Гавары са мной па-беларуску

- 14:23Нам пішуць

Прэзентацыяй “Далучайся! Дазнавайся! Развівайся!” і відэаролікамі “Размаўляем разам!”, “Гатуем разам!”, “Гуляем разам!” адкрылася ў Новадзявяткавіцкай школе Слонімскага раёна дэкада беларускай мовы, літаратуры, культуры і мастацтва. Вучні ў ролі перакладчыкаў размаўлялі па-беларуску, “гатуючы яечню”, “гуляючы ў хакей”… Свой слоўнікавы запас дзеці папоўнілі словамі “брамнік”, “шуфлік”, “патэльня”, “шкарпэткі”, “коўзанка” і інш. Акцыя “Гавары са мной па-беларуску”, якая пачалася з самай раніцы, мела працяг падчас школьнай лінейкі, на якой адміністрацыя ўстановы на беларускай мове абмяркоўвала надзённыя пытанні, узнагароджвала навучэнцаў-спартсменаў.

Суботні дзень быў прысвечаны “Лінгвістычнаму лато”, падчас якога вучні надавалі беларускамоўную назву кожнаму кабінету школы. Загадчыкі кабінетаў павінны былі расказаць верш, страфу з верша або выказванне вядомых беларускіх пісьменнікаў ці проста назваць беларускамоўнае слова на атрыманую літару.
Наступны вучэбны дзень распачаўся з тэматычных інфармацыйных навін, прысвечаных Міжнароднаму дню роднай мовы. З гэтай жа нагоды ў фае школы на першым паверсе дэманстравалася прэзентацыя “Дзень любімай мовы”. У гэты ж дзень стартаваў тэматычны “Марафон”. Першымі “марафонцамі” сталі навучэнцы 3 і 10 класаў. Аб’яднаўшыся пад агульнай назвай “Гісторыка-гастранамічны марафон”, дзесяцікласнікі расказалі пра гісторыю культуры Беларусі, вучні трэцяга класа прысвяцілі сваё выступленне беларускай кухні, а менавіта, любімым дранікам. Трэцякласнікі выканалі “песню-гімн” дранікам, а затым частавалі прысутных гэтым галоўным блюдам беларускай кухні.
Затым “эстафетная палачка” штодзённа перадавалася ўдзельнікам “Марафону М-2: мастакі і матэматыкі”, “Культурнаму марафону”, “Дэкормарафону”. На фінішнай прамой “Літкультмарафону” ў выглядзе віктарыны шасцікласнікі правялі пазнавальную інтэрактыўную гульню пад назвай “Святлана Алексіевіч – промень сонечны, які праславіў зямлю беларускую…” Гартаючы біяграфічныя і творчыя старонкі пісьменніцы, вучні наладзілі экскурсію па найбольш значных маршрутах жыцця лаўрэаткі Нобелеўскай прэміі – Святланы Аляксандраўны Алексіевіч.
Завяршальнай кропкай святкавання дэкады стаў гала-канцэрт “Беларусь – мая Радзіма!” з удзелам выкладчыкаў і навучэнцаў Слонімскай дзіцячай школы мастацтваў.

Вольга БЛІЗНЮК,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Новадзявяткавіцкай сярэдняй школы Слонімскага раёна.