Імя для сярэдняй школы № 40 Гродна яшчэ задоўга да яе будаўніцтва было вызначана генпланам забудовы мікрараёна. Справа ў тым, што ўстанова адукацыі, якая сёння з гонарам носіць імя Героя Беларусі, размешчана на вуліцы Крамко. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Сад надзеі
Аб значнай для краіны асобе старшыні сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва сёння тут расказваюць юныя экскурсаводы. Старшыя школьнікі з цікавасцю вывучаюць яркую біяграфію Віталія Ільіча, а кожную вясну школьную тэрыторыю нібы квітнеючымі бела-ружовымі аблокамі ўпрыгожваюць пасаджаныя ўжо разам з прадаўжальнікамі справы жыцця Віталія Крамко яблыні саду надзеі.
— Два гады запар яны цвітуць нават увосень, — адзначае дырэктар школы Аляксандр Рымко.
І тут жа праводзіць цікавую паралель з біяграфіяй Віталія Ільіча Крамко. Як і двойчы на год квітнеючыя яблыні, год за годам ён здзіўляў не толькі вобласць, але і ўсю краіну вынікамі работы перадавога сельгаспрадпрыемства, быў вельмі патрабавальным да сябе і калег, заўсёды чакаў ад іх той жа ступені адданасці даручанай ім справе.
Тэрыторыя ўстановы адукацыі амаль у тры гектары яшчэ і сапраўдны цэнтр спартыўнага жыцця мікрараёна. На сучасных аб’ектах (тэнісным корце, футбольнай, баскетбольнай і валейбольнай пляцоўках, а таксама ў спартыўных залах і басейне) актыўны дыялог з вучнямі ў лепшых традыцыях здаровага ладу жыцця сёння будуюць не толькі настаўнікі фізічнай культуры і здароўя. Праводзяць заняткі тут прадстаўнікі пяці спартыўных школ горада. І пры такім падыходзе багацце камандных і асабістых узнагарод — аб’ектыўная заканамернасць.
— Кожная перамога нашых школьнікаў у спартыўных спаборніцтвах, творчых або інтэлектуальных конкурсах з 2022 года надае новыя фарбы светлай памяці Віталія Ільіча. У дыпломе побач з імем пераможцы заўсёды значыцца важная фармулёўка: вучань сярэдняй школы № 40 імя В.І.Крамко, — звяртае ўвагу Аляксандр Рымко.
З 2018 года ў школе адкрыта прысвечаная Віталію Ільічу Крамко экспазіцыя. У 2019 годзе імя Героя Беларусі было прысвоена піянерскай дружыне ўстановы адукацыі, якая на працягу некалькіх гадоў нязменна ўваходзіць у лік лепшых у Кастрычніцкім раёне Гродна.
У 40-й школе абласнога цэнтра заўсёды падтрымлівалі сувязь з жонкай Віталія Ільіча Валянцінай Іванаўнай і сынам Сяргеем Вітальевічам. Дата 13 верасня 2022 года — пункт адліку ў школьным летапісе. У гэты дзень была атрымана афіцыйная згода сына Героя Беларусі на прысваенне школе імя яго бацькі. Ужо 21 кастрычніка ўстанова адукацыі была перайменавана.
З любоўю да Беларусі
Пра жыццёвы шлях і працоўныя поспехі заслужанага работніка сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь (1996), узнагароджанага ордэнам Леніна, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга і медалём “За доблесную працу”, у сярэдняй школе № 40 Гродна сёння расказвае асобны стэнд у холе другога паверха. Побач з заўсёды даступнай для школьнікаў экспазіцыяй цэлая сцяна аформлена як барэльеф з выявай узаранага поля — фотазона з хэштэгам “Я люблю Беларусь”.
— Любімымі словамі Віталія Ільіча былі “Усё пачынаецца з зямлі”, — указваючы на адпаведныя словы-эпіграф да экспазіцыі, звяртае ўвагу дырэктар установы адукацыі. — І гэта сапраўды моцныя словы. З працы на зямлі пачынаецца любоў да Радзімы.
У школе актыўна падтрымліваюць сувязі з вытворчым кааператывам імя В.І.Крамко. Прычым такое ўзаемадзеянне двухбаковае. Школьнікі бываюць у гаспадарцы з экскурсіямі, а яго супрацоўнікі — у школе з мерапрыемствамі прафарыентацыйнай накіраванасці. У мінулым годзе, напрыклад, старшакласнікам расказвалі пра асаблівасці работы ў вытворчым кааператыве, жыццё работнікаў сельскай гаспадаркі. А таксама пра ўстановы адукацыі, якія рыхтуюць аграрыяў, тонкасці і механізмы атрымання мэтавага накіравання пры паступленні.
Школьнікі ж пра чалавека, імя якога носіць іх установа адукацыі, расказваюць не толькі гасцям. З 2022 года ў школе працуе свой медыяцэнтр “40_TV” як сумесны праект з гарадскім тэлеканалам “Гродна плюс”. Юныя медыйцы рыхтуюць выпускі навін і сюжэты “PROшколу”, вядуць рубрыкі “Інтэрв’ю з госцем” і “Мабільнае відэа”.
У архіве школьнай медыястужкі асаблівае месца адведзена сюжэтам вучняў з урачыстага мерапрыемства па прысваенні школе імя Віталія Ільіча Крамко, відэапрэзентацыі аб аднайменнай школе на вуліцы Крамко і інтэрв’ю з сынам Героя Беларусі.
