Госці сталіцы

Прыярытэтнай задачай кіраўніка ўстановы адукацыі з’яўляецца не толькі клопат пра будучае пакаленне, але і пра тых, хто яго выхоўвае. Для педагогаў сярэдняй школы № 3 Ашмян было вырашана арганізаваць экскурсійную паездку ў Мінск, каб прадстаўнікі высакароднай прафесіі набраліся новых эмоцый і ўражанняў, якімі падзеляцца з дзецьмі.

Аглядавая экскурсія пазнаёміла нас з адметнасцямі беларускай сталіцы. Была магчымасць прагуляцца па плошчы Незалежнасці, акунуцца ў атмасферу ХІХ стагоддзя ў Траецкім прадмесці, даведацца пра гісторыю Мінска ад самых вытокаў падчас прагулкі па Верхнім горадзе. Наведалі і Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці. Новыя тэхналогіі падачы матэрыялаў, якія выкарыстоўваюцца ў музеі, дазваляюць наведвальнікам хутка і цікава азнаёміцца з сучаснай гісторыяй Рэспублікі Беларусь, палітычным, эканамічным, навуковым, культурным і спартыўным жыццём краіны.

Добрым дадаткам да аглядавай экскурсіі стала наведванне Нацыянальнай бібліятэкі. Гэта не толькі найбагацейшы збор кніг, але і вялізны мультыфункцыянальны цэнтр, дзе спалучыліся высокія тэхналогіі, сучасны дызайн і незвычайная архітэктура. Прыемным завяршэннем экскурсійнага дня стаў прагляд камедыі-гратэску “Адамавы жарты” ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі.

Данута ЯНЦЭВІЧ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 3 Ашмян.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *