Гуляем у рэальным свеце

- 15:16Нам пішуць

У эпоху камп’ютарных тэхналогій гульні дзяцей перамясціліся ў большасці сваёй у віртуальны свет. Падрастаючае пакаленне адвыкае ад звычайных зносін, становіцца некамунікабельным, страчвае пачуццё сапраўднай рэальнасці. Менавіта з мэтай з’яднання калектыву, навучання міжасобасным адносінам у Навасёлкаўскай базавай школе ў рамках м дня ладзяцца гульнявыя праграмы.

Падчас падобных мерапрыемстваў вучні могуць прадэманстраваць самыя разнастайныя свае здольнасці. Конкурсы праводзяцца ў шматлікіх намінацыях. Найбольш запатрабаваныя — гэта рухавыя гульні. Эстафеты, камандныя спаборніцтвы заўсёды на вышыні папулярнасці, таму ўжо традыцыйным стала правядзенне кожную другую суботу месяца дзён здароўя. Дарэчы, вучні нашай школы паказваюць высокія вынікі ў спорце і займаюць лідарскія пазіцыі ў круглагадовай спартакіядзе. Не забываем мы і аб народных традыцыях. Ідучы следам за абрадавым календаром, праводзім Каляды, Масленіцу. І абавязкова ўзгадваем беларускія народныя гульні, якія з задавальненнем адкрываюць для сябе школьнікі.

Нядаўняя гульнявая эстафета “Суквецце ўменняў”, прымеркаваная да самаабвешчанага свята сяброўства, прыйшлася даспадобы як пачаткоўцам, так і вучням старшых класаў. Рэкрэацыя напоўнілася бадзёрымі дзіцячымі галасамі, якія пацвярджалі гатоўнасць паказаць свае таленты. Тут былі конкурсы на хуткасць, кемлівасць, спрытнасць, агульны кругагляд. Конкурсы ў эстафеце мянялі адно аднаго, а кожны ўдзельнік змог знайсці намінацыю на свой густ. Пачалі з размінкі, у якой дзвюм камандам з дзесяці чалавек трэба было стаць у чаргу спачатку згодна з ростам, а потым па ўзросце, па даўжыні валасоў, па памеры абутку. Шмат дзяцей захацелі паўдзельнічаць у конкурсе, згодна з правіламі якога трэба было прымусіць рухацца грузавую машынку-цацку, якая перавозіла шклянку вады. Але не ва ўсіх “вадзіцеляў” атрымалася акуратна даехаць да фінішу, не распляскаўшы вадкі груз.

Камандны конкурс “Канструяванне” патрабаваў хутка ў восем рук змайстраваць незвычайныя прыстасаванні з канструктара і потым прарэкламаваць іх. На ўдзел вызваліся хлопчыкі. Спрытнымі рухамі яны ў імгненне вока стварылі арыгінальныя шыкоўныя зоркалёты і касмічныя станцыі. Веданне беларускага фальклору спатрэбілася ў конкурсе, калі патрэбна было злучыць разрэзаныя прыказкі і патлумачыць іх значэнне. Тое ж тычылася і загадак, з якімі, дарэчы, аказалася складаней. Спрытнасці і грацыёзнасці рухаў патрабавала заданне прайсці па роўнай лініі, гледзячы ў бінокль. Далёка не ўсім гэта аказалася па плячы. Артыстычныя таленты ацэньваліся на заданні выканаць слупок вядомай дзіцячай песні ў розных манерах: як немаўляты, як індзейцы, як афіцэрскі ансамбль, як рэпер. Займальным і нават карысным аказаўся конкурс, калі ўдзельнікам трэба было ўявіць, што яны трапілі на бязлюдны востраў і ім прапанавалася навобмацак з мяшочка выцягнуць пяць самых неабходных рэчаў. Аўтарытэтнае журы ўважліва сачыла за ходам эстафеты, за кожны выйгрыш уручала тэматычны жэтон. А ў канцы ўсе, хто набраў большую колькасць балаў-жэтонаў, меў магчымасць паўдзельнічаць у латарэі.

Падобныя гульнявыя мерапрыемствы спрыяюць згуртаванню, выхоўваюць валявыя асобасныя якасці, развіваюць творчыя здольнасці і, што самае галоўнае, вяртаюць у свет рэальных узаемаадносін. Таму ў выхаваўчым плане яны займаюць пачэснае месца.

Таццяна БАТУРА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры, класны кіраўнік 6 класа
Навасёлкаўскай базавай школы Гродзенскага раёна.
Фота аўтара.