Гімназія №3 Віцебска імя А.С.Пушкіна заключыла пагадненне аб супрацоўніцтве з Адзінцоўскім ліцэем №6 Масквы

- 17:15Новости

Гімназія № 3 Віцебска імя А.С.Пушкіна зноў пашырыла сяброўскае кола: заключана пагадненне аб супрацоўніцтве з Адзінцоўскім ліцэем № 6 (Масква), паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

— У генія ёсць цудоўная ўласцівасць заставацца запатраба­ваным і надзённым ва ўсе часы, служыць крыніцай натхнення для нашчадкаў, — упэўнена дырэктар гімназіі Алена Мацвеева. — Імя Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна было прысвоена нашай установе адукацыі ў 2007 годзе. Гэта невыпадкова, бо Віцебск адзначаны на пушкінскіх шляхах. Віцебшчына падарыла свету многія пакаленні таленавітых паэтаў. Наша гімназія ўнікальная: асноўныя вучэбныя заняткі спалучаюцца з заняткамі музыкай, выяўленчым мастацтвам, харэаграфіяй. Навучэнцы і педагогі не проста захапляюцца — яны жывуць творчасцю. І ў сусвет вялікага паэта нашы дзеці паглыбляюцца не толькі на ўроках у межах зададзеных тэм. Радкі Пушкіна гучаць у сэрцах, вучаць і выхоўваюць, натхняюць на добрыя справы, падказваюць цікавыя ідэі, дапамагаюць знайсці новых сяброў.

Дэвізам калектыву сталі словы з рамана “Яўген Анегін”: “Шукаю саюза чароўных гукаў, пачуццяў і дум”. Ва ўстанове адукацыі дзейнічае Пушкінскі цэнтр, якім кіруе настаўніца Іна Бабенка.

Сярод самых значных падзей 2023 года — уступленне ў асацыяцыю “Садружнасць адукацыйных арганізацый імя А.С.Пушкіна і педагогаў”. Практычна кожны месяц не абыходзіцца без вялікага творчага мерапрыемства, камертонам якога гучыць высокая паэзія. Так, у кастрычніку гэта было свята пасвячэння ў гімназісты, прымеркаванае да дня адкрыцця Царскасельскага ліцэя. У мінулым лістападзе віцябляне прымалі гасцей з Татарстана, быў заключаны дагавор аб супрацоўніцтве з ліцэем № 9 Зеленадольска імя А.С.Пушкіна. Але, напэўна, самыя цікавыя падзеі разгортваюцца ў лютым, калі гімназія выступае цэнтрам дзён Пушкіна ў Віцебску.

— У гэты час кожны жадаючы можа дакрануцца да творчасці вялікага паэта, адчуць сябе артыстам тэатра, узяць у рукі пэндзаль ці пяро, развіць талент паэта, чытальніка, акунуцца ў эпоху Пушкіна, — расказала Алена Антонаўна. — Напрыклад, мы падводзім вынікі штогадовага гарадскога паэтычнага конкурсу. Арганізоўваем паэтычны турнір і творчыя майстэрні для пачаткоўцаў сумесна з Саюзам пісьменнікаў Беларусі, журы ўзначальвае старшыня абласнога аддзялення Тамара Краснова-Гусачэнка. Цяперашні конкурс набыў статус адкрытага і адразу выйшаў на міжнародны ўзровень: больш за 150 вершаў у сямі намінацыях прадставілі віцебскія навучэнцы і іх равеснікі з Брэста, Гомеля, Татарстана і Масквы. У ліку пераможцаў ёсць і нашы дзеці — удзельнікі літаратурнага клуба “Сугучча” пад кіраўніцтвам настаўніцы Тамары Ісаенка. Дарэчы, і нашы педагогі ўдала займаюцца прыгожым пісьменствам — узорам можна на­зваць настаўніцу Вольгу Багаслоўскую. Акрамя таго, традыцыйнымі ў гімназіі з’яўляюцца тэматычныя філармоніі для дзяцей розных узростаў. Сёлета падчас адной з іх мы падпісалі дагавор аб супрацоўніцтве з Адзінцоўскім ліцэем № 6 імя А.С.Пушкіна. Яго дырэктар Ірына Стрыжак разам са сваімі калегамі прыязджалі да нас. Шчырае захапленне ў расійскіх гасцей выклікалі наш знакаміты баль і прэм’ерны спектакль, прэзентаваны Пушкінскім цэнтрам.

Пушкінскі баль у гімназіі — шматгадовая традыцыя, яркая візітная картка ўстановы адукацыі. Падрыхтоўку курыруе Валянціна Вішнеўская. У праграме 19 танцаў: спаборнічаюць конкурсныя пары навучэнцаў, да свята з задавальненнем далучаюцца выпускнікі.

Асаблівы настрой сёлетняму балю надала дата правядзення: роўна 190 гадоў споўнілася з дня напісання рамана “Яўген Анегін”. Таму ўдзельнікі не толькі танцавалі, паглыбляліся ў правілы бальнага этыкету, але і размаўлялі, прызнаваліся ў каханні, выкарыстоўваючы ўрыўкі з рамана.

Варта дадаць: штогадовая пушкінская тэатральная прэм’ера з’яўляецца не менш рэзананснай падзеяй. У гэтым напрамку гімназія плённа ўзаемадзейнічае з Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатрам імя Якуба Коласа. Чаканні заўсёды высокія, і заслужыць сімпатыі гледачоў няпроста. Аднак юныя артысты справіліся на выдатна. Спектакль паводле твораў пра Пятра І публіка ўзнагародзіла заслужанай авацыяй.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота прадастаўлена гімназіяй № 3 Віцебска імя А.С.Пушкіна