Галасы сярэбранага веку

- 17:10Нам пішуць

Галасы паэтаў сярэбранага веку гучалі ў Гудагайскай сярэдняй школе Астравецкага раёна: ва ўстанове праходзілі мерапрыемствы, прысвечаныя паэтам сярэбранага стагоддзя — юбілярам 2017 года М.Цвятаевай, К.Бальмонту, І.Севяраніну, М.Валошыну, Чэрубіне дэ Габрыяк.

Актыўнымі ўдзельнікамі і натхняльнікамі мерапрыемстваў сталі навучэнцы 11 педагагічнага класа падчас правядзення Цвятаеўскага тыдня. Урок пазакласнага чытання “Па старонках цвятаеўскіх кніг” быў прымеркаваны да юбілею аўтара. Вучні захапіліся паэтычным светам выдатнай рускай паэтэсы Марыны Цвятаевай: з задавальненнем чыталі, аналізавалі і каменціравалі вершы, абменьваліся ўражаннямі.

Фонам для ўрока стала выстава малюнкаў юных мастакоў 7—9 класаў “Дзеці малююць вершы”. Здзівіў графічным малюнкам вучань 10 класа Дзяніс Юцкевіч: настолькі дакладна адлюстраваў рысы асобы, задуменны погляд, выпраўку паэтэсы, што, здавалася, М.Цвятаева сама пазіравала Дзянісу! Дзякуючы захопленасці настаўніка рускай мовы і літаратуры Святланы Станіславаўны Пілецкай паэзіяй М.Цвятаевай, мерапрыемства атрымалася цікавым, душэўным, эмацыянальным, а дзеці на высокім узроўні прадэманстравалі творчыя здольнасці.

Навучэнцы старшых класаў атрымалі задавальненне і ад чытання вершаў, якія прагучалі ў літаратурна-музычнай кампазіцыі па творчасці М.Цвятаевай “Маім вершам надыдзе свая чарга”. Але гучалі не толькі вершы: Аляксандр Жаўток пад гітару выканаў песні на вершы М.Цвятаевай. Для навучэнцаў і педагогаў у бібліятэцы была прадстаўлена кніжна-ілюстраваная выстава “Сярэбранага веку галасы». Кніжны шэраг, дапоўнены партрэтамі паэтаў-юбіляраў, суправаджаўся цытатамі з сачыненняў чытачоў-старшакласнікаў.

Жанна ЯНЦЭВІЧ,
намеснік дырэктара Гудагайскай сярэдняй школы Астравецкага раёна.