“Гальфстрым”: народжаны энергіяй не дзейнічаць не можа

- 15:07Адукацыйныя праекты, Рознае
Сталічная гімназія № 12 стала ўжо вядомай сярод беларускай моладзі і ў першую чаргу дзякуючы іх клубу ЮНЕСКА “Гальфстрым”. Гэта ўстанова стала калыскай для маштабнага праекта — міжнароднага фестывалю “Дыялог культур” і міжнароднай пляцоўкай для адточвання дыпламатычнага майстэрства падчас імітацыі работы Генеральнай Асамблеі ААН для беларускіх школьнікаў.
Пераўтварэнне дыялогу ў палілог

“Клуб “Гальфстрым” гімназіі № 12 Мінска — адзін з самых актыўных удзельнікаў нашай арганізацыі, — гаворыць старшыня Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА Дзмітрый Субцэльны. — У ім аб’яднаны настолькі крэатыўныя, актыўныя людзі! Гэта і куратары, і ўсе педагогі гімназіі, і, безумоўна, самі вучні. Тут ужо ёсць нават сямейныя дынастыі, напрыклад, былы старшыня клуба Сяргей Сіўчанка пасля заканчэння школы перадаў свае паўнамоцтвы брату Аляксандру, які працягвае рэалізоўваць яго планы. Праекты гэтага клуба з кожным годам знаходзяць усё больш і больш аднадумцаў з Беларусі, блізкага і далёкага замежжа”.
Назва “Гальфстрым” перакладаецца як цёплае цячэнне, і яна поўнасцю апраўдвае сябе. Бо ўдзельнікі клуба маладыя, ініцыятыўныя, і ў іх дастаткова энергіі, каб змяняць свет да лепшага, ва ўсякім разе яны імкнуцца да гэтага. Заснавальнікам клуба была Галіна Мікалаеўна Карэцкая, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце, каардынатар рэалізацыі праектаў па лініі Асацыіраваных школ ЮНЕСКА Рэспублікі Беларусь, у склад якіх гімназія ўваходзіць з 2003 года.
“У 2006 годзе мы па прапанове камітэта адукацыі Мінгарвыканкама пачалі вывучаць кітайскую мову і адкрылі цэнтр кітайскай культуры і пісьменнасці, — расказвае Галіна Мікалаеўна. — Таму ўзнікла неабходнасць наладзіць дзелавыя сувязі з кітайцамі. Як вынік супрацоўніцтва, разам з Пасольствам КНР у Рэспубліцы Беларусь мы ў рамках Тыдня замежных моў правялі ў нашай гімназіі фестываль “Дыялог культур”. Гэта была першая магчымасць у нашых вучняў дакрануцца да традыцый, абрадаў іншай краіны, прадставіць іншаземцам сваю культуру. Яна дала старт праекту. І ўжо шэсць гадоў запар дзверы нашай гімназіі гасцінна адкрываюцца для ўдзельнікаў “Дыялогу культур” і хутка адкрыюцца ў сёмы раз”.
Праўда, дыялог неяк вельмі хутка пераўтварыўся ў палілог. Цяпер у гімназіі вывучаюцца англійская, нямецкая, італьянская, польская, французская, кітайская, карэйская і іспанская мовы. А, безумоўна, калі вывучаеш любую замежную мову, цікава яшчэ і культура гэтай краіны, традыцыі, звычаі. Натуральна, пашырылася і геаграфія фестывалю: да гімназіі далучыліся вучні з маскоўскай школы-пабраціма № 1018, навучэнцы гімназіі Хесельбю (г.Стакгольм, Швецыя), Тэхнічнай школы Галілеа Галілея (г.Генуя, Італія), ліцэя г.Горжув Вялікапольскі (Польшча), ліцэя № 17 (г.Чаркасы, Украіна) і іншыя. Ні аднаго фестывалю не прапускаюць прадстаўнікі дыпламатычных місій, акрэдытаваных у Рэспубліцы Беларусь: Расіі, Турцыі, Кітая, Карэі, Польшчы.
Насычаная праграма фестывалю традыцыйна ўключае прадстаўленне нацыянальных касцюмаў, візітоўкі краін, тэатральныя пастаноўкі, харэаграфічныя і вакальныя выступленні, творчыя конкурсы. Кульмінацыяй па традыцыі становіцца кулінарны калейдаскоп, падчас якога дзеці гатуюць і расказваюць пра сваю нацыянальную страву і частуюць ёй усіх прысутных у зале.
“Акрамя самога фестывалю, мы рыхтуем насычаную культурную праграму па горадзе і Беларусі з наведваннем найбольш цікавых і значных славутасцей, — гаворыць Галіна Мікалаеўна. — Усе госці размяшчаюцца ў сем’ях нашых вучняў, і ў такім коле абавязкова праходзіць дзень сям’і: накрываецца стол у беларускіх нацыянальных традыцыях, праводзяцца экскурсіі па вячэрнім Мінску, арганізоўваюцца паходы ў кіно, тэатры. Адпачынак замежных навучэнцаў у нашай краіне — гэта выбух эмоцый, у дзяцей не хапае часу нават падзяліцца імі адно з адным, паказаць фотаздымкі. Напрыклад, з італьянцамі мы цудоўна правялі час на катку ў Мінск-Арэне. У свае 17-18 гадоў яны ўпершыню сталі на канькі, таму іх эмоцыі нескладана ўявіць. Шведам спадабалася экскурсія ў Дудуткі, прыемна ўразіла і экспазіцыя казачных герояў нацыянальных казак шведскага кутка на базе дзіцячай бібліятэкі імя М.Астроўскага Мінска. Праводзім розныя трэнінгі, адкрытыя ўрокі, спартыўныя спаборніцтвы, майстар-класы. У прыватнасці, нязменна карыстаецца поспехам стварэнне нацыянальных сувеніраў з саломкі ўласнымі рукамі.
У адказ замежныя дэлегацыі запрашаюць нашых вучняў да сябе. Мы кожны год ездзім у Маскву, былі ў Стакгольме, дэлегацыя з Торуні пасля нашага візіту да іх прыехала на фестываль, зараз плануем паехаць у італьянскі горад Геную”.

