Гжэчная гжэль

- 11:34Культура

У сталічнай мастацкай галерэі “Універсітэт культуры” днямі адкрыўся ўнікальны выставачны праект “Гжэль — Мінск: вытокі творчасці і майстэрства” Гжэльскага дзяржаўнага ўніверсітэта і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

Знакамітая на ўвесь свет гжэль прыехала ў Мінск адтуль, адкуль і павінна была прыехаць, — з самага свайго сэрца, з падмаскоўнай Гжэлі, а дакладней, з Гжэльскага дзяржаўнага ўніверсітэта, дзе рыхтуюць спецыялістаў у гэтым слаўным традыцыйным промысле. Дырэктар мастацкай галерэі Павел Сапоцька не хавае сваёй радасці ад таго, што сумесны выставачны праект “Гжэль — Мінск: вытокі творчасці і майстэрства” рэалізаваўся, хаця і прызнаецца, што ўзгаднялі-рыхтавалі яго з абодвух бакоў — расійскага і беларускага — на працягу ажно паўтара месяца. “Наша галерэя існуе з 2002 года, — расказвае Павел Міхайлавіч, — і за ўсе гады яе існавання ў ёй рэалізоўваліся розныя міжнародныя выставачныя праекты — і з Кітаем, і з Чэхіяй, і з Польшчай, і з Украінай, і з асобнымі рэгіёнамі Расіі. Але гэты праект асаблівы, таму што, па-першае, сёння мы паказваем не проста нейкі мастацкі прадукт з замежнай краіны, а менавіта брэндавае мастацтва. Расія ў свеце пазнаецца па гжэлі гэтак жа, як, напрыклад, па матрошцы, балалайцы, рускай лазні і г.д. Па-другое, праз экспанаты, якія сёння выстаўлены ў галерэі, праяўляецца тая ўнікальная мастацкая адукацыя, якую атрымліваюць студэнты Гжэльскага дзяржаўнага ўніверсітэта. І, па-трэцяе, тут вельмі важны момант творчага супрацоўніцтва Гжэльскага дзяржаўнага ўніверсітэта і нашага Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Гэтыя ўстановы вышэйшай адукацыі супрацоўнічаюць ужо на працягу некалькіх гадоў як непасрэдна ў творчай дзейнасці, так і ў навуковай сферы. Але менавіта двухбаковы выставачны праект, у якім прымаюць удзел педагогі і студэнты абодвух універсітэтаў, мы рэалізавалі ўпершыню. Мы пазіцыяніруем нашы ўніверсітэты як пабрацімы, і, адпаведна, партнёрскія адносіны склаліся паміж факультэтам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і дызайну Гжэльскага дзяржаўнага ўніверсітэта і факультэтам традыцыйнай беларускай культуры і сучаснага мастацтва БДУКіМ. Ужо ажыццяўляецца праграма студэнцкай мабільнасці, нашы студэнты праходзілі стажыроўку ў Гжэлі, дзве студэнткі Гжэльскага ўніверсітэта цяпер будуць стажыравацца ў нас — дамоўленасць аб гэтым дасягнута. Студэнты і выкладчыкі нашага ўніверсітэта прымалі ўдзел у пленэрах, якія праводзіліся ў Гжэлі, у навукова-практычных канферэнцыях па праблемах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. І гэтае супрацоўніцтва, безумоўна, ідзе на карысць, бо абедзве нашы школы народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва вельмі магутныя. Ёсць чаму павучыцца нам у гжэльцаў і ёсць чаму павучыцца ім у нас”. Зробім невялікі экскурс у гісторыю. Што ж такое гжэль? Дзе яе вытокі? У чым хараство? Наогул, Гжэль — гэта назва акругі і пасёлка ў Раменскім раёне Маскоўскай вобласці прыблізна за 50 кіламетраў ад Масквы. А паколькі тутэйшыя мясціны яшчэ з часоў сівой даўніны славіліся сваёй глінай і менавіта тут продкі сённяшніх гжэльцаў сталі вырабляць дзівосныя гліняныя вырабы, то і сам гэты народны традыцыйны промысел сталі называць гжэллю. Наконт этымалогіі слова “гжэль” існуюць розныя версіі. Хутчэй за ўсё, яно мае балтыйскае гіданімічнае паходжанне: ёсць рэкі Агжэлка, Гжаць, Кзелка. У пазамінулым стагоддзі ў сувязі з росквітам вытворчасці фарфоравага, фаянсавага і глінянага посуду ў Гжэлі тутэйшыя людзі пачалі звязваць назву Гжэль са словамі “жечь”, “обжигать”, маўляў, “гжель” — гэта тая ж “жгель”, толькі з перастаўленымі зычнымі.
