Гідралогію і фітапаталогію вывучаюць юныя даследчыкі з Жупран

- 9:00Главная, Образование

Настаўніца хіміі і біялогіі Жупранскай сярэдняй школы імя Ф.К.Багушэвіча Ашмянскага раёна Людміла Юхневіч дапамагае сваім навучэнцам адчуць сябе вучонымі. У вучэбную лабараторыю завітала карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Прафесійная рэпетыцыя

Людміла Станіславаўна ніколі не абмяжоўвалася толькі правя­дзеннем урокаў. Яна прызнаецца, што самае галоўнае ў яе дзейнасці — экалагічная адукацыя. Таму яна і сама ў гэтым кірунку пастаянна ўдасканальваецца, прымаючы актыўны ўдзел у адпаведных семінарах, вэбінарах, канферэнцыях, педагагічных форумах, і захапляе экалогіяй сваіх навучэнцаў. Дзякуючы ўмеламу кіраўніцтву педагога, работа над экалагічнымі праектамі і даследаваннямі ператвараецца для вучняў у прафесійныя пробы, а скончыўшы школу, многія з іх выбіраюць прафесіі, блізкія да гэтага кірунку.

— Пачынаецца мая дзей­насць з першых урокаў біялогіі ў 6 класе, — дзеліцца Людміла Юхневіч. — З новым прадметам дзеці знаёмяцца падчас экскурсій, назіранняў, квест-гульняў, і, як правіла, ужо на гэтым этапе вылучаецца мінімум адно дзіця ў класе, якому мала толькі школьнай праграмы і якое хоча вывучаць прадмет глыбей. Падчас правядзення лабараторных і практычных работ на ўроках хіміі ў 7 класе яшчэ раз упэўніваюся, хто з вучняў — той самы юны даследчык.

Такіх цікаўных дзяцей з гэтай і іншых школ аб’ядноўвае раённае таварыства “Навука”, якім і кіруе Людміла Станіславаўна.

— У наша таварыства ўвахо­дзяць 4 школы, але на пасяджэннях мы рады ўсім жадаючым. Тут мы праводзім канферэнцыі па вырашэнні пэўных праблем, квест-гульні, гутаркі-абмеркаванні і інш., падчас якіх навучэнцы ­вучацца свабодна гаварыць і без страху выступаць перад пуб­лікай, не губляцца, калі эксперты задаюць ім пытанні падчас абароны праектаў. Так я імкнуся не толькі надаць дзецям упэўненасці падчас конкурсаў і алімпіяд, але і даць ім магчымасць ужо цяпер адчуць сябе вучонымі, — гаворыць педагог.

Ахова валошак і дыягназ для бярозы

Адкуль бяруцца тэмы даследаванняў? Настаўніца адказвае: проста з прыроды, з таго, што лёгка прымеціць, калі ўважліва паглядзець навокал.

Так, дзевяцікласніца Надзея Садоўская захапляецца батанікай. Са свайго вопыту назіранняў яна ўжо добра ведае, наколькі ўразлівыя нашы лугавыя кветкі. І адна з сур’ёзных прычын гэтага — аг­рэсія інвазійных раслін-чужаземцаў, якія імкліва запаланяюць нашы лугі і лясы, выцясняючы сабой мясцовыя рамонкі, валошкі, дзьмухаўцы.

— Мы стварылі карту, куды нанеслі ўсе віды раслін, якія знайшлі за два гады даследавання, інфармацыю пра іх і каардынаты месцаў знаходжання. Карта даступная не толькі па спасылцы, але і па QR-кодзе, а мясцовым жыхарам мы расказалі пра шкоду інвазійных раслін праз лістоўкі. На канферэнцыі, дзе мы прэзентавалі гэтую работу, былі і прадстаўнікі раённай прыродаахоўнай арганізацыі, якія зацікавіліся нашым даследаваннем. Тады якраз была вясна — самы сезон для скошвання і прымянення хімічных сродкаў. Вынік сваёй работы мы ацанілі праз год, калі праехаліся па азначаных месцах і нідзе не ўбачылі інвазійных раслін, — дзеліцца Надзея Садоўская.

Такім чынам, для дзяўчынкі перамога была не толькі на паперы, але і ў рэальнасці, ды яшчэ і з прыемным бонусам — падзякай ад раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

А мінулым летам Надзея пад кіраўніцтвам свайго педагога дапамагала яшчэ і Інстытуту эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі. Па заданні яго супрацоўнікаў для папаўнення асноўнага фонду сасудзістых раслін яна сабрала гербарый з больш як ста раслін Ашмянскага раёна. Дарэчы, гэтая работа прынесла Надзеі перамогу на рэспубліканскай канферэнцыі даследчых работ. Усяго ж за 3 гады даследаванняў яна атрымала больш за 20 узнагарод абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў.

