Глядзець у адзін бок

- 11:33Суразмоўца

2 красавіка адкрыецца другая сесія сёмага склікання Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Да яе пачатку яшчэ ёсць час, і дэпутаты ў міжсесійны перыяд працуюць у сваіх акругах. Вось і намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Л.В.Кір’як наведвае Гродзенскую-Цэнтральную акругу, каб сустрэцца са сваімі выбаршчыкамі. Лілія Вацлаваўна родам са Шчучына, мае педагагічную адукацыю, пачынала свой працоўны шлях настаўніцай у школе, а потым стала дырэктарам навучальнай установы. Як раней, так і цяпер, у статусе дэпутата ўжо другога запар склікання, Лілія Вацлаваўна — у цэнтры падзей сістэмы адукацыі, яна не абыякавая да праблем школы і шчыра імкнецца падтрымаць педагагічную грамадскасць.

— У час наведвання акругі мой маршрут заўсёды праходзіць праз навучальныя ўстановы рэгіёна, дзе я сустракаюся з педагогамі, навучэнцамі і іх бацькамі, з навучэнскай і рабочай моладдзю, з ветэранамі вайны і працы. Маё галоўнае жаданне — зрабіць як мага больш для нашых грама­дзян, дапамагчы ім у вырашэнні жыллёвых, бытавых пытанняў, падтрымаць маральна тых, хто мае ў гэтым патрэбу. Наша моладзь цікавіцца пытаннямі навучання і працаўладкавання, а тыя, хто яшчэ не вызначыўся з прафесіяй, прыходзяць з пытаннямі аб прафарыентацыі, i вельмi важна паказаць маладому чалавеку ўсе магчымасцi атрымання прафесii, якая стане справай усяго яго жыцця. Шмат сустрэч ладзіцца ў працоўных калектывах, у кіруючых структурах, я ахопліваю ў сваёй працы самыя розныя галіны дзейнасці, бо ўсё ў нашым жыцці ўзаемазвязана.

— Якія пытанні найбольш частыя?

— Работнікаў бюджэтнай сферы сёння больш за ўсё цікавіць новая сістэма аплаты працы. Пакуль ёсць нюансы, якія неабходна вырашаць. Напрыклад, выявілася праблема, якая тычыцца памеру базавай стаўкі ў 185 рублёў. Гэтая сума з’яўляецца меншай за ўстаноўлены мінімальны заробак. І пэўнай катэгорыі работнікаў, а гэта ў асноўным тэхнічныя работнікі, трэба даплачваць, каб яны мелі ўстаноўлены мінімальны заробак. Напрошваецца выснова, што памер базавай стаўкі ў 185 рублёў трэба давесці да памеру бю­джэту пражытачнага мінімуму.

Яшчэ адзін момант у фінансаванні быў выяўлены ў час прыёму грамадзян. Ён закранае каля 2 тысяч выхавальнікаў дашкольных устаноў толькі па Гродзенскай вобласці. Стаж работы ў пазабюджэтных арганізацыях (гэта тычыцца дзіцячых садоў, якія былі падведамаснымі буйным арганізацыям і не былі падпарадкаваны органам адукацыі) не ўлічваецца пры налічэнні надбавак. Гэтая праблема патрабуе перагляду ў хуткiм часе.

Звяртаюцца з праблемай і настаўнікі пачатковай школы. Атрымліваецца, што яны знаходзяцца не ў роўных умовах з настаўнікамі старшай школы. Справа ў тым, што ім не хапае гадзін нагрузкі для афармлення льготнай пенсіі. Ёсць пытанні ў педагогаў і па арганізацыі шостага дня ў школе. Магчыма, было б больш мэтазгодна аддаць прэрагатыву ў гэтай справе ўстановам дадатковай адукацыі. У педагагічным асяроддзі атрымаў рэзананс праект этычных правіл педагагічных работнікаў. Безумоўна, распрацоўка такіх правіл цалкам апраўдана і стала патрабаваннем часу. Яны распрацаваны з мэтай стварыць усе ўмовы для спрыяльнага і бяспечнага адукацыйнага асяроддзя, устойлівага развіцця ўстаноў адукацыі. Правілы — гэта адзіны звод агульных патрабаванняў, якія прад’яўляюцца да педагагічных работнікаў, незалежна ад таго, якую пасаду кожны з іх займае. У аснову дакумента закладзены прынцыпы педагагічнай этыкі, у ліку якіх — талерантнасць, адказнасць, справядлівасць, павага да правоў і годнасці кожнага чалавека, кампетэнтнасць, прыстойнасць і інш. Я гатова падпісацца пад кожным словам гэтых правіл. Але ў цэлым усё ж не зусім магу з імі пага­дзіцца, як, дарэчы, і многія нашы педагогі і кіраўнікі, чые меркаванні я выслухоўвала ў час сустрэч. Ужо сама назва дакумента гаворыць пра аднабокі падыход да вызначэння этыкі паводзін. Ён ахоплівае толькі педагагічных работнікаў. Напэўна, трэба, каб гэта былі правілы этыкі ўзаемадзеяння ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу. З гэтай мэтай неабходна дабавіць у дакумент яшчэ адзін блок пра тое, як павінны сябе паводзіць навучэнцы і іх бацькі (або законныя прадстаўнікі).

