Гісторыя даўжынёй у стагоддзе

- 15:51Апошнія запісы, Вышэйшая школа, Рознае

100-годдзе БДПУ — значная сацыяльна-культурная падзея ў лёсе педагагічнай адукацыі. Такія падзеі заўсёды выклікаюць цікавасць: хочацца ведаць умовы, абставіны, падрабязнасці.

Неабходнасць адкрыцця ў Мінску настаўніцкага інстытута была выклікана павелічэннем колькасці вышэйшых пачатковых вучылішчаў у Мінскай губерні і патрэбай падрыхтоўкі для іх настаўнікаў. Пэўны час гэтую патрэбу задавальняў Віленскі настаўніцкі інстытут, але колькасць яго выхаванцаў была значна меншай, чым штогадовая колькасць вакансій у вышэйшых пачатковых вучылішчах.
У дакладзе “Аб неабходнасці адкрыцця настаўніцкага інстытута ў Мінску” будучы кіраўнік навучальнай установы Д.А.Сцяпура адзначыў: “Даводзіцца замяшчаць настаўніцкія пасады “непаўнапраўнымі” асобамі, якія не прайшлі курс сур’ёзнай педагагічнай школы, і гэтая акалічнасць не можа не адбівацца на якасці працы вучэльняў”.
22 чэрвеня 1914 года міністр народнай асветы Расійскай імперыі Л.А.Касо даў дазвол адкрыць у Мінску настаўніцкі інстытут. Дырэктарам інстытута быў прызначаны Д.А.Сцяпура. Тэрмін навучання складаў 3 гады. Прымаліся мужчыны праваслаўнага веравызнання, якія мелі двухгадовы стаж настаўніцкай працы. Фінансаваўся інстытут за дзяржаўны кошт. Вучэбныя праграмы арыентаваліся на ўзровень сярэдняй школы, а педагагічныя дысцыпліны, багаслоўскі курс, гісторыя і літаратура выкладаліся па праграмах, набліжаных да ўзроўню вышэйшай школы.
На першыя прыёмныя экзамены з’явіўся 71 чалавек, 45 з іх мелі званне настаўніка пачатковага вучылішча. Уступныя іспыты паспяхова здалі 30 абітурыентаў. Заняткі пачаліся ў кастрычніку. Педагагічны калектыў складаўся з дырэктара і 7 выкладчыкаў.
21 лістапада 1914 года адбылося афіцыйнае ўрачыстае адкрыццё Мінскага настаўніцкага інстытута. Прысутнічалі ганаровыя госці: біскуп Мінскі і Тураўскі, епіскап Слуцкі, камандуючы Мінскай ваеннай акругай, Мінскі губернатар і віцэ-губернатар, а таксама прадстаўнікі мясцовых адміністрацыйных устаноў і кіраўнікі ўсіх навучальных устаноў Мінска.
Падчас урачыстасці дырэктар Д.А.Сцяпура звярнуўся да прысутных з наступнымі словамі: “ХХ стагоддзе нярэдка называюць стагоддзем дзіцяці, стагоддзем педагогікі. Сапраўды, ніколі педагагічная думка не працавала так інтэнсіўна, як цяпер. Ідзе агульны сур’ёзны перагляд ранейшых сістэм, метадаў і прыёмаў навучання і выхавання, вызначаюцца новыя шляхі і плыні, ствараюцца новыя педагагічныя дысцыпліны, склікаюцца педагагічныя з’езды, прычым гэта цікавіць не толькі вузкія колы спецыялістаў, але і шырокія пласты адукаванага грамадства”.
Першая сусветная вайна і спалучаныя з ёй цяжкасці стрымлівалі дзейнасць настаўніцкага інстытута. У 1915 годзе навучальная ўстанова была эвакуіравана ў Яраслаўль. Заняткі праходзілі ў вячэрні час, не хапала дапаможнікаў, абсталявання. У гэтых умовах выхаванцы інстытута дэманстравалі жаданне вучыцца. У пратаколе пасяджэння педагагічнага савета Мінскага настаўніцкага інстытута адзначалася: “У Настаўніцкі інстытут паступаюць дарослыя асобы, з поўным свядомым намерам набыць веды для будучай педагагічнай працы. Яны ставяцца да справы добрасумленна і працуюць шмат…”
20 чэрвеня 1921 года інстытут быў рэарганізаваны ў педагагічны факультэт БДУ. Функцыянавалі чатыры аддзяленні: сацыяльна-гістарычнае, этнолага-лінгвістычнае, фізіка-матэматычнае, прыродазнаўчае. Выкладчыцкую дзейнасць на факультэце ажыццяўлялі 25 прафесараў, 35 дацэнтаў, 36 выкладчыкаў і асістэнтаў.
7 чэрвеня 1931 года СНК БССР прыняў рашэнне аб стварэнні самастойнага Вышэйшага педагагічнага інстытута ў Мінску. Інстытут прызначаўся рыхтаваць выкладчыкаў для сярэдніх школ, рабфакаў і тэхнікумаў. Установе далі такую назву, каб адрозніваць яе ад Віцебскага, Гомельскага і Магілёўскага педагагічных інстытутаў, якія на працягу 2 гадоў рыхтавалі кадры для сямігодкі.
У 1936 годзе інстытуту было прысвоена імя А.М.Горкага. Для лепшых студэнтаў літаратурнага факультэта ўстанаўлівалася персанальная горкаўская стыпендыя. Усімі формамі навучання на пяці факультэтах (гістарычным, мовы і літаратуры, геаграфічным, педагагічным і замежных моў) было ахоплена 2236 чалавек.
Падчас вайны інстытут не функцыянаваў. Выкладчыкі і студэнты доблесна змагаліся з нямецка-фашысцкімі захопнікамі на франтах, у партызанскіх атрадах і падполлі. 8 выкладчыкаў і студэнтаў былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза.
У верасні 1944 года інстытут узнавіў сваю дзейнасць. У жніўні 1949 года навучальная ўстанова размясцілася ў новым будынку насупраць Дома ўрада.
Да сярэдзіны 70-х гадоў на долю педагагічнага інстытута прыходзілася больш за 30% настаўнікаў, падрыхтаваных вышэйшымі навучальнымі ўстановамі рэспублікі. У інстытуце функцыянавалі 8 факультэтаў, 40 кафедраў. Выкладчыцкую дзейнасць ажыццяўлялі 448 вучоных.
У пачатку 80-х гадоў МДПІ імя А.М.Горкага з’яўляецца вядучым цэнтрам падрыхтоўкі навукова-педагагічных кадраў. Толькі на кафедры педагогікі (загадчык Д.І.Вадзінскі) у 1980 годзе вучылася 46 аспірантаў і 70 саіскальнікаў.
8 верасня 1993 года Мінскаму дзяржаўнаму педагагічнаму інстытуту нададзены статус універсітэта, а праз два гады прысвоена імя народнага паэта Максіма Танка.
Сёння ў БДПУ налічваецца 12 факультэтаў, на якіх вучыцца больш за 15 тысяч студэнтаў. Вучэбны працэс ажыццяўляюць 922 выкладчыкі, сярод якіх 68 дактароў навук і 350 кандыдатаў навук.
За 100 гадоў сваёй слаўнай і багатай гісторыі ўніверсітэт набыў добрую рэпутацыю. Выбітныя навукоўцы і педагогі, вядомыя навуковыя школы і цэнтры, высокі ўзровень этыкі прафесійных і міжасобасных адносін, пераемнасць традыцый — усё гэта БДПУ сёння.

Іван ЦЫРКУН,
загадчык кафедры педагогікі, доктар педагагічных навук, прафесар.