“Вертикально взлетают редкие самолеты”
— Для ўсёй сям’і Крамко, а таксама для работнікаў нашага прадпрыемства прысваенне школе Гродна імя Віталія Ільіча — знакавая і важная падзея. Мы бачым, чуем і ведаем пра вынікі працы школы, у прыватнасці, пра дасягненні вучняў у спорце, вучобе, культурна-масавых мерапрыемствах. Спадзяёмся, што вырастуць тут і моцныя спецыялісты для сельскай гаспадаркі, бо карміць краіну не менш важна, чым лячыць і будаваць яе, — у інтэрв’ю са школьнікамі адзначаў Сяргей Вітальевіч Крамко.
Сёння ён умела працягвае справу бацькі. У вытворчым кааператыве імя В.І.Крамко шмат гадоў вядзе свой аповед музей працоўнай славы, адна з экспазіцый прысвечана памяці Героя Беларусі. На мностве здымкаў адлюстраваны фактычна ўсе этапы жыцця і працы Віталія Ільіча, і школьнікі Гродна бывалі ў гэтай зале не раз.
Сыны Героя Беларусі дапамаглі і ў афармленні кутка памяці бацькі ў сярэдняй школе № 40. Сярод асабістых рэчаў і архіўных здымкаў сваё месца пад шклом стэндаў адведзена кнізе пісьменніка і журналіста Васіля Шырко “Его хлебов держава”.
Апавяданне амаль у 200 старонак — цікавы праект, які складаецца з дакументальнай аповесці, нарысаў і эсэ пра Віталія Ільіча.
Гартаючы яе, разумееш, што нявывучаных старонак біяграфіі Героя Беларусі амаль не засталося. А арыгінальнае аўтарскае параўнанне Віталія Ільіча з самалётам гаворыць пра яго як пра старшыню: “Вертикально взлетают редкие самолеты, большинству нужен разбег. …Если сравнивать людей с самолетами, то Виталий Ильич — истребитель, предпочитающий вертикальный взлет, иначе чем объяснить, извините за тавтологию, необъяснимый взлет возглавляемого им хозяйства”.
Герой Беларусі часта сустракаўся з журналістамі, хоць і не любіў павышанай увагі да сваёй персоны. У Квасоўку Гродзенскага раёна нярэдка зазіралі журналісты з Мінска і нават з Масквы. І аўтар кнігі тлумачыць гэта проста: “Им было с чем сравнивать успехи “Октября”, со стороны всегда виднее”.
Перачытваючы адказы Віталія Ільіча на пытанні аднаго з апошніх яго вялікіх інтэрв’ю ў 2006 годзе, аўтар згаданай кнігі аформіў іх як маналог Героя Беларусі. І ў гэтым маналогу мімаволі спыняешся на наступнай цытаце: “И хотя по возрасту я уже пенсионер, пока дышу, не могу не работать… Хотя труд хлебороба нелегкий, я хочу, чтобы не только мои сыновья Андрей, Сергей и Денис, но также внуки и внучки продолжали мое дело”.
Што тут скажаш? І працягваюць, і прымнажаюць. А сучаснікі памятаюць, аглядаюцца на дасягненні старэйшага Крамко і ўслаўляюць. Услаўляюць імя Віталія Ільіча, заваёўваючы перамогі, і вучні школы, якая носіць яго імя. Установа ж адукацыі імкнецца адпавядаць той вышыні, якая ў свой час была пад сілу рэдкаму гаспадару, чалавеку слова і справы. Адным словам — герою.
Даведка
Віталій Ільіч Крамко нарадзіўся ў лютым 1941 года ў вёсцы Беражное Карэліцкага раёна. Пасля заканчэння васьмі класаў пайшоў працаваць на Карэліцкі вапнавы завод. Цягаў тачкі, мяшкі з вапнай, капаў гліну.
Пасля трохгадовай службы ў радах Савецкай Арміі месцам яго першага вопыту на аграрным шляху ў 1964 годзе стаў калгас імя Чарняхоўскага Карэліцкага раёна. Пасля была вучоба ў Навагрудскім сельскагаспадарчым тэхнікуме. Вышэйшую адукацыю атрымаў у Гродзенскім сельскагаспадарчым інстытуце — сёння Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт. У яго працоўнай біяграфіі быў вопыт працы аграномам калгаса “Камсамолец” і загадчыкам вытворчага участка, галоўным аграномам калгаса “Прагрэс” Гродзенскага раёна. Пачынаў свае “прагрэсаўскія” старонкі працоўнай біяграфіі пад кіраўніцтвам Фёдара Пятровіча Сянько — Героя Сацыялістычнай Працы.
На працягу дзевяці гадоў працаваў намеснікам побач са старшынёй калгаса Аляксандрам Іосіфавічам Дубко. У 2001 годзе і Аляксандру Іосіфавічу, і Віталію Ільічу было прысвоена званне Героя Беларусі. Сёння імёны абодвух паплечнікаў носяць установы адукацыі абласнога цэнтра.
Віталій Ільіч да апошняга ўкладваў душу і сілы ў калгас “Кастрычнік” Гродзенскага раёна. Ён, дарэчы, і сёння добра вядомы на ўзроўні рэспублікі ўжо як вытворчы кааператыў імя В.І.Крамко. Менавіта тут асабліва праявіўся талент Віталія Ільіча як патрабавальнага, але справядлівага кіраўніка, дальнабачнага стратэга сельскагаспадарчай галіны, мудрага кіраўніка, руплівага гаспадара.
Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара і з архіва школы