Завяршаецца навучальны год ва ўстановах вышэйшай адукацыі. Як заўсёды, сярод выпускнікоў — будучых маладых спецыялістаў у ГДУ імя Францыска Скарыны шмат замежных студэнтаў. У іх ліку Нязік Акыева з Туркменістана, якая атрымала дыплом магістра псіхалагічных навук. Сваю магістарскую работу перад камісіяй дзяўчына абараняла на англійскай мове.
Па словах наваспечанага магістра, з першых дзён знаходжання ў ГДУ яна была прыемна здзіўлена прыязнасцю, гасціннасцю і высокім прафесіяналізмам выкладчыкаў і супрацоўнікаў усіх падраздзяленняў універсітэта.
— Універсітэцкае жыццё вельмі насычанае: акрамя вучэбнага працэсу, гэта і культурна-масавыя мерапрыемствы, навуковыя канферэнцыі, спартыўныя падзеі. Хачу асабліва адзначыць выкладчыкаў. Яны не толькі прафесіяналы сваёй справы, але яшчэ і вельмі добрыя, спагадлівыя людзі, гатовыя заўсёды прыйсці на дапамогу. Навучанне ў цудоўным Гомелі — гэта незабыўны этап у маім жыцці…
Дарэчы, Нязік збіраецца працягнуць навучанне ў аспірантуры ГДУ па спецыяльнасці “Псіхалогія”, каб у будучыні абараніць дысертацыю і атрымаць вучоную ступень кандыдата навук.
Варта адзначыць, што ў ГДУ імя Францыска Скарыны вучацца каля 800 замежных студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў — прадстаўнікі 16 краін (Туркменістан, Азербайджан, Кітай, Польшча, Емен, Ірак, Турцыя, Ліван і інш.). Замежнікі прыязджаюць у Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт таксама і на кароткатэрміновыя праграмы навучання — у летнія і зімовыя школы. У прыватнасці, гэтым летам у ГДУ праводзяцца летнія школы па рускай мове і псіхалогіі.
Уладзіслаў БЕЙЗЕРАЎ,
дэкан факультэта псіхалогіі і педагогікі ГДУ імя Францыска Скарыны.