Пытанне ўзаемадзеяння сям’і і школы вельмі актуальнае. Трэба прызнаць, што сям’я сёння ў большасці сваёй самаўхілілася ад выхавання сваіх дзяцей, перадаўшы ўсе гэтыя функцыі настаўнікам. Адзі­н з вялікіх філосафаў сказаў, што школа прызвана даваць адукацыю розуму, а баць­кі — адукацыю душы i сэрца. Таму толькі ў звязцы паміж настаўнікам і бацькамі, у цесным супрацоўніцтве мы можам выха­ваць са­праўднага грама­дзяніна. Баць­кі павінны быць аднадумцамі і партнёрамі настаўнікаў, паміж імі не можа быць супраць­дзеяння, канфліктнасці, яны павінны гля­дзець у адзі­н бок з настаўнікамі і канцэнтраваць сваю ўвагу на дзецях. Для паспяховасці ўзаемных дзеянняў неабходна выпрацаваць пэўны алгарытм. Ён, дарэчы, існаваў раней і прыносіў плён. Я маю на ўвазе саветы садзеяння сям’і і школы, сямейныя клубы, аб’яднанні, накіраваныя на павышэнне культуры, адукаванасці, адказнасці бацькоў, далучэнне іх да кіравання адукацыйным працэсам праз савет школы, папячыцельскі савет, да работы з нядобранадзейнымі сем’ямі, у камісіях па справах непаўналетніх. Трэба актыўна далу­чаць да праблем сям’і і школы кiраўнiкоў прадпрыемстваў і ўстаноў, дзе працуюць бацькi. Мяркую, што гэтыя падыходы неабходна ўзма­цняць.

— Якія законапраекты будуць вынесены на другую сесію парламента?

— На другой сесіі будуць разглядацца 32 законапраекты. З іх 12 будуць разгледжаны ў першым чытанні, 14 — у другім. Таксама мяркуецца ратыфікаваць 6 міжнародных пагадненняў.

Новая рэдакцыя Закона “Аб ахове здароўя” — базавы і фундаментальны дакумент. У ім з’явіцца артыкул, які прадугледжвае стварэнне камітэта па біяэтыцы. Ён будзе арганізаваны на грамадскіх пачатках пры Міністэрстве аховы здароўя. Задача камітэта — рэгуляваць захаванне норм у медыцынскай этыцы і дэанталогii. Таксама ўпершыню ў законапраекце будзе ўведзена паняцце “экспертыза якасці медыцынскай дапамогі”. Яе плануецца праводзіць у тым ліку пры паступленні скаргаў ад пацыентаў і іх сваякоў.

У ліку нарматыўных прававых актаў, якія будуць абмяркоўвацца на вясенняй сесіі ў першым чытанні, знаходзяцца праекты законаў аб прамысловай бяспецы і перавозцы небяспечных грузаў, аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэ­грацыі. Будуць уносіцца змяненні і дапаўненні ў законы аб гідраметэаралагічнай дзейнасці, аб парадку і ўмовах накіравання грамадзян у лячэбна-працоўныя прафілакторыі, аб ветэрынарнай дзейнасці, дзяржаўных сімвалах Рэспублікі Беларусь.

Упершыню ў заканатворчай дзейнасці будуць комплексна ўрэгуляваны падыходы да абароны персанальных даных. Гэты дакумент будзе разгле­джаны ў другім чытанні. На абарону правоў спажыўцоў накіраваны змены ў заканадаўстве, якія скіраваны на выкараненне ўстарэлых норм у сферы рэкламы. Неабходна таксама завяршыць работу над папраўкамі ў Закон “Аб валютным рэгуляванні і кантролі”, унесці прававыя навацыі ў галіне зямельных адносін, сельскай гаспадаркі, занятасці насельніцтва і інш. Працягваецца ўдасканаленне працэсуальнай, крымінальнай і судовай дзейнасці. Шэраг новаўвядзенняў тычыцца нацыянальнай бяспекі.

— Што знаходзіцца ў парт­фелі вашай камісіі да разгляду на сесіі?

