Гімн маці на розных мовах свету

У Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка падвялі вынікі конкурсу творчых работ студэнтаў і магістрантаў “Гімн маці”. Ён праходзіў у межах рэалізацыі сацыяльна-адукацыйнага праекта БДПУ і Беларускага саюза жанчын “Здаровая сям’я — здаровая нацыя” з 29 верасня па 10 кастрычніка. Мерапрыемства было прымеркавана да Дня маці.

Па словах арганізатараў, асноўнай задачай конкурсу з’яўляецца выхаванне ў маладых людзей каштоўнасцей сям’і, мацярынства, нараджэння і выхавання дзяцей. Сёлета на суд журы было вынесена больш за 350 работ ад студэнтаў БДПУ, БДУ, БДУКМ, ВДМУ, ВДУ імя П.М.Машэрава, БрДУ імя А.С.Пушкіна, МДУ імя А.А.Куляшова і Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтваў. Талент юнакоў і дзяўчат, якія выказалі сваю любоў да самага дарагога ў іх жыцці чалавека, ацэньваўся ў намінацыях “Літаратурная творчасць”, “Мастацка-выяўленчая творчасць”, “Музычная творчасць” і “Мультымедыйная творчасць”. Ганаровыя граматы лаўрэатам конкурсу ўручылі першы прарэктар БДПУ Святлана Копцева, заслужаная артыстка Беларусі Ірына Нарбекава, дзіцячы пісьменнік і член праўлення Беларускага саюза жанчын Тамара Бунто і дэкан факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій Вера Мартынава.

“Мы рады, што многія не засталіся абыякавымі, а конкурс набыў статус рэспубліканскага, — звярнулася да прысутных Святлана Іванаўна Копцева. — Гэты конкурс мае выхаваўчы характар, што з’яўляецца неадемнай часткай нашай работы. Прыемна, што ў мерапрыемстве задзейнічаны не толькі студэнты, але і іх куратары”.

Перад гасцямі з песнямі пра маці на родных мовах выступілі студэнты з Кітая і Туркменістана, а Ірына Нарбекава прачытала верш Анатоля Аўруціна. “Будзьце галоднымі да ведаў і прагніце прыгожага. Гэта дасць вам добрую пуцёўку ў жыццё, — параіла маладым талентам Ірына Веньямінаўна. — І памятайце, што ўсё родам з дзяцінства”.

Студэнты-пераможцы конкурсу Алег Сталяроў (“Літаратурна-мастацкая творчасць”) і Эджэбай Халымава (“Музычная творчасць”) адказна рыхтаваліся ўжо з самага пачатку навучальнага года. “Прыйшлося добра папрацаваць, але атрымалася лірычна, шчымліва і прыгожа”, — ацанілі сваю работу маладыя людзі. І гэта можна сказаць не толькі пра іх выступленне, але і ўвогуле пра ўсё свята.

Ірына ІВАШКА.
Фота аўтара.