Гарадзецкая спецыяльная школа-інтэрнат прызнана лепшай сярод устаноў спецыяльнай адукацыі

- 15:18Знак качества, Школьный участок

У Гарадзецкай спецыяльнай школе­-інтэрнаце педагогі не толькі даюць добрыя веды, але і прывіваюць любоў да роднай зямлі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— У дзесяці класах тут вучацца 77 дзяцей ва ўзросце ад 7 да 18 гадоў з Рагачоўскага, Веткаўскага, Чачэрскага, Жлобінскага, Буда-Кашалёўскага, Кармянскага раёнаў Гомельскай вобласці, — гаворыць дырэктар Гарадзецкай спецыяльнай школы-інтэрната Жанна Самусева. — У гэтым навучальным го­дзе ўпершыню адкрыты профільны клас паглыбленай сацыяльнай і прафесійнай падрыхтоўкі па профілі “Агародніцтва”. У першую чаргу фарміруем цікавасць да аграрных прафесій, да таго ж хлопцы і дзяўчаты атрымліваюць уяўленне аб разнастайнасці сельскагаспадарчых раслін, знаёмяцца з тэхналогіямі вытворчасці прадукцыі. Прыемна, што мы можам унесці ўклад у падрыхтоўку кваліфікаваных кадраў для аграпрамысловага комп­лексу краіны.

Гэтая школа прызнана лепшай сярод устаноў спецыяльнай адукацыі.

Педагог Сяргей Якушаў перакананы, што падчас плённай працы, якая кіпіць на вучэбна-доследным участку, вучні вучацца адрозні­ваць насенне розных культур, даведваюцца, як вымя­раць тэмпературу і вільготнасць глебы. Набытыя веды і навыкі спатрэбяцца маладым людзям у жыцці, напрыклад, пры ўборцы ўласнага ўраджаю.

— Работа ідзе, — запэўнівае настаўнік. — На зямлі працуюць адзінаццацікласнікі — будучыя агароднікі. Яны даглядаюць расаду, пасля дажджоў зямля сыраватая, паліваць не трэба, а вось праполку ніхто не адмяняў.

Вынік агародных старанняў педагогаў і навучэнцаў відаць здалёк: цяпліцы це­шаць вока зеленню салатаў “маравіла” і “варта”, радыскі і кропу гатункаў “свежасць” і “багаталісты”, цыбулі і капусты, таматаў, якія неўзабаве парадуюць сакавітым ураджаем. Побач квітнее пладовы сад, у якім прыжыліся са­джанцы яблынь і груш, ёсць кусты парэчак. Дзякуючы зладжанай рабоце, ура­джай, вырашчаны за лета, разнастаіць і зробіць таннейшым школьнае харчаванне. Так, летась тут удалося сабраць 6 тон бульбы, забяспечылі агароднінай не толькі сябе, але і падзяліліся з сельскім дзіцячым садам і школай.

Сярод выхаванцаў папуляр­насцю карыстаюцца аб’яднанні па інтарэсах. Дзеці з задавальненнем асвойваюць алмазны жы­вапіс, які з’явіўся ў Кітаі і заваяваў сэрцы тых, каму даспадобы арыгінальныя ідэі.

— На палатне надрукавана схема, на якую па парадку прыклейваюцца стразы, і паступова карціна запаўняецца яркімі фарбамі, — знаёміць з тэхнікай выхавальніца і педагог сацыяльны Ганна Свірыдава. — Гэтая дзейнасць аказвае станоўчы эфект на дзяцей — супакойвае, здымае стрэс, развівае дробную маторыку рук і, вядома, спрыяе праяўленню творчых здоль­насцей.

Пакуль адны дзеці старанна выкладваюць стразы роўным радком, другія таксама развіваюць фантазію і ўяўленне — яны пагрузіліся ў бісерапляценне. Напрыклад, вучаніца Аліна захапілася гэтым рукадзеллем у 4 класе, а хлопчыкі Саша і Назар пачалі плесці вырабы з пацерак у 2-м.

— Пляценне бісерам прадугледжвае развіццё дробнай маторыкі, а значыць, паралельна развіваюцца маўленне і мысленне. Заняткі фарміруюць у дзяцей увагу, уседлі­васць, вучаць пачатую справу даводзіць да канца, — падкрэслівае настаўніца Алена Аляксеенка. — Усе нашы работы калектыўныя. На занятках дзеці вучацца працаваць у камандзе, набіраюць бісер, каб зрабіць лісточак, бутон кветкі, з якіх збі­раецца цудоўная архідэя.

Разьба па дрэве, пляценне кошыкаў і вышыўка крыжыкам таксама падабаюцца выхаванцам — у іх атрымліваюцца ўнікальныя вырабы. Напрыклад, сярод апошніх вышытых работ многія прысвечаны велікоднай тэма­тыцы.

P.S. Пра яркую і прадукцыйную сустрэчу журналістаў і педагогаў на Рагачоў­шчыне глядзіце відэа тут.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА