Галасы маладых за ўстойлівае развіццё

- 13:39Вышэйшая школа

У мінулую пятніцу, 25 верасня, у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка адбыўся фінал медыяфестывалю “Галасы маладых за ўстойлівае развіццё — 2020”. Усе лаўрэаты, а гэта 19 каманд з розных устаноў адукацыі краіны, атрымалі дыпломы і прызы ад офіса пастаяннага каардынатара ААН у Рэспубліцы Беларусь.

Як адзначыла гаспадыня фестывалю начальнік каардынацыйнага цэнтра “Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця” БДПУ Інеса Зубрыліна, фестываль стаў знакавым па некалькіх прычынах: 

— Па­першае, 25 верасня — гадавіна прыняцця Генеральнай Асамб­леяй выніковага дакумента саміту Арганізацыі Аб’яднаных Нацый “Пераўтварэнне нашага свету: парадак дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года”. І сёння мы ў прынцыпе не можам не гаварыць аб Мэтах устойлівага развіцця і ролі кожнага з нас у працэсе іх дасягнення.

Па­другое, гэтае мерапрыемства ўключана ў План мерапрыемстваў Савета па ўстойлівым развіцці на 2020—2021 гады, і гэты факт падкрэс­лівае яго асаблівую значнасць.

Па­трэцяе, медыяфестываль “Галасы маладых за ўстойлівае развіццё — 2020” з’яўляецца адным з этапаў маладзёжнай кампаніі “Насустрач будучыні, якую мы хочам”, прысвечанай 75­годдзю ААН.

Кіраўнік офіса Пастаяннага каардынатара ААН у нашай краіне Ягор Новікаў падкрэсліў, што сёння ў свеце адбываецца шмат розных падзей і з’яў, якія насамрэч тычацца кожнага. Міграцыя, змяненні клімату, эканамічныя змены. Каб вырашаць гэтыя праблемы глабальна, трэба пачынаць дзейнічаць лакальна.

— Сучасныя тэхналогіі  дазваля­юць нам быць разам і працаваць у сваіх супольнасцях лакальна. Кожны з нас у стане палепшыць свет у радыусе 2 метраў вакол сябе. Усе праблемы вырашаюцца праз змены паводзін людзей. Калі ААН пачынае новы праект, то ён абавязкова базіруецца на трыадзінай метадалогіі: веды — адносіны — прак­тыка. Найперш людзі павінны ўсвядоміць праблемнае пытанне, затым сфарміраваць да яго свае адносіны, якія выльюцца ў пэўную прак­тычную дзейнасць. Медыятэхналогіі дапамагаюць акрэсліваць і вырашаць лакальныя праблемы супольнасцей, што гэты медыяфестываль і дэманструе, — зазначыў Ягор Новікаў.

І яшчэ адна важная прычына лічыць пятнічную сустрэчу ў БДПУ  важнай: медыяфестываль ужо стаў традыцыяй, у нашай краіне ён праходзіць 12­ы раз. Такая сталасць з’яўляецца прыкметай устойлівасці, стабільнасці і надзейнасці.

Устойлівасць і стабільнасць прадэманстравалі і ўдзельнікі. Арганізатары атрымалі 43 заяўкі. Па выніках экспертнай ацэнкі 19 работ былі ўключаны ў плэйліст фіналу медыяфестывалю. Усе яны прадстаўлялі шырокі спектр маладзёжных ініцыятыў, рэалізаваных удзельнікамі ў сваіх мясцовых супольнасцях практычна па ўсёй краіне. Прадстаўнікі каманд і эксперты ў фінале медыяфестывалю маглі ўдзельнічаць асабіста і анлайн. У выніку былі выкарыстаны абедзве магчымасці.

У ролі экспертаў выступалі прадстаўнікі БДПУ, педагогі, члены асацыя­цыі “Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця”.

Што прадстаўлялі на суд экспертаў каманды? Гэта былі відэаролікі, дзе дэманстраваліся мясцовыя ініцыятывы школьнікаў і студэнтаў па паляпшэнні таго куточка, дзе яны вучацца і жывуць. Ролікі былі прадстаўлены ў наступных намінацыях:

“Мы — агенты ўстойлівых перамен”.

“Насустрач новай этыцы Зямлі”.

“Будучыня, якую мы хочам: ААН­75”.

“Клімат мяняецца. А ты?”.

