21 верасня ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі адкрылася выстава лепшых работ па выніках Рэспубліканскага конкурсу дзіцячага малюнка “PRO навуку”.
Як паведаміла намеснік дырэктара НЦМТДіМ Алена Мікалаеўна Левіна, ідэя правесці такі конкурс у Год навукі знайшла актыўную падтрымку ў савета маладых вучоных Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Спецыялістамі цэнтра і савета сумесна былі распрацаваны 7 конкурсных намінацый: “Касмічнае падарожжа”, “Тэхнічная эвалюцыя”, “Робататэхніка”, “ІТ-адкрыцці”, “Займальная навука”, “Імёны” і “Беларуская навука: ад Інбелкульта да нанатэхналогій”. Разам быў вызначаны дэвіз конкурсу: “Шлях да навукі праз мастацтва”. Супольным атрымаўся і склад журы, куды ўвайшлі як прадстаўнікі НЦМТДіМ, так і маладыя вучоныя, якія, дарэчы, праявілі жывую зацікаўленасць у абмеркаванні конкурсных работ, шчыра ўразіліся агульным мастацкім вобразам навукі, створаным дзецьмі, і іх канкрэтнымі творамі.
На заключны, рэспубліканскі, этап конкурсу было прадстаўлена каля 700 работ дзяцей ва ўзросце ад 4 да 16 гадоў з 224 устаноў адукацыі краіны, 300 лепшых твораў адабраны для выставы.
Нават беглы погляд на экспазіцыю адразу вылучае тры самыя папулярныя ва ўдзельнікаў конкурсу намінацыі: “Касмічнае падарожжа”, “Робататэхніка” і асабліва “Імёны”. Арыстоцель, Архімед, Галілеа Галілей, Леанарда да Вінчы, Ісаак Ньютан, Нікола Тэсла, Францыск Скарына, Дзмітрый Мендзялееў, Альберт Эйнштэйн, Жарэс Алфёраў, Адам Мальдзіс — гэтыя і многія іншыя выбітныя прадстаўнікі сусветнай і беларускай навукі ад старажытнасці да сённяшніх дзён глядзяць на нас з намаляваных дзецьмі партрэтаў то задуменнымі, то здзіўленымі, то шчаслівымі ў момант эўрыкі вачыма. Іншы раз у дзіцячых мастацкіх фантазіях гэтыя людзі самі ператвараюцца ў дзяцей, як той “Энштэйн” дванаццацігадовай выхаванкі народнай арт-студыі “Востраў” НЦМТДіМ Арыны Крыўко (так-так, менавіта з прапушчанай літарай “й” у прозвішчы!) — галоўны выдумшчык “Энштэйн” з рыжымі валасамі, у малінавым світары і карычневых круглых акулярах. І гэтая першасная пачуццёвасць, сама непасрэднасць дзіцячага ўяўлення, наўмысна нявыпраўленая/несапсаваная дарослымі на правільны хрэстаматыйны варыянт, уражвае на выставе “PRO навуку”, мабыць, больш за ўсё.
Тыя дзеці-шчасліўчыкі, якія трапілі на адкрыццё выставы “PRO навуку” 21 верасня, сталі ўдзельнікамі яркага навукова-забаўляльнага шоу, якое арганізаваў для іх непасрэдна ў выставачнай зале НЦМТДіМ парк цудаў “Эўрыкум”. Сотню пераможцаў конкурсу, якія прыедуць з розных рэгіёнаў краіны і збяруцца на закрыцці выставы 10 кастрычніка, чакаюць, акрамя памятных дыпломаў, калектыўныя экскурсіі ў навуковыя лабараторыі Нацыянальнай акадэміі навук, Музей гісторыі НАН Беларусі, Музей старажытнабеларускай культуры і іншыя акадэмічныя аб’екты. Лепшыя работы конкурсу хутка можна будзе ўбачыць на сайтах Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі і савета маладых вучоных Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.