“Гавары са мной па-беларуску”

Валоданне вусным маўленнем і здольнасць уплываць на слухачоў з’яўляецца адной з найважнейшых якасцей чалавека, якія дапамагаюць дасягнуць поспехаў у самых розных кірунках. Таму настаўнікі ўдзяляюць увагу развіццю і такога таленту. Прыкладам імкнення авалодаць вуснай беларускай мовай з’яўляецца абласны конкурс рытарычнага майстэрства “Гавары са мной па-беларуску”, які не так даўно прайшоў у гімназіі № 36 Гомеля і ўдзельнікамі якога сталі вучні 9—11 класаў.

Конкурс праходзіў у некалькі этапаў. На першым этапе вучні прадстаўлялі камісіі мультымедыйныя эсэ на тэмы, прапісаныя ў палажэнні і падрыхтаваныя загадзя. Журы ацэньвала арыгінальнасць тэкстаў і ўменне зацікавіць слухачоў. З упэўненасцю можна сказаць, што з гэтымі заданнямі ўсе справіліся добра, нават выдатна.

На другім этапе ўдзельнікам прадаставілася магчымасць за 15 хвілін падрыхтаваць вуснае выказванне на адну з прапанаваных тэм. Журы ацэньвала ўжо здольнасць вучняў зацікавіць слухачоў выбранай тэмай, а таксама правярала веды ўжо без магчымасці карыстання інтэрнэтам і дапамогі настаўнікаў.

Для ўдзелу ў трэцім этапе журы выбрала самых лепшых. Гэтым шчасліўчыкам трэба было выцягнуць білет і адказваць на яго без падрыхтоўкі. Журы высвятляла, ці можа вучань трымацца перад публікай і адказваць тут і зараз, карыстаючыся толькі сваімі ведамі.

Падчас урачыстага закрыцця конкурсу пераможцы атрымалі дыпломы І, ІІ, ІІІ ступеней.

Настасся ЖЫТНІКАВА.