Гаворым па-беларуску

- 11:26Нам пішуць

Кожны год у Вялікаэйсмантаўскай сярэдняй школе Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці праводзіцца Тыдзень беларускай мовы і літаратуры. У гэтым годзе Тыдзень праходзіў пад дэвізам “Гавары са мной па-беларуску”. 

Навучэнцы 11 класа ў беларускіх нацыянальных касцюмах правялі ўрачыстую лінейку, прысвечаную адкрыццю тыдня. Дзеці гаварылі аб тым, што наша мова – адна з найчысцейшых і найпрыгажэйшых уславянскай сям’і моў. Яна мілагучная, пяшчотная і напеўная, пра што вельмі надаецца да паэзіі і да спеваў.
На працягу тыдня мы неаднаразова пераконваліся, што нашы дзеці любяць і разумеюць беларускае слова, умеюць размаўляць па-беларуску, нават самі пішуць вершы на беларускай мове. У межах правядзення тыдня прайшлі “Конкурс перакладчыкаў”, “Міс – Беларусачка”, “Запрашаем у кавярню”, конкурс плакатаў “Без спадзявання немагчыма жыць”, конкурс творчых прац “Дзіўная зорка таленту” і інш. У конкурсах і мерапрыемствах удзельнічалі вучні ўсіх класаў. Напрыклад, беларускае нацыянальнае адзенне прадстаўлялі вучаніцы 2 – 10 класаў. Яны не толькі паказалі нацыянальныя касцюмы, але і расказалі, што абазначаюць колеры і арнаменты вышыўкі. Запомнілася вучням і настаўнікам насценная газета вучняў 9 класа. Яна была яркай, прыгожай, а самае галоўнае – вельмі змястоўнай. Там мы сустрэліся і з паданнем пра засваенне Мінска, і з сучаснымі дасягненнямі роднай вёскі – Вялікіх Эйсмантаў. Але самую большую цікавасць выклікаў конкурс “Запрашаем у кавярню”. Вучні разам з бацькамі падрыхтавалі і прадставілі больш 80 беларускіх страў. На мерапрыемстве можна было убачыць стравы, якія гатавалі у розны час на розныя святы, паўсядзенныя стравы беларусаў. Напрыклад, ніхто з нас, настаўнікаў, не ведаў такой стравы, як “кулага”. А аказалася, што гэтыя смачныя і асаблівыя аладкі гатавалі нашы продкі яшчэ ў 19 стагоддзі.
Скарбы мовы, скарбы пазнання, скарбы навакольнага свету расчыняюцца тым, хто шчыра любіць і глыбока вывучае родную мову, літаратуру, культуру. Мерапрыемствы Тыдня беларускай мовы і культуры былі прасякнуты клопатам аб тым, каб выхаваць у вучняў беражлівыя адносіны да мастацкага слова, да роднай мовы, гісторыі і культуры беларускага народа.

Марына СТАНЕЎСКАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Вялікаэйсмантаўскай сярэдняй школы Бераставіцкага раёна.