Героі чужой вайны

- 17:28Нам пішуць

Што такое вайна, для вучняў 5—6 класа вядома толькі з кніг ці апавяданняў старэйшых. Што такое чужая вайна, не зразумела наогул. У піянерскім атрадзе Дружба піянерскай дружыны Дружныя Паляцкішскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна прайшоў урок мужнасці Героі чужой вайны.

Афганская вайна 80-х… Яна яшчэ доўга будзе трывожыць і хваляваць нашыя душы і сэрца. Нашы воіны, выконваючы інтэрнацыянальны абавязак, прынялі на сябе цяжар гэтай вайны. Праслухаўшы песню “Афганістан”, піянеры склалі кластар на тэму “Вайна — гэта…”, даведаліся, чаму пачалася вайна, колькі яна цягнулася. Прайшло ўжо шмат гадоў, як закончылася вайна ў Афганістане, але забыць яе нельга. Сярод воінаў-афганцаў былі і нашы землякі Л.З.Шымялевіч, А.В.Вайцяховіч.

На ўроку прагучаў верш жонкі воіна-афганца А.І.Шымялевіч “Афганістан”, у якім распавядаецца аб афіцэрах і салдатах, якія прайшлі праз Афганскую вайну, з гонарам і годнасцю выканалі інтэрнацыянальны абавязак. Прагледзеўшы відэасюжэт, піянеры даведаліся, як група “Альфа” захапіла палац у Кабуле. Адзін з вучняў спытаў: “Чаму ж салдаты ішлі на вайну, у якой не трэба было абараняць уласных маці, сем’і, сваю краіну?” Так з’явілася яшчэ адна тэма для разваг. Вучні прыйшлі да высновы, што патрыятызм, любоў да Радзімы, адданасць ёй, імкненне абараняць ад ворагаў сваімі справамі, служыць інтарэсам сваёй краіны — пачуццё вялікае і неабходнае, пачуццё абавязку.

Шмат цікавага пра сучасны Афганістан расказала класны кіраўнік Марыя Уладзіміраўна Балінская. Школьнікі даведаліся, што на вайне ў Афганістане загінула каля 14 тысяч савецкіх салдат, амаль 50 тысяч вярнуліся параненымі. У канцы ўрока школьнікі запалілі свечку, аддаючы тым самым даніну павагі памяці тых, чыё юнацтва было апалена вайной і гарачым афганскім сонцам. Піянеры паабяцалі імкнуцца жыць у дружбе і міры, быць сапраўднымі грамадзянамі сваёй дзяржавы.

Святлана ВАЙЦЯХОЎСКАЯ,
педагог-арганізатар Паляцкішскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна.