Гучанне слоў жывых

- 15:45Нам пішуць

Ва Уселюбскім дзіцячым садзе-сярэдняй школе праводзіцца шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных Году культуры, якія з’яўляюцца адным з асноўных сродкаў выхавання ў моладзі патрыятызму і павагі да Радзімы, да роднай мовы.

Адным з такіх мерапрыемстваў стаў школьны (адборачны) этап раённага конкурсу “Гучанне слоў жывых”, які праводзіўся ў рамках інфармацыйна-краязнаўчага тура “Праз бібліятэку да дабра і свету”. Удзельнікам конкурсу прапанавалася прачытаць на беларускай мове верш, байку, або ўрывак з абранага імі празаічнага твора. Вучні і педагогі старанна рыхтаваліся да конкурсу: падбіралі творы, вучыліся іх чытаць. Трынаццатага красавіка ва ўтульным памяшканні, у цёплай сяброўскай атмасферы  сабраліся аматары (20 хлопчыкаў і дзяўчынак 5-11 класаў) чытання ўслых твораў беларускай літаратуры разам са сваімі педагогамі. На конкурсе прысутнічалі супрацоўнікі ДУК “Навагрудская раённая бібліятэка”, якія арганізавалі для вучняў выставы: “Кнігі сваімі рукамі”, “2016 год – Год культуры”, “Натхняючыя сюжэты”.

Словамі Пімена Панчанкі адкрыла конкурс настаўнік беларускай мовы і літаратуры Кліменка А.М. У час конкурсу вучні дэкламавалі розныя па тэматыцы вершы, байкі, празаічныя ўрыўкі з твораў К.Крапівы, П.Панчанкі, Н.Гілевіча, М.Дуксы, А.Вярцінскага і іншых. Вучань 10 класа Калясінскі Аляксей прачытаў верш “Свіцязь”, аўтарам якога з’яўляецца ён сам.

Удзельнікі конкурсу паказалі зацікаўленасць літаратурай, добрае валоданне беларускай мовай і яе вымаўленчымі нормамі. Творы беларускай літаратуры і свае ўласныя былі прачытаны выразна і эмацыянальна.

У конкурсе заўсёды ёсць пераможцы. Пераможцамі адборачнага этапу журы вызначыла вучня 5 класа Скаромнікава Мацвея з вершам П.Броўкі “Калі ласка”, вучаніцу 11 класа Рабкоўскую Кацярыну з чытаннем празаічнага ўрыўка з аповесці М.Стральцова “Сена на асфальце” і вучня 10 класа Калясінскага Аляксея, які прачытаў уласны верш “Свіцязь”. Пераможцы першага этапу прымуць удзел у раённым этапе, які пройдзе ў ДУК “Навагрудская раённая бібліятэка” 28 красавіка.

Літаратура непарыўна звязана з культурнай спадчынай беларускага народа. Работнікі раённай бібліятэкі правялі з удзельнікамі конкурсу віртуальную экскурсію па знакамітых мясцінах Гродзеншчыны, пасля якой для вучняў была прапанавана  квэст-віктарына “НЕфармальныя героі Гродзеншчыны”. У час віктарыны вучні былі актыўнымі, паказалі добрыя веды па гісторыі Гродзеншчыны, якая цесна звязана з жыццём і дзейнасцю вядомых людзей Прынямоння.

Падчас знаёмства з выставай “Кнігі сваімі рукамі” вучняў асабліва  зацікавіла кніга, створаная для людзей з парушэннямі зроку, і кніга, зробленая з дрэва.

Усім удзельнікам конкурсу супрацоўнікі раённай бібліятэкі ўручылі бонусы на бясплатнае карыстанне камерцыйным фондам мясцовай і раённай бібліятэкі, а пераможцы былі ўзнагароджаны граматамі.

Конкурс пакінуў прыемныя ўражанні ў дзяцей і дарослых. Безумоўна, правядзенне такіх мерапрыемстваў павышае цікавасць дзяцей і падлеткаў да чытання, пашырае іх чытацкі кругагляд.

А.В.Малашэўская, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце ДУА “Уселюбскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа” Навагрудскага раёна.