Дыпламатычнае майстэрства за гімназічнай партай

У гімназіі паралельна рыхтуецца да правядзення другі значны праект, які таксама ў яе сценах набыў статус штогадовага, — міжнародная гімназічная канферэнцыя “Мадэль Арганізацыі Аб’яднаных Нацый”. Гэта вядомая міжнародная праграма дадатковай адукацыі старшых школьнікаў, створаная для фарміравання ў моладзі пачуцця адказнасці за будучыню чалавецтва, развіцця навыкаў узаемадзеяння паміж маладымі людзьмі з розных краін, выхавання ўмення глядзець на свет вачыма іншага. Галоўнае мерапрыемства праекта — падрыхтоўка і правядзенне штогадовай канферэнцыі, на якой старшакласнікі і студэнты, прымаючы ролі дыпламатаў розных краін, мадэлююць работу рэальнай ААН.
Першы крок навучэнцы гімназіі зрабілі на канферэнцыях па мадэляванні Арганізацыі Аб’яднаных Нацый яшчэ ў 2003 годзе разам з гімназіяй № 1 Мінска. Некалькі гадоў запар ездзілі на канферэнцыі “Санкт-Пецярбургская мадэль ААН”, якія праводзяцца ў гімназіі № 157 імя прынцэсы Альдэнбургскай. Эканамічны крызіс у Еўропе, актуальныя праблемы ВІЧ-інфекцыі, гандаль людзьмі, пагроза карэйскага канфлікту, праблема забойстваў жанчын у Лацінскай Амерыцы — гэтыя і іншыя вострыя тэмы апошніх дзесяцігоддзяў абмяркоўвалі школьнікі на сваіх канферэнцыях.
“У 2011 годзе я была з вучнямі гімназіі ў Германіі на канферэнцыі па мадэляванні, і ўсю дарогу дадому дзеці абмяркоўвалі яе і загарэліся правесці такую ж канферэнцыю ў нашай гімназіі, — успамінае Вікторыя Леанідаўна Бардашэвіч-Шалыгіна, настаўніца англійскай мовы і апошнія гады куратар клуба. — Першую канферэнцыю мы правялі ў 2012 годзе, і прыемна адзначыць, што высока ацаніў яе ўзровень прэзідэнт Еўрапейскай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА Джордж Крыстафідзіс, які быў запрошаны ў гімназію ў якасці ганаровага госця. І ў першай, і ў другой канферэнцыі, якая прайшла ў мінулым годзе, прынялі ўдзел больш за 100 навучэнцаў беларускіх школ і гімназій, навучальных устаноў Расіі, Польшчы, Італіі. Зараз да канферэнцыі па тэме “Будучыня пачынаецца сёння”, якая запланавана на красавік, рыхтуюцца ўсе камітэты — бяспекі, эканамічны, камітэт аховы навакольнага асяроддзя і камітэт па абароне правоў чалавека. У рамках кожнага камітэта будзе разглядацца свая тэма, і на працягу трох дзён будуць абмяркоўвацца такія праблемы, як уплыў кліматычных змяненняў на распаўсюджванне смяротных захворванняў, перспектывы развіцця прадпрымальніцтва і іншыя. А вынікам работы павінна стаць рэзалюцыя, у якой дэлегаты прапануюць сваё рашэнне па праблеме. Адметна тое, што гімназісты выступаюць не толькі як удзельнікі, але самі ж і арганізоўваюць гэтае мерапрыемства, нягледзячы на яго маштаб”.
Але толькі жадання, правільна складзенай праграмы і каманды аднадумцаў для мадэлявання ААН усё ж такі мала. Трэба яшчэ мець шырокі светапогляд, ведаць эканамічную, экалагічную, палітычную сітуацыю ў свеце, і, безумоўна, свабодна размаўляць на англійскай мове — менавіта на ёй вядуцца ўсе канферэнцыі. Удзельнікі вучацца думаць больш глабальна, дзякуючы таму, што няма “я”, а ёсць “мы”. Сёння я дэлегат ад Ірана, заўтра — прадстаўнік ад Францыі, Італіі, Польшчы. І задача вучня пагрузіцца ў гэтую ролю і агучваць яго пазіцыю. Акрамя таго, гэта цудоўная магчымасць набыць аратарскае майстэрства, уменне весці прадукцыйную размову падчас дэбатаў, павысіць веды ў галінах эканомікі, міжнародных -адносін, паліталогіі.
Дарэчы, выпускнікі гімназіі часта абіраюць для паступлення еўрапейскія ўстановы вышэйшай адукацыі Польшчы, Чэхіі, Аўстрыі — гэта 8 — 10 чалавек з 80 выпускнікоў. І сертыфікаты міжнародных канферэнцый даюць ім дадатковы бонус, у прыватнасці, сертыфікаты з сусветна прызнанай “Санкт-Пецярбургскай мадэлі ААН”. Таму мадэляванне ААН для гімназістаў — дадатковы стымул.

