Галіна БЯЛЯЕВА: “Праблемы трэба вырашаць сумесна”

- 10:31Да Рэспубліканскага педагагічнага савета, Рознае

Галіна Мікалаеўна Бяляева працуе ў сістэме адукацыі з 1995 года. За гэты час яна прайшла шлях ад педагога-арганізатара да намесніка дырэктара сярэдняй школы № 34 Магілёва. Сёння яна мае кваліфікацыйную катэгорыю “настаўнік-метадыст”, з’яўляецца выдатнікам адукацыі, лаўрэатам конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года”, членам рэспубліканскага клуба “Крыштальны журавель”, аўтарам шэрага электронных сродкаў навучання па гісторыі і краязнаўстве. Знаходзячыся на пасадзе намесніка дырэктара, Галіна Мікалаеўна працягвае выкладаць. Акрамя таго, у яе атрымліваецца сумяшчаць актыўную педагагічную дзейнасць з грамадска значнай работай. Галіна Бяляева — член гарадскога Савета дэпутатаў, двойчы станавілася дэлегатам Усебеларускага народнага сходу.

Яе паспяховасць і здольнасць усё паспяваць тоіцца ў простым. Яна любіць тую справу, якой займаецца. А яшчэ не толькі праяўляе ініцыятыву, але і ўмее рэалізоўваць свае ідэі. Немалаважны таксама ўважлівы падыход Галіны Мікалаеўны да кожнай, нават малазначнай справы.

— Я сапраўды люблю сваю прафесію, бо педагагічная дзейнасць дае магчымасць гарманічна сумяшчаць розныя сацыяльныя ролі. У залежнасці ад сітуацыі, я магу быць кіраўніком, археолагам, музейным работнікам, супрацоўнікам архіва. Але галоўная мая роля ўсё ж настаўнік. Гэта не проста прафесія, а яшчэ і высокае званне ў дзіцячым разуменні, таму яму неабходна адпавядаць, — адзначае Галіна Бяляева.

Адпавядаць званню настаўніка яна стараецца праз максімальную рэалізацыю свайго прафесійнага патэнцыялу. Кожная яе ідэя, задума прама ці ўскосна накіраваны на ўдасканаленне якасці навучання і выхавання вучняў.

Адным з асноўных напрамкаў развіцця сферы адукацыі на найбліжэйшае пяцігоддзе будзе інфарматызацыя адукацыйнага працэсу. Гэтай тэмай Галіна Мікалаеўна займаецца на працягу ўжо 10 гадоў, актыўна ўкараняючы ў структуру правядзення ўрокаў прагрэсіўныя, інавацыйныя формы работы. Усведамляючы зацікаўленасць сучасных школьнікаў камп’ютарам, яна перыядычна распрацоўвае аўтарскія вучэбныя праграмы, іншыя электронныя сродкі навучання. На сённяшні дзень сумесна з праграмістам Ірынай Галіфаст яна стварыла шматлікія вучэбныя электронныя інфармацыйныя рэсурсы. Гэта мультымедыйныя энцыклапедыі “Гісторыя Магілёва”, “Кастрычніцкі раён: 50 гадоў развіцця”, інтэрактыўная гістарычная карта “Абарона Магілёва: 23 гераічныя дні”, вучэбны трэнажор “Па старонках гісторыі Магілёва”, мультымедыйная гульня “Гербы Магілёўшчыны”. Характэрна, што кожны з пералічаных электронных сродкаў навучання распрацаваны на аснове рэгіянальнага кампанента. На думку педагога, менавіта з дапамогай мясцовых, добра знаёмых навучэнцам прыкладаў можна не толькі дасягнуць высокай паспяховасці па прадмеце, але і аказаць станоўчы ўплыў на фарміраванне пачуцця грамадзянскасці і патрыятызму ў дзяцей.

Дарэчы, грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню вучняў Галіна Мікалаеўна ўдзяляе асаблівую ўвагу. Яна з’яўляецца аўтарам праграмы факультатыўных заняткаў “Генеалагічнае дрэва маёй сям’і”, якая атрымала грыф Нацыянальнага інстытута адукацыі. На аснове яе праектаў ва ўстановах адукацыі краіны былі адкрыты рэспубліканскія інавацыйныя пляцоўкі “Укараненне аўтарскай праграмы выхавання навучэнцаў сродкамі музейнай педагогікі”, “Укараненне аўтарскіх электронных сродкаў навучання і выхавання ў працэс грамадзянска-патрыятычнага выхавання навучэнцаў”.

Галіна Мікалаеўна пастаянна дзеліцца сваім вопытам з калегамі. Свае распрацоўкі яна прадстаўляе на шматлікіх канферэнцыях і семінарах рознага ўзроўню, у навукова-метадычных артыкулах. Адметна, што настаўніца паспявае даваць экспертную ацэнку падручнікам па сусветнай гісторыі і гісторыі Беларусі, распрацаваным для агульнаадукацыйных устаноў рэспублікі. Знаходзіць час яна і для работы са сваімі высокаматываванымі і адоранымі навучэнцамі. У гэтым плане ў яе таксама свая методыка.

— Над развіццём здольнасцей таленавітых вучняў педагогі нашай школы працуюць не ў адзіночку, а сумесна. У нас створаны адпаведныя метадычныя аб’яднанні, у рамках работы якіх педагогі-прадметнікі разам працуюць над падрыхтоўкай навучэнцаў да розных інтэлектуальных конкурсаў, — расказвае Галіна Бяляева.

