“ГАЛОДНЫЯ” ДЗЕЦІ: чаму такія ёсць і што з імі рабіць?

- 17:14Рознае, Сацыяльны ракурс
Тэма спажывання спайсаў моладдзю апошнім часам не сыходзіць са старонак газет. Яно і нядзіўна: цяжка прыгадаць час у гісторыі сучаснай Беларусі, калі за такі кароткі тэрмин адзін за адным гінулі ад наркотыкаў маладыя людзі. Рэакцыя не прымусіла сябе чакаць: як эмацыянальная — абурэнне, заклікі, так і больш практычная — расследаванні, арышты, заканадаўчыя ініцыятывы. І ўсё ж складваецца ўражанне, што ўсе мы ў гэтай барацьбе ўвесь час нібыта імкнёмся ўхапіцца за хвост цягніка, які адыходзіць. Іншымі словамі, звяртаем увагу ўжо на наступствы, а не на прычыну.
Чаму падлеткі з такой ахвотай спрабуюць наркотыкі? Чаму не цэняць сваё жыццё і жыццё сваіх блізкіх? Хто і што здольны прадухіліць такія трагедыі? Менавіта пра гэта ішла гаворка на семінары-нарадзе “Прафілактыка крызісных станаў навучэнцаў”, што днямі прайшоў у сталіцы. Мерапрыемства рэгіянальнае, тым не менш яно было б цікава і педагогам з іншых абласцей. Сталіца першая сутыкнулася з размахам распаўсюджвання спайсаў, але, відавочна, што паступова яны захопліваюць і рэгіёны. Да таго ж праблемы ў гэтай тэме агульныя, гэтак жа, як і шляхі іх вырашэння.
Хто вінаваты ці што рабіць?

І вось адна з гэтых агульных праблем: пошук адказу на пытанне “Хто вінаваты?” І гэта менавіта праблема, а не вырашэнне. І яна ўзнікае штораз, як здараецца трагедыя, асабліва з непаўналетнім: хто вінаваты — бацькі, школа, міліцыя?
Так, з пошуку “вінаватага” пачалася і размова падчас семінара. Маўляў, міліцыя дрэнна працуе на выяўленне распаўсюджвальнікаў, а школа — на інфармаванне органаў унутраных спраў і прафілактыку. Між тым гэта якраз тупіковы шлях. Больш важным для ўсіх бакоў павінна стаць пытанне “Што рабіць?” Тым больш, што абавязкі, ва ўсялякім выпадку на паперы, дакладна размежаваны: міліцыі — працаваць на выяўленне распаўсюджвальнікаў і злачынстваў, школе — на інфармаванне органаў унутраных спраў і прафілактыку. Дарэчы, пра інфармаванне. З гэтым, варта прызнаць, па-ранейшаму бяда.
З сакавіка мінулага года ў сталіцы дзейнічае загад камітэта па адукацыі і Галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінгарвыканкама “Аб узмацненні мер па процідзеянні распаўсюджвання і спажывання наркатычных рэчываў сярод навучэнцаў”. Гэты загад павінен быць у кожнай навучальнай установе. Там прапісаны парадак дзеянняў у выпадку выяўлення спажывання наркотыкаў. Так, аб вядомым факце спажывання навучэнцамі наркотыкаў неабходна адразу паведаміць адміністрацыі школы, далей, згодна з загадам, на працягу двух дзён інфармацыя павінна трапіць да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, лепш — у пісьмовым выглядзе. Важна і тое, што ў дакуменце прапісана: калі ўстанова адукацыі самастойна выяўляе правапарушэнне і злачынства ў адносінах да навучэнцаў, гэта не ўплывае на вынікі яе работы.
Між тым большасць удзельнікаў семінара — а гэта кіраўнікі раённых метадычных аб’яднанняў намеснікаў дырэктара па выхаваўчай рабоце, раённых метадычных аб’яднанняў класных кіраўнікоў, класныя кіраўнікі, педагогі-псіхолагі ўстаноў адукацыі горада — да гэтага часу аб такім дакуменце нават не чулі. Як вынік — па-ранейшаму вельмі часта школы імкнуцца замоўчыць ці, ва ўсялякім выпадку, не афішыраваць выпадкі, калі становіцца вядома аб спажыванні іх навучэнцамі наркатычных рэчываў.
— За два месяцы ў інспекцыі па справах непаўналетніх тэрытарыяльных органаў Міністэрства ўнутраных спраў паступіла 15 інфармацый з усіх школ горада. Гэта вельмі мала, — заўважыў старшы інспектар упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі ГУУС Мінгарвыканкама Назім Алмасавіч Зейналаў. — Параўнайце: за тыя ж два месяцы толькі крымінальных спраў у адносінах да непаўналетніх па горадзе было ўзбуджана больш за 20. Вось адзін з яскравых прыкладаў: 4 лютага была ўзбуджана крымінальная справа ў адносінах да навучэнца Фрунзенскага раёна 1996 года нараджэння, які з мэтай збыту захоўваў толькі пры сабе 106,3 г курыльных сумесей. Гэта пры тым, што для адной дозы дастаткова 0,5 г. Потым выявілася, што малады чалавек займаўся гэтым ужо тры месцы. Распаўсюджваў курыльныя сумесі ў школе.
Можна толькі ўявіць, колькі падлеткаў, дзякуючы яму, зрабілі свой першы крок да залежнасці. Дарэчы, калі на канец 2012 года непаўналетнія, якія знаходзіліся на ўліку ў Мінскім наркалагічным дыспансеры, складалі 1,5% ад усіх нарказалежных, то на канец 2013 года гэтая лічба склала ўжо 12%.
— Вы першыя, хто можа заўважыць, што з дзіцем штосьці адбываецца. Таму і заклікаем: звярніце больш увагі на навучэнцаў. Быў паспяховы школьнік, потым рэзка стаў вучыцца дрэнна, яму нічога не цікава, увесь час у нейкім затарможаным стане — на такія змены неабходна звяртаць увагу, — звярнуўся да прысутных супрацоўнік органаў унутраных спраў. — Часам педагогі не заўважаюць тое, што адбываецца перад іх вачыма. Вось яскравы рэзанансны выпадак: восенню мінулага года быў забіты 13-гадовы падлетак. Пасля высвятлення акалічнасцей справы выявілася, што яго забіў 19-гадовы юнак за тое, што падлетак прадаў яму няякасную дозу наркотыкаў. І тое, што гэты 13-гадовы падлетак даўно распаўсюджваў курыльныя сумесі, ведалі многія школьнікі, але далей гэтая інфармацыя нікуды не ішла.

