Гульня ў футбол і шахматны ўсенавуч

- 14:51Навіны рэгіёнаў

З мэтай далучэння вучняў да заняткаў фізічнай культурай і спортам у Залескім яслях-садзе — сярэдняй школе Чачэрскага раёна стартавала традыцыйная акцыя “Тыдзень спорту і здароўя”.

Дзеці з задавальненнем спаборнічалі ў футболе і баскетболе, настольным тэнісе і шахматах, змагаліся за перамогу ў змешаных эстафетах. Мерапрыемствы тыдня былі пабудаваны такім чынам, каб у іх былі задзейнічаны навучэнцы ўсіх узростаў.

Асабліва хвалюючымі аказаліся спаборніцтвы па баскетболе сярод навучэнцаў і педагогаў школы. Нягледзячы на тое, што ў педагогаў у гэтай справе вопыт большы, школьнікі ўсё ж не ўступалі, і толькі невялікая розніца ў ліку дазволіла педагогам атрымаць перамогу.

Вялікую цікавасць выклікаў сеанс адначасовай гульні ў шахматы, якая максімальна ахапіла дзетвару. Жадаючых паспрабаваць сябе ў гэтых інтэлектуальных спаборніцтвах было шмат ва ўсіх класах. Не дзіўна, бо ў Залескім яслях-садзе — сярэдняй школе праводзяцца факультатыўныя заняткі “Шахматны ўсенавуч”.

— Шахматы — частка агульначалавечай культуры, бо ў іх закладзены вялікі педагагічны патэнцыял, — лічыць намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Сняжана Кебікава. — Яшчэ В.Сухамлінскі казаў, што “без шахмат нельга ўявіць паўнавартаснага выхавання разумовых здольнасцей і памяці”. Таму мы вельмі рады, што ў школе працуе такі факультатыў і нашы дзеці з задавальненнем яго наведваюць. А якраз у такіх спаборніцтвах яны маюць магчымасць паказаць, чаму навучыліся.

Скончыўся школьны Тыдзень спорту і здароўя спартыўна-забаўляльным мерапрыемствам “Добры дзень, восень!” і акцыяй “Мы за здаровы лад жыцця!”. Пераможцы спаборніцтваў былі ўзнагароджаны дыпломамі і медалямі.

Наталля ЛУТЧАНКА.