Многа запалу — многа ідэй

Здавалася б, арганізацыя такіх маштабных мерапрыемстваў павінна аднімаць увесь вольны час удзельнікаў клуба. Але гэта толькі частка тых праграм, у якіх яны задзейнічаны. У многім гэта заслуга Вікторыі Леанідаўны. “Мне прыемна назіраць, як да Вікторыі ідуць дзеці, нягледзячы на тое, што ўжо і ўрокі скончыліся ці канікулы пачаліся, — гаворыць Галіна Мікалаеўна. — Яна ўмее іх захапіць ідэямі, яна сапраўдны лідар”.
Так, толькі за мінулы год клуб “Гальфстрым” прыняў удзел у VIII Міжнародным фестывалі дзіцячых і міратворчых аб’яднанняў “Жывая вада дружбы” ў Гомелі, Міжнародным конкурсе даследчых і праектных работ “ЮНЕСКА: Адукацыя. Навука. Культура”. Таццяна Праскевіч, выпускніца гэтай жа гімназіі, а сёння прадстаўнік Сакратарыята РГА “БелАЮ”, і саліст групы “Open Spaсe” пасол маладзёжнай сеткі Y-EERP Віталь Маціеўскі правялі двухдзённы трэнінг па тэме рэпрадуктыўнага здароўя. Гімназісты прынялі актыўны ўдзел у міжнародным конкурсе сачыненняў у Японіі, арганізаваным Фондам Міру імя Гоя і ЮНЕСКА, і конкурсе-выставе малюнкаў “Дзеці за мір” у ЗША, у XII Міжнародным дзіцячым фестывалі “Зменім свет да лепшага”, а таксама ў Дзіцяча-маладзёжным саміце ОБСЕ (Украіна, Артэк) і многіх іншых, у тым ліку і ўсіх мерапрыемствах па лініі Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА. Як цячэнне ракі не мае мяжы, так і энергія ўдзельнікаў клуба “Гальфстрым” толькі набірае свой бег.

 

Святлана НІКІФАРАВА.