Гуляем у мюзікл

- 11:08Навіны рэгіёнаў

Самы кароткі шлях эмацыянальнага разняволення дзіцяці — гэта шлях праз спевы, гульню, фантазіраванне і кампазітарства. Асабістыя якасці і творчыя здольнасці дзяцей дашкольнага ўзросту актыўна развіваюцца праз музычна-тэатральную дзейнасць. У нашай навучальнай установе на музычных занятках выкарыстоўваем разнастайныя формы работы, каб доля дзіцячай творчасці і імправізацыі была дамінуючай.

Прапануем дзецям інсцэніраваць песні, мадэляваць жэстамі, мімікай і рухамі музыку, якую яны слухаюць, гуляць у сюжэтныя музычныя гульні. Штотыдзень праводзяцца музычныя забавы, фальклорныя святы. Падрыхтоўка да іх з боку дзяцей мінімальная — акцэнт робіцца на сюрпрызе, актывізацыі эмоцый і пагружэнні ў творчасць.

Нас зацікавіла такая форма работы, як мюзікл, асаблівасці арганізацыі якога выкладаюцца ў дапаможніку Л.С.Хадановіч “Развіццё музычна-тэатральнай дзейнасці дзяцей дашкольнага ўзросту”. У мюзікле аб’ядноўваюцца некалькі відаў мастацтва: музычнае, драматычнае, харэаграфічнае, выяўленчае і нават опернае. Каб прыйсці да канчатковага выніку, мы прааналізавалі існуючыя ўмовы, разам з бацькамі выхаванцаў падабралі рэквізіт, дэкарацыі і касцюмы, размеркавалі ролі. І пачалі гуляць у мюзікл. Абапіраючыся на распрацаваныя Л.С.Хадановіч заняткі і адаптаваўшы іх пад нашы магчымасці, пачалі пастаноўку мюзікла “Муха-цакатуха” з дзецьмі старшай групы.

Падчас падрыхтоўкі мы расказвалі выхаванцам пра тэатр, пра жанр мюзікла. Працуючы над кожным вобразам, дзеці імправізавалі, прыдумвалі рухі да танцаў, асаблівы выхад кожнага героя, мадэлявалі характэрныя жэсты і міміку. Дзеці выдатна справіліся з ролямі Мухі-цакатухі, Камара-пераможцы, Пчалы, Коніка, Чытальніка, Кампазітара, Дызайнера і іншых. У праграму былі ўключаны спевы, танцы, ігра на музычных інструментах.

Работа над мюзіклам стала яскравай падзеяй у жыцці педагогаў, бацькоў і дзяцей. Гэта дазволіла падтрымаць цікавасць выхаванцаў да выканальніцкай дзейнасці, пашырыць дыяпазон іх уменняў і спосабаў творчай музычна-тэатральнай дзейнасці, развіць эмацыянальную сферу на аснове эстэтычных перажыванняў.

Вольга ПАЛУХІНА,
музычны кіраўнік ДЦРД № 2 Дзятлава.