Гледачы разам з акцёрамі: пастаноўка імерсіўнага тэатра папулярная ў аздараўленчых лагерах Лідскага раёна

- 17:14Новости

Лідскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі летам падрыхтаваў цудоўны падарунак для дзяцей — спектакль імерсіўнага тэатра. Гледачы разам з акцёрамі пражываюць падзеі часоў Вялікай Айчыннай вайны. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Як аб’яднанне па інтарэсах імерсіўны тэатр пачаў працаваць на базе цэнтра творчасці ў верасні 2023 года. Пад кіраўніцтвам педагога дадатковай адукацыі Аліны Юзэфаўны Шарлан, якая таксама вядзе заняткі ў тэатр-студыі “Майстар” і клоўн-мім тэатры “Майстар-ОК”, юнакі і дзяўчаты рабілі пастаноўкі і паказвалі іх у цэнтры. Цікава было не толькі самім выхаванцам, але і гледачам, якіх яны актыўна ўцягвалі ў працэс. Менавіта ў Аліны Юзэфаўны і ўзнікла ідэя пастаноўкі спектакля, які можна было б паказваць у аздараўленчых лагерах усяго раёна.

А.С.Комлік, М.А.Мельячэнка і педагог дадатковай адукацыі Л.І.Шчапук

— Сістэмай дадатковай адукацыі нашага раёна ў летні перыяд ахопліваецца вялікая колькасць навучэнцаў, — расказала дырэктар Лідскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Марыя Аляксандраўна Мельячэнка. — На базе цэнтра, акрамя аб’яднанняў па інтарэсах, функцыянуюць яшчэ і розныя пляцоўкі — ад інтэлектуальных да забаўляльных. Ёсць гульнявыя праграмы, з якімі мы штогод наведваем аздараўленчыя лагеры з дзённым знаходжаннем. У гэтым годзе вырашылі рэалізаваць праект імерсіўнага тэатра, які прадугледжвае ўцягнутасць гледача ў тэатральную пастаноўку. Наш праект прымеркаваны да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, таму хацелася, каб дзеці не проста прыйшлі і паглядзелі тэатральную пастаноўку, як яны робяць гэта звычайна, а каб пранікліся тым, што адбывалася ў гады вайны, сталі ўдзель­нікамі спектакля. Заўважылі, калі падчас любога нашага мерапрыемства дзеці спяваюць песню пра Вялікую Айчынную вайну ці паказваюць інсцэніроўку, яны робяць гэта вельмі шчыра, так, што кранае сэр­ца гледача. Відавочна, што і самі запамінаюць такія выступленні. Так і нарадзілася ідэя пастаноўкі на тэму Вялікай Айчыннай вайны. Упраўленне адукацыі Лідскага райвыканкама падтрымала ідэю.

Культарганізатар Аляксей Сяргеевіч Комлік заняўся распрацоўкай сцэнарыя, арганізацыяй пляцовак для пастаноўкі. А іх спатрэбілася некалькі.

Пры ўваходзе ў актавую залу цэнтра творчасці гледачы атрымліваюць тэатральныя касцюмы і навушнікі, праз якія слухаюць тэкст і падказкі, што ім трэба рабіць, куды ісці. Усё дзейства пачынаецца ў актавай зале. Тут праходзіць выпускны вечар чэрвеня 1941 года перад пачаткам Вялікай Айчыннай вайны.

— Спачатку мы прапаноўваем гледачам адчуць сябе ўдзельнікамі выпускнога вечара, патанцаваць, пагаварыць з акцёрамі, — расказвае Аляксей Комлік. — І тут раптам гучыць сірэна — нібыта пачалася вайна. Акцёры накіроўваюць гледачоў на іншую лакацыю, дзе разгараецца сцэнічны бой, удзельнікамі якога становяцца ўсе прысутныя. Потым разгортваюцца сцэны палону, допыту нашых ваеннапалонных, іх уцёкі і як кульмінацыя — перамога ў вайне. Стараемся максімальна ўцягнуць дзяцей у дзейства. Наша пастаноўка больш для старшакласнікаў, якія разумеюць і ўсведамля­юць боль людзей, што прайшлі праз пекла Вялікай Айчыннай вайны. А для меншых дзетак робім пастаноўку, больш зразумелую для іх, але яны таксама праходзяць усе чатыры лакацыі.

У 190 аб’яднаннях па інтарэсах Лідскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі займаецца 2140 хлопчыкаў і дзяўчынак. Акрамя памяшканняў самаго цэнтра, задзейнічаны яшчэ 5 дзіцячых пакояў па месцы жыхарства. Педагогі дадатковай адукацыі таксама праводзяць заняткі ва ўстановах адукацыі.

Новы спектакль імерсіўнага тэатра паглядзелі ўжо школьнікі, якія наведвалі азда­раўленчыя лагеры з дзённым нахо­джаннем. Як падзялілася кіраўнік цэнтра творчасці, дзецям вельмі спадабалася. Яны былі ўражаны і з задавальненнем прымалі ўдзел у пастаноўцы.

Унікальнасць праекта ў тым, што спектакль можна паказваць у любым месцы, ці то ў аздараўленчым лагеры, ці то ва ўстанове адукацыі. Усё можна арганізаваць нават пад адкрытым небам. У жніўні імерсіўны тэатр плануе наведаць аздараўленчыя лагеры Лідскага раёна.

Ірына АНІКЕВІЧ
Фота аўтара