Гісторыя на ёлачных галінках

- 10:45Навіны рэгіёнаў, Рознае

Немагчыма ўявіць сабе навагоднія святы без ёлкі. А яе ўпрыгожванне — самы любімы і доўгачаканы занятак як для дзяцей, так і для многіх дарослых. Але асаблівым святочнае дрэва робяць не пластмасавыя шарыкі ды пацеркі, якіх на сучасных ёлках не злічыць, а тыя ёлачныя цацкі, якія захоўваюць у сабе цеплыню некалькіх пакаленняў адной сям’і. У сям’і настаўніцы пачатковых класаў Багданаўскай сярэдняй школы Лунінецкага раёна Людмілы Васільеўны Ярмольчык пераднавагодні час — гэта час цёплых сямейных успамінаў, задушэўных размоў і… рарытэтных цацак. Жанчына ўжо шэсць гадоў калекцыяніруе навагоднія цацкі, а апошнім часам і святочныя паштоўкі.

“Пачалося ўсё з навагодняга нумара “Настаўніцкай газеты”, які трапіў у мае рукі шэсць гадоў назад. Гэта быў артыкул пра настаўніцу-калекцыянера навагодніх цацак. Прачытала яго і падумалася: “Як жа цікава збіраць старыя цацкі — гэта ж проста гісторыя на ёлачных галінках!” У гэты ж дзень у нашай школе ўпрыгожылі ёлку. Мае вучні пабеглі глядзець на яе і мяне пацягнулі за сабой. Здавалася б, упрыгожваюць штогод, але менавіта ў гэтым годзе лясная прыгажуня ўразіла мяне разнастайнасцю сваіх цацак. Напэўна, пасля артыкула ў газеце стала звяртаць на іх увагу. Пакуль мы з дзецьмі прыглядаліся да цацак, прайшла дырэктар школы і заўважыла, што па гісторыі ёлачных цацак можна было б правесці сапраўдную даследчую работу”.

Пасля яе слоў Людміла Васільеўна зразумела, што сам лёс падказвае ёй тэму даследчай работы для сваіх выхаванцаў — малодшых школьнікаў. Вучні яе з радасцю падтрымалі — сталі збіраць навагоднія цацкі, вывучаць іх гісторыю. Праз год яны абаранілі сваю работу на раённым узроўні і, здавалася б, пра навагодні занятак можна было б забыць, але даследчая дзейнасць з цягам часу ператварылася для настаўніцы ў хобі. І ўжо шэсць гадоў Людміла Васільеўна з дапамогай вучняў папаўняе калекцыю атрыбутаў свята, збіраючы іх для душы і, як прызнаецца сама настаўніца, для будучых пакаленняў. На сёння ў яе калекцыі — каля 200 рарытэтных цацак, якія з’явіліся ў 50—80-х гадах мінулага стагоддзя. І пра гісторыю з’яўлення галоўных атрыбутаў навагодняга свята — ёлку і цацкі — настаўніца, здаецца, ведае ўжо ўсё і нават крыху больш.

“Я не вялікая аматарка інтэрнэт-пошуку, таму мы разам з дзецьмі стараліся шукаць інфармацыю ў кнігах. І столькі цікавага даведаліся! Аказваецца, каляднае дрэва з’явілася ў Германіі яшчэ ў XVI стагоддзі. Толькі было яно тады не зусім калядным, бо ставілася не 25-га, а 24-га снежня, у дзень, калі па царкоўным календары ўспамінаюць Адама і Еву, першабацькоў людскога роду. Упрыгожаная яблыкамі ялінка ўвасабляла сабой райскае дрэва пазнання дабра і зла. Акрамя яблыкаў, на ялінку вешалі аплаткі альбо вафлі, якія нагадвалі біблейскі хлеб. Як правіла, каляднае дрэва падвешвалася да столі, а пасля заканчэння свята дзецям дазвалялася страсаць прысмакі і плады, якімі ўпрыгожвалі ёлку. У гэтыя ж часы ў Германіі з’явіўся першы ёлачны шар. У пэўным горадзе быў неўраджай. Не было яблыкаў, якія звычайна вешалі на зімовую прыгажуню. Людзі звярнуліся да шкловыдзімальшчыкаў па дапамогу, і тыя зрабілі шары, якімі і ўпрыгожылі ёлку”.

Калекцыянеры ўсяго свету лічаць, што цацка, якая выраблена да 1966 года, старажытная. Яна лічыцца рарытэтам. Цацкі пазнейшага перыяду не так цэняцца, бо гэта была масавая вытворчасць. Таму, дэманструючы набыткі ўласнай калекцыі, настаўніца засяроджваецца на самых старых — савецкіх — упрыгажэннях.