Па слядах Надзеі ідзе і сямікласніца Мілана Кетрыс. Дзяўчынка ўжо шмат ведае пра хваробы раслін і іх прафілактыку, можа даць слушную параду па доглядзе раслін ці аказаць хуткую дапамогу садавінна-ягадным і дэкаратыўным культурам. Мілана ведае, як называецца тая ці іншая расліна на лацінскай мове, да якога віду яна адносіцца, якія хваробы характэрныя менавіта для гэтай расліны, якія існуюць метады барацьбы з імі. Больш за паўсотні ўзораў лісця з сімптомамі захворванняў розных відаў дрэў яна сабрала, высушыла і з дапамогай педагога аформіла ў гербарый, а таксама ўказала месцы іх росту на электроннай інтэрактыўнай карце распаўсюджвання тыпаў пашкоджанняў травяністых і драўнінна-хмызняковых раслін на тэрыторыі Ашмянскага і Смаргонскага раёнаў.

З гэтым даследаваннем дзяўчынка стала лаўрэатам Міжнароднай выставы інавацыйных дасягненняў “Навідавоку”. Акрамя таго, яна дыпламант абласнога конкурсу навукова-даследчых работ “Я спазнаю свет”, удзельніца Усерасійскага чэмпіянату ў сферы экалогіі і ўстойлівага развіцця “Экалаб” і інш.

Ужо шосты год не спыняе сваіх даследаванняў адзінаццацікласніца Арына Сухадольская. Да 6 класа яна паглыблена вывучала беларускую і рускую мовы, але, калі ў раскладзе з’явілася біялогія, яна вельмі зацікавілася гэтай навукай і з захапленнем занялася даследчай дзейнасцю. І ўжо ў першы год заняткаў яна заняла 3-е месца на рэспубліканскім конкурсе даследчых работ і стала стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Поспех ёй прынёс праект па вывучэнні відаў угнаенняў і іх уплыву на ўраджайнасць агародніны і ўтрыманне ў ёй нітратаў.

За перамогу ў міжнародным праекце, прысвечаным ахове рэк ад хімічных забруджванняў (які аб’яднаў 91 школу Беларусі), Арына са сваім педагогам атрымала прыз — мабільную лабараторыю па вызначэнні якасці вады. Таму натуральна, што наступнай іх работай было вызначэнне якасці вады ў калодзежах раёна. З гэтай работай Арына стала пераможцай на абласным этапе конкурсу даследчых работ і атрымала яшчэ адзін каштоўны падарунак.

Трэці год запар Арына — удзель­ніца адукацыйных змен Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка. Летась яе як лепшую навучэнку запрасілі на форум выпускнікоў, а ў гэтым навучальным годзе, напрыканцы снежня, — на 10-дзённае навучанне ў адукацыйны цэнтр “Сірыус” у Сочы. Там Арына асвойвала праектную праграму па біялогіі, у прыватнасці малекулярна-генетычныя метады дыягностыкі па ДНК чалавека. Цяпер дзяўчына працягвае там займацца дыстанцыйна.

Калі выпускнікі — калегі

Няма сумненняў, што для некаторых сённяшніх юных даследчыкаў пасля заканчэння школы дзверы ў навуку не зачыняцца. Кожны год сярод выпускнікоў ёсць тыя, хто марыць пра атрыманне сумежных прафесій.

Людміла Юхневіч гаворыць:

Я прыходжу на медкамісію ў Ашмянскую цэнтральную раённую бальніцу да сваіх выпускнікоў! Некаторыя лечаць пацыентаў у іншых гарадах. Напрыклад, Таццяна Волк працягнула навуковую дзейнасць і ва ўніверсітэце, і на першым працоўным месцы. Яна — уладальніца прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэс­публікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, стыпендыі імя Францыска Скарыны, прэміі імя А.П.Русяева маладым вучоным Навукова-практычнага цэнтра гігіены, дзе яна з’яўляецца аспірантам і рыхтуецца абара­няць дысертацыю на саісканне вучонай ступені медыцынскіх навук па спецыяльнасці “Гігіена”. У Таццяны больш за 80 публікацый, яна суаўтар мноства рацыяналізатарскіх прапаноў.

Акрамя ўрачоў, мае выпускнікі становяцца інжынерамі-хімікамі-тэхнолагамі, фармацэўтамі, аграномамі, настаўнікамі фізкультуры, асвойваюць вытворчасць лекавых прэпаратаў на факультэце неарганічнай хіміі БДТУ, вучацца на настаўнікаў хіміі і біялогіі ў БДУ і БДПУ. У мінулым годзе, калі я доўга была на бальнічным з траўмай, мяне замянялі мае выпускніцы, а цяпер калегі Яна Мішчановіч і Яна Сяргей, якія працуюць настаўніцамі хіміі і біялогіі ў нашым раёне і ў Астраўцы.

Кожны год у лютым у школу прыязджаюць выпускнікі, каб падзяліцца сваімі поспехамі з любімай настаўніцай і натхніць на правільны прафесійны выбар сённяшніх старшакласнікаў.

Святлана НІКІФАРАВА
Фота аўтара