І сама Галіна Мікалаеўна, і астатнія педагогі школы прытрымліваюцца меркавання, што пэўнымі здольнасцямі валодае кожнае дзіця. А вось каб іх раскрыць, настаўнік павінен пастарацца даць вучню магчымасць адчуць сябе запатрабаваным, паспяховым.

— Сітуацыю поспеху, радасць перамогі дзеці запамінаюць назаўсёды. І ў далейшым ім хочацца яе паўтарыць, яны пачынаюць імкнуцца да новых вучэбных вышынь. Такім чынам, галоўнай матывацыяй для дзяцей служыць вера ў іх сілы і ўсебаковая падтрымка з боку дарослых: педагогаў, бацькоў, — падкрэслівае педагог.

Пра тое, што падобны падыход апраўдвае сябе, красамоўна сведчаць дасягненні вучняў Галіны Бяляевай. Пры падтрымцы любімай настаўніцы навучэнцы сярэдняй школы № 34 займаюцца даследчай дзейнасцю, удзельнічаюць у археалагічных раскопках, шукаюць малавядомыя факты гісторыі горада ў архівах, выступаюць на канферэнцыях, публікуюцца ў зборніках навуковых работ. Вучні Галіны Мікалаеўны з’яўляюцца лаўрэатамі спецыяльнага фонду прэзідэнта па падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. А ўсё таму, што яны перамагаюць у міжнародных конкурсах, розных этапах Рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі, Рэспубліканскім конкурсе даследчых работ па вучэбных прадметах. Прычым асобныя даследчыя праекты дзяцей атрымліваюць актыўнае распаўсюджванне. Так, распрацаваны Ульянай Глазковай электронны інфармацыйны рэсурс “Бяспечны маршрут” па рашэнні Міністэрства адукацыі стаў прыкладам для стварэння аналагічных прадуктаў ва ўсіх школах краіны.

З’яўляючыся чалавекам з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, Галіна Мікалаеўна пільна сочыць за развіццём, зменамі і новаўвядзеннямі, якія адбываюцца ў сферы адукацыі. На яе думку, галіна дастаткова дынамічна развіваецца, але разам з тым прысутнічае і шэраг пэўных праблем.

— Узяць, напрыклад, профільнае навучанне. Вядома, шмат у чым гэтае новаўвядзенне мае станоўчы характар. Але на мой суб’ектыўны погляд, яно не да канца дапрацаванае. Дзеці аказаліся залішне загружанымі. Яны вымушаны “цягнуць” і базавы ўзровень, і павышанае вывучэнне пэўных прадметаў. Мне здаецца, варта перагледзець вучэбныя праграмы. Можа, у нейкай ступені палегчыць для навучэнцаў профільных класаў вывучэнне няпрофільных прадметаў, бо зараз нашы дзеці часта хварэюць па прычыне менавіта залішняй вучэбнай перагрузкі, — сцвярджае Галіна Бяляева.

Настаўніца таксама прапануе больш аб’ектыўна падыходзіць да здачы школьнікамі нарматываў па фізкультуры. Галіна Мікалаеўна мяркуе, што яна павінна быць варыятыўнай.

— Індывідуальны ўзровень фізічнай падрыхтоўкі вучняў не заўсёды адпавядае агульным узроставым нормам. У аднаго вучня добра атрымліваецца здаць усе нарматывы, а другі фізічна гэтага зрабіць не можа, і, нягледзячы на ўсе свае намаганні, атрымлівае нізкую адзнаку. Усё гэта аказвае негатыўны ўплыў на матывацыю дзяцей да заняткаў фізкультурай у цэлым, — падкрэслівае Галіна Бяляева.

Яе хвалюе і мэтазгоднасць правядзення ў 4 класе ўрокаў па прадмеце “Мая Радзіма Беларусь”. Прадмет гэты, па словах педагога, патрэбны і цікавы, але складаны для ўспрымання чацвёртакласнікамі. Да таго ж непасрэдна вывучаць гісторыю Беларусі навучэнцы пачынаюць толькі ў 6 класе.

— Гэта прыводзіць да таго, што з цяжкасцю атрыманыя ў выніку вывучэння курса “Мая Радзіма Беларусь” веды дзеці забываюць. Значыць, ёсць падстава для разважанняў: можа, будзе лепш падзяліць змест прадмета на 4 і 5 класы, каб захаваць пераемнасць? — задаецца пытаннямі Галіна Мікалаеўна.

Яшчэ яна думае, што трэба звярнуць увагу і на змест вучэбных праграм па рускай мове і літаратуры.

— Цяпер на кожным уроку мовы дзеці атрымліваюць новы тэарэтычны матэрыял. На замацаванне ведаў на практыцы часу мінімум, а часта і зусім няма. Гэта негатыўна адбіваецца на ўзроўні пісьменнасці навучэнцаў, — адзначае Галіна Бяляева.

Задумваецца настаўніца і над іншымі надзённымі пытаннямі ў дзейнасці агульнаадукацыйных устаноў. Праблемы пакуль ёсць. Вядома, над імі трэба разважаць. Галіна Мікалаеўна лічыць, што гэта лепш рабіць агульнымі намаганнямі ўсёй педагагічнай грамадскасці. Менавіта такім чынам атрымаецца знайсці найбольш эфектыўныя шляхі іх вырашэння і далейшага руху наперад.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.