“Зразумела, што ў савецкі перыяд наверсе была чырвоная зорка. Гэты сімвал, дарэчы, і зараз часта можна сустрэць на ёлцы. Будзёнаўцы, піянеры, сняжынкі з сярпом і молатам, парашутысты з ваты, фігуркі чырвонаармейцаў, піянеры з барабанамі і нават партрэты правадыроў у выглядзе рэльефных фігурак з фольгі ці па-майстэрску намаляваныя на шкляных шарах, паветраныя караблі з надпісам “СССР” — так выглядалі першыя савецкія ёлачныя цацкі. Пазней, у канцы 30-х гадоў, перад самай вайной, да гэтага дадаліся разнастайныя мадэлі ваеннай тэхнікі — дырыжаблі, самалёты і танкі. А вось што ў ёлачных упрыгажэннях заставалася нязменным, дык гэта зусім непалітызаваныя прадстаўнікі садавіны і агародніны”.
Такіх пазапалітычных упрыгажэнняў у Людмілы Васільеўны шмат. Калі калекцыя толькі пачыналася і настаўніца разам з вучнямі дала кліч у пошуку старых ёлачных цацак спачатку па бабулях і дзядулях, а потым па аднавяскоўцах, больш за ўсё людзі дзяліліся менавіта садова-агароднымі ўпрыгажэннямі. І калі ў сучасным засіллі пластмасавай ёлачнай цацкі made in Сhina яблыкаў-лімонаў амаль не сустрэнеш, то на пачатку 50-х гадоў мінулага стагоддзя, калі з прадуктамі харчавання былі вялікія цяжкасці, выраблялася шмат цацак у выглядзе ягад, садавіны і агародніны: агуркі, лімоны, грушы, баклажаны, грыбочкі.

“Калі надышоў ваенны час, Новы год святкаваць не перасталі. Наадварот, гэтую традыцыю ўсяляк падтрымлівалі, бо яна нагадвала пра мірны час і давала надзею на хуткую перамогу, на вяртанне да звычайнага жыцця. Выраблялі цацкі, якія адпавядаюць часу: салдацікі, медсёстры, танкі, самалёты. А яшчэ на ёлку вешалі парашутыстаў — бляшаных чалавечкаў, прымацаваных да кавалачкаў матэрыі — парашуцікаў”.

У канцы 50-х гадоў з’явіліся і казачныя персанажы — Дзед Мароз, Снягурка, Арлекін, а таксама розныя звяры — совы, вожыкі, зайчыкі, лісічкі, сабачкі, пеўнікі, рыбкі і нават экзатычныя бегемоты і папугаі. Але самыя цікавыя цацкі з калекцыі Людмілы Васільеўны — гэта аб’екты казак. Напрыклад, толькі зацікавіўшыся збіральніцтвам цацак, сярод уласных ёлачных упрыгажэнняў яна разгледзела цацку ў выглядзе маскі дзядзькі Чарнамора з твора Пушкіна, пасля на вочы трапіўся домік з экранізацыі казкі “Марозка” і сукенка Золушкі з аднайменнай казачнай кінапастаноўкі. Зразумела, цікавасць да гэтых аб’ектаў была ў той час, калі экранізацыі толькі ўбачылі свет, таму Людміла Васільеўна пераканана, што і час вырабу цацкі можна адлічваць ад гэтых падзей.

“У 1958 годзе, пасля выхаду на экраны фільма Э.Разанава “Карнавальная ноч”, узніклі цацкі ў выглядзе гадзінніка, на якім стрэлка спынілася ў пазіцыі без пяці дванаццаць (памятаеце песенку “Пять минут, пять минут…”?). У маёй калекцыі два такія гадзіннікі — вялікі і малы. Малыя вырабляліся для невялікіх ёлак, якія ставіліся ў маленькіх хрушчоўках. Вялікія —для высокіх ёлак, напрыклад, вулічных”.

У 60-я гады на ёлкі вешалі пачаткі кукурузы і снапы пшаніцы. Настаўніца прызнаецца, што, дзе б яе вучні ні выступалі са сваёй работай, іх старэйшыя слухачы заўсёды ўсміхаюцца і без падказкі здагадваюцца, да якога палітычнага моманту адносяцца цацкі ў выглядзе кукурузных пачаткаў. Таксама ў навагодніх упрыгажэннях, якія ёсць у калекцыі Людмілы Васільеўны, знайшло адлюстраванне пакарэнне чалавецтвам космасу. У той час на верхавіны ёлак сталі ўзнімаць пікі ў форме ракеты, як бы накіраванай у космас. Пазней яна перайначылася і стала проста востраканцовай верхавінай. Папулярнымі сталі мадэлі ракеты “Мір”, касмічныя караблі, фігуркі касманаўтаў, спадарожнікі.

“Крыху пазней увайшлі ў моду ўпрыгажэнні не на нітачках, а на прышчэпках. Таксама з’явіліся фігуркі аўтамабіляў. “Перамога” і іншыя цацкі-машыны красаваліся тады на ёлках шматлікіх савецкіх аўтааматараў.

