, у дактарантуру — 50 чалавек. 95 аспірантам прызначаны стыпендыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Створаны ўмовы для кар’ернага росту таленавітай моладзі. Ва ўніверсітэтах сістэмы Міністэрства адукацыі пасады дэкана факультэта займаюць 36 супрацоўнікаў да 40 гадоў (16,5%), а пасады загадчыка кафедры — 145 (15%).
У БДУ і БНТУ развіваюцца стартап-цэнтры, паспяхова працуе стартап-школа ПалесДУ. У лістападзе 2015 года на базе ПалесДУ Міністэрства адукацыі правяло I Рэспубліканскі форум маладзёжнага стартап-руху. Важная роля ў прыцягненні студэнцкай моладзі да навуковай і прадпрымальніцкай дзейнасці адводзіцца студэнцкім бізнес-інкубатарам, што функцыянуюць у БДУІР і БДЭУ.
Адным з асноўных прыярытэтаў Міністэрства адукацыі з’яўляецца міжнародная дзейнасць. Падведамаснымі ўніверсітэтамі вядзецца работа ў рамках звыш 1820 міжнародных навуковых і навукова-тэхнічных дамоў з арганізацыямі 64 краін свету. Працуюць 12 сумесных цэнтраў міжнароднага навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва. У 2015 годзе экспарт навукова-тэхнічнай прадукцыі, работ, паслуг склаў $6,3 млн.
“Асноўнай задачай на 2016—2020 гады з’яўляецца стварэнне і развіццё пры ўніверсітэтах суб’ектаў інавацыйнай інфраструктуры, якія забяспечваюць выпуск навукаёмістай, высокатэхналагічнай прадукцыі на аснове вынікаў навукова-тэхнічнай дзейнасці ўніверсітэтаў і НДІ”, — адзначыў Віктар Ігаравіч Валасацікаў.
Падрыхтавала Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.