Горад майстроў

- 16:06Нам пішуць

Што можа быць лепшым за час, праведзены з дзецьмі за прыемным заняткам? У гімназіі № 1 Іўя сталі традыцыйныя заняткі ў клубе сумеснай дзейнасці дзяцей і бацькоў “Горад майстроў”.

З прыроднага матэрыялу, гафрыраванай паперы, стужак, пры дапамозе клею, іголкі з ніткай бацькі разам з дзецьмі майструюць і зусім простыя вырабы, і незвычайныя, якія патрабуюць пэўных навыкаў кампазіцыі. Заканчваюцца заняткі чаяваннем і прыемнай гутаркай аб рукадзеллі нашых бабуль і прабабуль.

У клубе бацькі бачаць сваіх дзяцей у іншай абстаноўцы, за агульнай справай з равеснікамі і педагогам, адкрываюць у іх новыя рысы і магчымасці. Праз сумесную дзейнасць бацькі і дзеці збліжаюцца, вучацца разумець адзін аднаго, давяраць, становяцца сапраўднымі партнёрамі.

На гэтай сустрэчы навучэнцы разам з мамамі сваімі рукамі змайстравалі з тканіны пухнатых, прыгожых снегавікоў. Кожная сям’я паставілася да вырабу цацкі творча і з энтузіязмам. Таму ва ўсіх снегавікі атрымаліся не падобныя адзін да аднаго, кожны выраб аказаўся своеасаблівы і непаўторны.

Вольга КВЯЦІНСКАЯ,
сацыяльны педагог гімназіі № 1 Іўя.