У 70-я гады дызайн цацак стаў менш разнастайным. Фабрыкі ёлачных упрыгажэнняў штампавалі падобныя адна да адной серыі шароў, шышак, пірамідак, ледзяшоў, званочкаў… У 80-я гады выпуск серыйных цацак, якія не адрозніваліся арыгінальнымі ідэямі, прадоўжыўся. Упрыгажэнні гэтых гадоў захоўваюцца ў многіх сем’ях і зараз. Успомніце самі, як часам прыходзіш да каго-небудзь у госці і бачыш, што на ёлцы вісіць такі ж, як і ў цябе дома, шарык з залацістым ці серабрыстым напыленнем або зялёная ці фіялетавая шышка, быццам абсыпаная цукрам. Усё гэта — прывітанне з 80-х”.

Збіраючы калекцыю, Людміла Васільеўна пашкадавала толькі аднойчы — што вельмі спазнілася са сваім хобі. “Многія, да каго мы звярталіся з просьбай падзяліцца старымі цацкамі, паспелі павыкідваць іх і расчаравана нам адказвалі: “Чаму ж вы, дзеткі, раней не прыйшлі?” Таму з дапамогай свайго хобі мне хацелася б паказаць людзям, што часам на іх гарышчах і ў шафах захоўваюцца вялікія каштоўнасці, якія трэба берагчы”.

“Гэтая даследчая работа са святочным каларытам мае і практычную накіраванасць. Адна вучаніца была так зачаравана цацачнымі здабыткамі, што нават напісала аб гэтым верш. Дзеці выступалі з нашай калекцыяй напарэдадні свят у дзіцячым садку, перад аднакласнікамі і бацькамі на агульнашкольным бацькоўскім сходзе. Калі дзеці сталі крыху старэйшымі, гастралявалі па раёне — выстаўляліся ў Лунінецкім музеі. Бацькі, бабулі і дзядулі дзяцей яшчэ добра памятаюць савецкі час. І калі для дзетак вывучэнне гісторыі цацкі больш тэарэтычная рэч, то для старэйшых пакаленняў гэта рэальныя ўспаміны”.

Наконт рэстаўрацыі калекцыйных цацак у Людмілы Васільеўны меркаванне асобае, якое адрознівае яе ад многіх калекцыянераў-аматараў. Настаўніца стараецца пакінуць рарытэтныя ўпрыгажэнні менавіта ў тым выглядзе, у якім яны трапілі ў яе рукі. Па-першае, старыя цацкі часам зроблены з такога тонкага шкла, што работа з імі павінна быць вельмі пяшчотнай, бо ўпрыгажэнні рассыпаюцца ад любога грубага дотыку. І, па-другое, сваю калекцыю настаўніца марыць з цягам часу перадаць дзецям, якіх у яе чацвёра, а потым і ўнукам. Яна пераканана, што адбітак лёсу ў прамым і пераносным сэнсе павінен быць на кожнай цаццы, тым яны і прывабныя для калекцыянера.

Апошнім часам у настаўніцы пачала фарміравацца яшчэ адна святочная калекцыя — старых навагодніх паштовак. Іх яшчэ не шмат, у асноўным паштоўкі дапамагаюць знайсці сябры і калегі, але ёсць сярод сабраных адметныя. Напрыклад, паштоўка ваеннага часу, дзе намаляваны Дзед Мароз, які б’е фашыстаў…
Навагоднія ўспаміны з дзяцінства настаўніцы пранізаны асаблівай пяшчотай, таму што яе бацькі заўсёды імкнуліся зрабіць святы незабыўнымі.

“Мой бацька працаваў у сельскай гаспадарцы — быў загадчыкам малочнай фермы. Так склалася, што кожны раз у апошнія перадсвяточныя дні ён ад’язджаў на раённы справаздачны сход. Гэта паўтаралася з году ў год. І мы, дзеці, добра ведалі, што з горада ён вернецца з поўнай сумкай падарункаў, стараліся да яго прыезду ўпрыгожыць ёлку, хату… Так было заўсёды, і гэты час чакання я не забуду ніколі. Нават зараз, хоць ужо ў самой дзеці выраслі, у пераднавагоднія дні адчуваю тую нецярплівасць, трапятанне сэрца і чаканне цуду. А яшчэ пах зефіру і мандарынаў, якія заўсёды былі ў бацькавых навагодніх падарунках”.

Такія простыя жыццёвыя ўспаміны, напэўна, самае каштоўнае, што чалавек праносіць праз усё жыццё. Таму мы з Людмілай Васільеўнай жадаем вам, паважаныя чытачы “Настаўніцкай газеты”, каб кожнае навагодняе свята вас суправаджалі дзіцячая нецярплівасць і чаканне цуду!

Алёна КРЫВЯНКОВА.
Фота аўтара і з архіва Л.В.Ярмольчык.