У кожнай установе адукацыі ёсць педагогі, якія для вучняў з’яўляюцца настаўнікамі з вялікай літары. Адзін з іх — педагог Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва імя М.А.Кедышкі Тамара Міхайлаўна Зайцава, якая, акрамя вучэбных заняткаў, праводзіць для сваіх выхаванцаў пазакласныя ўрокі мужнасці і культуры. Нядаўна ў Доме Масквы праводзілася літаратурна-музычнае мерапрыемства, прысвечанае Сусветнаму дню авіяцыі і касманаўтыкі, 55-й гадавіне палёту Ю.А.Гагарына ў космас.
Мерапрыемства было арганізавана ў Расійскім цэнтры навукі і культуры (Рассупрацоўніцтва) культурна-асветніцкім грамадскім аб’яднаннем “Наша Русь”. Пра што ж даведаліся навучэнцы каледжа разам з Тамарай Міхайлаўнай? Перш за ўсё пазнаёміліся з творчасцю артыстаў Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра. Акрамя таго, даведаліся і пра выставу карцін мастака з Цверы, на якіх адлюстраваны краявіды горада, і пра вялікага рускага палкаводца І.У.Гурко, ураджэнца Магілёўшчыны, які ў Балгарыі лічыцца нацыянальным героем, вызваліцелем ад турэцкага прыгнёту.
Прысутным таксама стала больш вядома і пра Сяргея Паўлавіча Каралёва — вучонага і канструктара, пад кіраўніцтвам якога створаны касмічныя караблі і ракеты, што праклалі дарогу ў космас, у тым ліку Юрыю Гагарыну. Пазнаёміліся з Мікалаем Пятровічам Каманіным — адным з першых Герояў Савецкага Саюза, які ўдзельнічаў у выратаванні чалюскінцаў вясной 1934 года, а ў гады Вялікай Айчыннай камандаваў авіядывізіяй і корпусам. Пасля вайны Мікалай Пятровіч займаў высокія пасады Ваенна-Паветраных Сіл і стаў адным са стваральнікаў Зорнага гарадка.
Падрабязна даведаліся хлопцы і дзяўчаты і пра Юрыя Аляксеевіча Гагарына, якія стаў чалавекам будучыні — здзейсніў прарыў у “вялікую невядомасць”. Усё яго жыццё — подзвіг: ад клуба ДТСААФ, вучобы на ваеннага лётчыка, да службы ў марской авіяцыі Паўночнага флота. Пра герояў-паўночнаморцаў таксама шмат цікавага пачулі мінчане. На экране залы гледачам былі паказаны дакументальныя кадры пра гады пасля палёту Ю.Гагарына і наступных касманаўтаў, якія паўтарылі подзвіг Юрыя Аляксеевіча.
Пасля завяршэння ўроку мужнасці і культуры, уроку патрыятызму ўдзельнікі не разыходзіліся, а абмяркоўвалі, як шырэй ахапіць навучальныя ўстановы гэтымі мерапрыемствамі з карысцю для маладога пакалення, каб стаць сапраўднымі патрыётамі.
Іван АРХІПАЎ,
член Беларускага саюза журналістаў і Ваенна-навуковага таварыства пры Цэнтральным Доме афіцэраў.