— У камісіі па адукацыі, культуры і навуцы знаходзяцца на разглядзе 4 законапраекты: “Аб ратыфікацыі Пагаднення паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Сірыйскай Арабскай Рэспублікі аб супрацоўніцтве ў сферы вышэйшай і пасляўніверсітэцкай адукацыі”, “Аб ратыфікацыі Пагаднення паміж Рэспублікай Беларусь і Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый аб правядзенні сумеснай канферэнцыі высокага ўзроўню Рэспублікі Беларусь і Арганізацыі Аб’яднаных Нацый “Бараць­ба з тэрарызмам пры дапамозе інавацыйных падыходаў і выкарыстання новых і сучасных тэхналогій”, “Аб ратыфікацыі Пагаднення аб супрацоўніцтве дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў у галіне музейнай справы”, “Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь “Аб дзяржаўнай інавацыйнай палітыцы і інавацыйнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь”.

Калі ўзяць законапраект аб музейнай справе, то для нашай заканадаўчай базы гэты дакумент новы, і да гэтага часу яго не існавала. Але сёння ставіцца задача аб стварэнні такога заканадаўчага акта, які рэгуляваў бы супрацоўніцтва дзяржаў СНД у сферы музейнай і выставачнай справы, абмен кадрамі, іх падрыхтоўку, забеспячэнне захаванасці экспанатаў. Галоўным распрацоўшчыкам такога дакумента з’яўляецца Міністэрства культуры. Адзначу, што Нацыянальны гістарычна-культурны музей-запаведнік “Нясвіж” мае статус базавай арганізацыі краін СНД па кірунку “Музейная справа”, што дазволіла актывізаваць кантакты паміж музеямі краін Садружнасці і вызначыць неабход­насць распрацоўкі і прыняцця заканадаўчага акта.

— Ці ўдзельнічаеце вы ў заканатворчасці іншых камісій?

— Безумоўна. Мы не замыкаемся рамкамі дзейнасці толькі нашай камісіі. Нашы дэпутаты працуюць у іншых камісіях парламента і ўдзельнічаюць у распрацоўцы іншых законаў. Я, напрыклад, працую ў камісіях па нацыянальнай бяспецы, па жыллёвай палітыцы і будаўніцтве, у камісіі па заканадаўстве, па працы і сацыяльных пытаннях. Увесь дэпутацкі корпус працуе над унясеннем змяненняў у Адміністрацыйна-працэсуальны кодэкс. Наша камісія падрыхтавала ўжо 35 прапаноў для гэтага законапраекта, хаця работа над ім толькі распачалася.

У Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях разам з членамі гэтай камісіі я ўдзельнічаю ў распрацоўцы законапраекта “Аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі”. Законапраект будзе вынесены на вясеннюю сесію ў першым чытанні. Мэта законапраекта — забяспечыць спрыяльныя ўмовы жыццядзейнасці людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Мы ўнеслі шэраг прапаноў, сярод якіх — стварэнне пры цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва аддзяленняў па сацыяльнай рэабілітацыі інвалідаў з увядзеннем штату адпаведных спецыялістаў, якія будуць займацца індывідуальным суправаджэннем такіх грамадзян пры вырашэнні бытавых, жыллёвых, юрыдычных пытанняў. Спецыялісты будуць цесна супрацоўнічаць з МРЭК па прысваенні груп інваліднасці. Мы імкнёмся выкараніць практыку пацвярджэння групы штогод пры наяўнасці відавочных прымет інваліднасці. Акрамя таго, ставіцца задача пашырыць магчымасці для такой катэгорыі грамадзян пры працаўладкаванні і рэалізацыі інтарэсаў і магчымасцей. Бу­дзе пашырацца сетка гурткоў, майстэрняў, аддзяленняў, каб чалавек, атрымаўшы групу інваліднасці, меў перспектывы ў навучанні справе, якая прынясе яму карысць як маральную, так і матэрыяльную.

Плануецца сфарміраваць Рэспубліканскі міжведамасны савет па правах інвалідаў, які будзе непасрэдным выканаўцам і каардынатарам гэтай работы. Акрамя таго, бу­дзе ўдасканальвацца і механізм кватавання па забеспячэнні рабочых месцаў на прадпрыем­ствах і арганізацыях. Калі наймальнік адмовіцца прыняць на працу інваліда, то ён павінен будзе ўнесці ў спецыяльны фонд кампенсацыйную плату, якая будзе накіравана на рэабілітацыю інвалідаў. Тым прадпрыемствам і арганізацыям, якія працаўладкоўваюць такіх грамадзян, будуць зніжацца падаткі. Ёсць прапанова даць статус працоўнага тым пенсіянерам, якія даглядаюць інвалідаў першай і другой групы. Адметна, што паняцце “стварэнне безбар’ернага асяроддзя” трэба разглядаць у комплексе, а не абмяжоўвацца толькі ўстаноўкай пандуса ў пад’ездзе. Інвалідам трэба стварыць такія ўмовы, каб ім усюды было камфортна.

Інтэрв’ю ўзяла Ала КЛЮЙКО.