“Калі шклянка поўная, у яе нічога больш не змесціцца. Нават 0,5 г спайсаў”

Што ж да прафілактыкі, то гэтая дзейнасць заўсёды была задачай школы. Іншае пытанне — якой павінна быць гэтая прафілактыка. Тэма прафілактыкі наркотыкаў для падлеткаў вельмі складаная, бо пратэсныя рэакцыі падлеткавага ўзросту могуць даць адваротны эфект.
Падчас семінара не раз даводзілася чуць з вуснаў педагогаў ужо звыклае: “А чаму мы, а не бацькі?” ці “А што мы можам зрабіць — мы ж не вузкія спецыялісты-псіхолагі”. І калі з першым часткова можна пагадзіцца: без удзелу бацькоў прафілактычная работа наўрад ці будзе эфектыўнай, то ў адносінах да другога — зусім не: зрабіць можна вельмі многае. Галоўнае — не заставацца раўнадушнымі.
Спецыялісты, запрошаныя на семінар, былі аднадушныя ў думцы: нішто не адбываецца проста так. Калі дзіця спрабуе наркотыкі, значыць, на гэта ёсць прычыны. Гэтак жа, калі рашаецца на суіцыд (зрэшты, і ўжыванне наркотыкаў, на погляд псіхолагаў, таксама суіцыд, толькі марудны). Такія выпадкі — спроба дзіцяці знайсці выхад з крызісу. Задача педагогаў — не дапусціць развіццё такіх крызісных станаў, навучыць дзяцей спраўляцца з імі. Гэта пад сілу любому педагогу, бо прафілактыка ва ўстанове адукацыі складаецца з некалькіх узроўняў. Так, класныя кіраўнікі, настаўнікі-прадметнікі працуюць на першым узроўні прафілактыкі, які не патрабуе спецыяльных ведаў.
— У карэкцыйнай рабоце ёсць два тыпы падыходаў: сімптаматычны і каўзальны, — адзначыла псіхолаг старшы выкладчык Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы Наталля Аляксандраўна Саковіч. — Тое, што бачу зараз, вельмі падобна на сімптаматычную работу. Калі ў нас ёсць сімптом — крызіс, суіцыдальныя паводзіны, наркотыкі — і мы пачынаем у гэты бок бегчы і тым самым рэкламуем сімптом і працуем на яго. Але ёсць іншы падыход: калі мы працуем з прычынай. Па сутнасці, агульная прафілактыка ва ўстанове адукацыі — гэта работа з прычынай: работа на тое, каб дзіця не выйшла на аўтаагрэсіўныя паводзіны, каб яно не выйшла на схаваны тып суіцыду — спажыванне наркотыкаў. Па сутнасці, гэта работа на ўмацаванне псіхалагічнага здароўя.
Што можа рабіць школа? Усё проста: ёсць суіцыдальныя фактары, але ёсць і антысуіцыдальныя фактары. І мы іх добра ведаем.
— Калі шклянка поўная, у яе вельмі складана штосьці пакласці, нават 0,5 грама спайсаў. Там проста няма месца, — прадоўжыла думку Наталля Аляксандраўна. — Пытанне псіхалагічнага здароўя — гэта пытанне, наколькі напоўнена дзіця ў плане антыкрызісных бар’ераў, а гэта, напрыклад, эмацыянальныя прыхільнасці. Мы гаварылі пра сям’ю. Так, у ідэале сям’я — гэта той інстытут, які павінен займацца дзіцем. Але рэальнасць сёння іншая. Па статыстыцы ў сталіцы бацькі ў сярэднім праводзяць з дзіцем у дзень 27—32 хвіліны. Пры гэтым у школе педагогі бачаць дзіця намнога больш часу. Вось яна — рэальнасць: дзе дзіця атрымлівае магчымасць адаптацыі, фарміравання навыкаў выжывання — на фізіялагічным, сацыяльным ці псіхалагічным узроўні. Наша задача — зразумець, у чым канкрэтна дзіця мае патрэбу, у чым дэфіцыт, што мы можам кампенсаваць у рамках школы.
Па меркаванні спецыяліста, гэта работа на фарміраванне сэнсавых паняццяў для дзіцяці, усё, што тычыцца “для чаго”: сэнс жыцця, сэнс мяне, хто я такі, для чаго я на свеце. Важнае значэнне мае работа і па фарміраванні і разуменні эмацыянальнай прыхільнасці і праяўлення пачуццяў.
— Сёння ёсць велізарная колькасць “галодных” дзяцей — галодных эмацыянальна, па-мацярынску. У выніку яны пачынаюць прывязвацца да рэчаў — гэта тое, чаго раней наогул не было, — адзначае спецыяліст. — Вось працуем з суіцыдэнтам: ці ёсць хтосьці ці штосьці, дзеля чаго варта жыць? Аказваецца, дзеля мамы жыць ужо не варта. А вось дзеля айпада — так, бо з ім цяжка расстацца, ён дае шмат радасці і задавальнення. У такой сітуацыі ўстанова адукацыі ў рамках агульнай прафілактыкі можа прапаноўваць, мерапрыемствы, якія дазволяць дзіцяці сутыкнуцца з самім сабой. Гэта магчыма на ўсіх этапах — пачынаючы з установы дашкольнай адукацыі і заканчваючы старшай школай. Мерапрыемствы, якія дапамогуць даведацца пра сябе, — хто яно, дзіця, такое, якія патэнцыялы ў ім закладзены. Як бы банальна гэта ні гучала, але дзеці не ведаюць сябе, яны не могуць сябе ахарактарызаваць. Гэта не тычыцца псіхалагічных тэстаў. Гэта зусім іншая работа: агульнакласныя, агульнашкольныя мерапрыемствы, якія дазваляюць дзіцяці крыху разабрацца, што яно сабой уяўляе.
Не менш важныя і мерапрыемствы па згуртаванні класных калектываў. Вельмі важна, каб дзеці дапамагалі адно аднаму. Дружны клас, карпаратыўная культура ўнутры класа, згуртаваны педагагічны калектыў даюць вельмі многае ў прафілактычнай рабоце. Мы праводзілі даследаванне ў адной са школ Мінскай вобласці: спрабавалі высветліць, наколькі згуртаваны педагагічны калектыў. І выявілі прамую карэляцыю паміж крызісным станам педагогаў і крызісным станам дзяцей. Дзеці — гэта люстэрка. Калі педагог знаходзіцца ў стане эмацыянальнага выгарання, эмацыянальнай нестабільнасці, не адчувае сэнсу жыцця, не мае веры, то гэта трансліруецца і дзецям. Таму агульная прафілактыка — гэта і мерапрыемствы, якія дапамагаюць падняць статус пэўнага дзіцяці, педагога.
Такая работа можа праводзіцца разам з настаўнікамі-прадметнікамі, нават на перасячэнні прадметаў: можна разам з настаўнікам хіміі правесці вельмі цікавае мерапрыемства пра тое, як змяняецца састаў крыві падчас стрэсу; з настаўнікам фізікі — якія існуюць фізічныя рэакцыі ў сітуацыі стрэсу; з настаўнікам рускай мовы і літаратуры можна прыгадаць творы, якія звязаны, з вечнымі падлеткавымі тэмамі — каханнем, здрадай і г.д. Гэта могуць быць і класныя гадзіны на тэму кахання, радасці, здзіўлення, адкрыццяў — для таго каб раскрыць гэтыя тэмы для дзяцей і пайсці па шляху “напаўнення шклянкі”. Задача школьнага педагога ў тым, каб запоўніць пустату.