“Раскажы пра Мэты ўстойлівага развіцця”.

“Беларусь інклюзіўная”.

Прадстаўлены відэакантэнт быў, зразумела, розным, але ўсіх аб’ядноўвала жаданне данесці карысную інфармацыю да іншых. А тут ужо ўсе сродкі з’яўляюцца працуючымі. У экспертаў была магчы­масць задаць прадстаўнікам каманд пытанні або зрабіць пэўныя каментарыі. Іншым разам завязвалася гарачая дыскусія.

У прыватнасці, калі паглядзелі ролік каманды сярэдняй школы № 40 Гродна “Будучыня, якую мы хочам”, то і эксперты, і гледачы адзначылі, што гэта выдатны фільм, які раскрывае тэмы, што хвалююць маладых людзей, — экалогіі, здаровага ладу жыцця, адукацыі на працягу ўсяго жыцця. У роліку цікавы тэхнічны падыход да падачы матэрыялу. Тэма добра раскрыта. А відэарад, прадстаўлены ў кліпе, дынамічны, яркі, адчуваецца ўключаны ўдзел аўтараў і ўдзельнікаў.

А вось якія водзывы атрымаў ролік “Шлях сапсаванай таб­леткі”, які прадстаўляла каманда сярэдняй школы № 3 Пінска: “Вельмі міла, нечакана, крэатыўна. Арыгінальная анімацыя. Раскрыццё тэмы ўтылізацыі адходаў. Ідэя выдатная! Рэалізацыя мультфільма з дапамогай арыгамі выдатная! Аднак не хапае самай дробязі. Трэба папрацаваць над голасам і тэкстам.

“Вельмі цікавы і просты падыход да вырашэння такой вялікай праблемы. Школа прэзентавала выдатны відэаматэрыял! Арганізатары і самі дзеці пастараліся, і вельмі разумна і дасведчана асвятлілі не толькі праблему выкарыстання пластыку, але і прадставілі тэму інклюзіі!

Выдатны прыклад уключэння навучэнцаў з інваліднасцю ў мясцовыя эка­ініцыятывы. Хацелася б на будучыню, каб вучні не выкарыстоўвалі цяжкадаступныя словы, а знайшлі больш простыя, для таго каб раска­заць пра сваё жыццё. У гэтым ім сапраўды патрэбна дапамога настаўніка”, — такую ацэнку далі эксперты роліку PLASTIK.NET, які прадстаўлялі вучні сярэдняй школы Краснаполля.

Актуальны праект “Мы супраць поліэтыленавых пакетаў” прадставілі вучні гімназіі Шчучына, але і тут эксперты не абышліся без заўваг: “Відэасюжэт змяшчае энергічны заклік. У аснове ляжыць рэальны праект. Пахвальна, што ініцыятыва выходзіць за межы школы.

Вось толькі пашытыя шматразовыя сумачкі лепш не прадаваць, а абменьваць у пакупнікоў на пластыкавыя пакеты з умовай, што цяпер менавіта з такімі сумачкамі яны заўсёды будуць хадзіць у магазін!

Пажадана ў відэароліку не пісаць пра тое, што вы збіраецеся прыцяг­нуць увагу мэтавай аўдыторыі, а якраз відэарадам прыцягваць гэтую ўвагу”.

Вынікі медыяфестывалю

Усе лаўрэаты медыяфестывалю (19 каманд) атрымалі дыпломы і прызы ад офіса пастаяннага каардынатара ААН у Рэспубліцы Беларусь.

Прыз сімпатый гледачоў па выніках галасавання атрымала каманда валанцёрскага атрада “Рука ў руцэ” Жамчужненскай сярэдняй школы за відэаролік “Цуд — гэта …” (https://youtu.be/25zErpS3bL4).

Спецыяльны прыз ад БДПУ імя Максіма Танка атрымаў студэнцкі савет факультэта педагогікі і псіхалогіі Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Спецыяльныя прызы ад Каардынацыйнага цэнтра “Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця” БДПУ атрымалі каманды:

— “Агенты сацыяльнай майстэрні” сярэдняй школы Краснаполля;

— “Экадзеці Палесся” сярэдняй школы № 3 Пінска;

— “Разам” сярэдняй школы № 40 Гродна;

— “Школа руплівых гаспадароў” сярэдняй школы № 12 Гродна.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.