“Гістарычная” зорачка

- 11:58Нам пішуць

У раённым этапе рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі сярод дзесяцікласнікаў сямікласнік Яўген Бурда з Маларыцкай раённай гімназіі заняў 2-е месца.

— Я вельмі сур’ёзна рыхтаваўся да інтэлектуальных спаборніцтваў, хацелася трапіць у тройку лепшых, хаця добра разумеў, што гэта будзе складана, — гаворыць Яўген. — Настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Ірына Іванаўна Сацюк займалася са мной дадаткова. У алімпіядзе ўдзельнічаў для таго, каб праверыць веды па гісторыі. Убачыў, што яшчэ шмат чаго не ведаю. Гэта стымулюе да далейшага больш удумлівага і сур’ёзнага вывучэння такой цікавай і захапляльнай навукі, як гісторыя.

І.І.Сацюк расказала, што на Яўгена звярнула ўвагу на першых ўроках гісторыі яшчэ ў 5 класе. Сярод аднакласнікаў ён вылучаўся ўседлівасцю, жаданнем атрымаць адказы на шматлікія пытанні, звязаныя з мінулым.

— Да ўрокаў гісторыі Яўген заўсёды рыхтуецца сур’ёзна і грунтоўна, — адзначае настаўніца. — Яго адказы вызначаюцца глыбінёй, паўнатой і канкрэтнасцю. Для гэтага вучань абавязкова чытае дадатковыя матэрыялы па тэме ўрока ў энцыклапедыях, даведачных выданнях, інтэрнэце.

Яўген зацікавіўся гісторыяй у 5-гадовым узросце. Спачатку, не ўмеючы чытаць, проста разглядаў малюнкі ў кнігах на гістарычную тэматыку, што вельмі захапляла. Пакуль большасць аднагодкаў бегала з футбольным мячом, ён з задавальненнем сядзеў за чарговай кніжкай. Гэта паступова стала звычкай.

— Некалькі гадоў назад захапіўся падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, пазней — Сярэднявеччам, — расказвае хлопчык. — Любы гістарычны перыяд цікавы і пазнавальны, бо мае свае асаблівасці. Імкнуся даведацца, чаму адбылася пэўная падзея, дзе яе вытокі, якія мела вынікі для канкрэтнага народа і ўсяго свету. З задавальненнем чытаю матэрыялы пра вядомых асоб мінулага, якія ўплывалі на ход сусветнай гісторыі. Сёння цікаўлюся перыядам ХІХ—ХХ стагоддзяў.

З будучай прафесіяй Яўген Бурда ўжо вызначыўся. Плануе звязаць жыццё з правазнаўствам. Можна не сумнявацца, што так і будзе, бо Яўген надзвычай валявы і мэтанакіраваны. Так, пасля заканчэння 6 класа хлопчык вырашыў праверыць свае веды, для чаго паспяхова прайшоў псіхалагічны адбор, здаў уступныя пісьмовыя экзамены па беларускай мове і матэматыцы, дыферэнцыраваны залік па фізічнай падрыхтоўцы — і быў залічаны курсантам 1 курса Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.