Адзін у полі не воін

Усе наступныя ўзроўні прафілактыкі, калі даводзіцца працаваць ужо з існуючай праблемай, — гэта ўзроўні, якія рэалізуюць вузкія спецыялісты — псіхолагі, псіхатэрапеўты.
— Непасрэдна з крызісам павінны працаваць вузкія спецыялісты. Задача школьнага педагога — інфармаваць аб такім стане, — падкрэсліла Наталля Аляксандраўна Саковіч.
Сёння ёсць шмат магчымасцей для арганізацыі эфектыўнай работы з існуючым крызісам за рамкамі школы. Педагогам трэба толькі ведаць, куды звяртацца.
Па словах Вольгі Васільеўны Навуменка, псіхолага псіхалагічнай лабараторыі гарадскога клінічнага дзіцячага псіхіятрычнага дыспансера, практычна ва ўсіх дзіцячых паліклініках сталіцы ёсць дзіцячыя псіхолагі, псіхатэрапеўты.
— Не варта баяцца такіх спецыялістаў — гэта трэба ведаць самім і данесці гэтую інфармацыю да бацькоў, — адзначыла В.В.Навуменка. — Псіхолаг не вядзе ўлік сваіх падапечных, зварот да яго не адбіваецца ніякім негатыўным чынам на далейшым лёсе дзіцяці. Калі ж па нейкіх прычынах ісці да мясцовых спецыялістаў няма жадання, можна звярнуцца па дапамогу ў наш цэнтр.
Дарэчы, на базе цэнтра функцыянуе кругласутачны тэлефон даверу для дзяцей, падлеткаў і бацькоў: 246-03-03. Тэлефанаванняў вельмі шмат, але сярод іх дзіцячыя і падлеткавыя можна пералічыць па пальцах. Астатнія — бабулі, бацькі і педагогі. Калі тэлефануюць бацькі, то яны могуць атрымаць паўнацэнную кансультацыю па стане дзіцяці. Калі ж тэлефануе педагог, ён можа атрымаць інфармацыйную падтрымку: куды звяртацца, як дзейнічаць у выпадку таго ці іншага стану навучэнца.
Напрыканцы спецыяліст адзначыла, што пры выяўленні пэўных праблем у дзіцяці педагогі, згодна з заканадаўствам, не могуць насільна накіраваць навучэнца да псіхолага, можна толькі рэкамендаваць бацькам звярнуцца з дзіцем да спецыялістаў. Адзінае выключэнне: з 14 гадоў падлетак можа звяртацца за такой дапамогай самастойна. Гэта значыць, што скіраваць на атрыманне прафесійнай псіхалагічнай дапамогі можна і самога падлетка.

 

Алена МАРКЕВІЧ.