Героі нашага часу

- 17:31Нам пішуць

Мы жывём у свеце, дзе прафесіі ратавальнікаў і ўрачоў сталі звычайнымі, такімі знаёмымі і патрэбнымі. Але ж гэта небяспечныя прафесіі, якія можна параўнаць са штодзённым подзвігам. Прафесія пажарнага, ці, як яна цяпер называецца, ратавальніка — адна з самых небяспечных.

Агонь здольны ў любое надвор’е, а тым больш у сухое, нарабіць вялікай бяды. Задача пажарнай службы — выратаваць у першую чаргу людзей, а потым матэрыяльныя каштоўнасці, пабудовы, лясы. Здараецца, ратавальнікі самі становяцца ахвярамі агню. Гэта высакародная прафесія, бо не кожны чалавек можа проста падысці да падпаленага будынка, а тым больш зайсці ў яго, выратаваць людзей.

Вучні Уселюбскага дзіцячага сада — сярэдняй школы — частыя госці ў раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях. Дзецям вельмі цікава паглядзець на работу ратавальнікаў не проста збоку, падчас акцый, якія часта праводзяць супрацоўнікі РАНС сумесна з нашай школай. Малым цікава пабыць непасрэдна ў аддзеле, убачыць, як працуюць не толькі пажарныя, а пазнаёміцца бліжэй і з работай дыспетчараў, што прымаюць званкі. Нумар тэлефона 101 павінен ведаць кожны з дзяцінства. Вельмі добра, канечне, калі яго ніколі ў жыцці не спатрэбіцца набраць, але, хто ведае…

Падчас чарговай сустрэчы вучні падарылі супрацоўнікам аддзела свае работы. Так, Іван Саламейчук зрабіў для ратавальнікаў з пластыліну фігуру пажарнага. Гэта сустрэча адбылася яшчэ і ў рамках падрыхтоўкі да конкурсу “Ратавальнікі вачыма дзяцей”, у якім навучэнцы нашай школы заўсёды ўдзельнічаюць, у мінулым годзе нават занялі прызавыя месцы ў розных намінацыях.

А падчас экскурсіі ў аддзел хлопчыкаў і дзяўчынак здзівіла, як спакойна ратавальнікі расказваюць пра сваю работу, пра тое, што яны ў любы момант здольны рызыкаваць дзеля выратавання людзей. Вельмі прыемна, што сярод выпускнікоў школы ёсць нямала тых, хто выбраў ганаровую і такую патрэбную прафесію ратавальніка. І, напэўна, сярод сённяшніх вучняў знойдуцца тыя, хто ў будучым звяжа свой лёс са службай у МНС. А першым штуршком стане наша паездка ў аддзел па надзвычайных сітуацыях і знаёмства з сапраўднымі героямі нашага часу — ратавальнікамі.

Жанна АНТАНОВІЧ,
настаўніца пачатковых класаў, Навагрудскі раён, Гродзенская вобласць.