Упершыню пра Гжэль стала вядома ў 1328 годзе з духоўнай граматы Івана Каліты. Унікальныя радовішчы з мясцовых чырвоных, белых і шэрых глін і далі магчымасць у тыя далёкія часы з’явіцца тут керамічнаму промыслу. З сярэдзіны XVII стагоддзя здабыча гліны ў тутэйшых мясцінах набыла сапраўды шырокі размах. Вядома, напрыклад, што ў 1663 годзе цар Аляксей Міхайлавіч выдаў указ “во гжельской волости для аптекарских и алхимических сосудов прислать глины, которая годится к аптекарским сосудам”. 15 вазоў гжэльскай гліны было тады дастаўлена ў Маскву. Яе якасць ацаніў нават вялікі рускі вучоны Міхаіл Ламаносаў, якому належаць наступныя ўзвышаныя словы: “Едва ли есть земля самая чистая и без примешания где на свете, кою химики девственницею называют, разве между глинами для фарфору употребляемыми, такова у нас гжельская… которой нигде не видал я белизною превосходнее”.
Але ажно да сярэдзіны XVIIІ стагоддзя ў Гжэлі рабілі звычайныя для таго часу ганчарныя вырабы. І толькі ў другой яго палове гэтую “чорную” кераміку паступова стала выцясняць маёліка — збаны, кубкі, талеркі, кваснікі, рукамыйнікі і іншыя прадметы побыту, аздобленыя арнаментальным і сюжэтным роспісам зялёнай, жоўтай, сіняй і фіялетава-карычневай фарбамі па белым фоне. А ў канцы XVIIІ стагоддзя на змену дарагой маёліцы прыйшоў больш просты ў вытворчасці паўфаянс — вырабы з белай гліны, пакрытыя бясколернай празрыстай палівай і ўпрыгожаныя, як правіла, сінім роспісам. Безумоўна, тут можна гаварыць пра непасрэдны ўплыў знакамітага фарфору з галандскага горада Дэльфта. Паўфаянсавая вытворчасць існавала ў Гжэлі на працягу ўсяго ХІХ стагоддзя, паралельна тут развівалася вытворчасць тонкага фаянсу і фарфору. Гэта быў залаты век гжэльскай керамікі, гжэлі — з яе непараўнанай квяцістасцю, народнай трактоўкай скульптурных вобразаў.
А потым, са з’яўленнем буйных фарфоравых фабрык, гжэльскі рэгіён страціў сваё значэнне. У пачатку ХХ стагоддзя мастацтва гжэльскага промыслу прыйшло ў поўны заняпад. Яго адраджэнне пачалося толькі ў другой чвэрці ХХ стагоддзя, калі ў маладой савецкай дзяржаве на самым высокім узроўні было прынята рашэнне вярнуць гжэльскаму рэгіёну былую славу і зноў зрабіць Гжэль цэнтрам вытворчасці фірменнага глінянага, фарфоравага і фаянсавага посуду. Вяртацца было да чаго — натуральна, да гжэльскай маёлікі XVIIІ стагоддзя і да паўфаянсу XІХ стагоддзя — адным словам, да класічнай гжэлі. Ужо ў 50-я гады зноў шырока загаварылі пра гжэльскі керамічны цуд, 60—70-я гады можна, напэўна, назваць сярэбраным векам гжэлі. А потым былі… перабудова, ліхія 90-я, якія нядобра пажартавалі і з фарфоравага завода “Гжэль”, які залез у мільённыя даўгі і з якога пачалі масава звальняцца супрацоўнікі, і з самой гжэлі, якая зноў рызыкавала сысці ў нябыт.Сёння Гжэльскі дзяржаўны ўніверсітэт, які пачаў сваю дзейнасць яшчэ ў 1899 годзе з рысавальнага класа Строганаўскага імператарскага вучылішча, фактычна, застаецца адзіным гарантам таго, што гжэль усё-такі выжыве ў цяперашніх няпростых эканамічных умовах. Многія выкладчыкі ўніверсітэта працуюць майстрамі на фарфоравым заводзе “Гжэль”, у распараджэнні студэнтаў — багатыя вытворчыя магутнасці — печы, майстэрні, станкі, абсталяванне і інш., што дае магчымасць вырабляць прадукцыю на высокім тэхналагічным і мастацкім узроўні. Дэкан факультэта дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і дызайну заслужаны мастак Расійскай Федэрацыі Галіна Пятроўна Маскоўская, якая ў складзе гжэльскай дэлегацыі прыехала ў беларускую сталіцу на адкрыццё выставы “Гжэль — Мінск: вытокі творчасці і майстэрства”, з радасцю адзначае рост цікавасці да гжэлі ў моладзі. Балазе, ёй ёсць з чым параўнаць — у Гжэльскім дзяржаўным універсітэце яна працуе больш як 30 гадоў. І калі яшчэ 15—20 гадоў назад ва ўстанове вучыліся студэнты пераважна з Падмаскоўя, то сёння, па словах Галіны Пятроўны, жаданне вучыцца ў Гжэлі выказваюць маладыя людзі і з самой Масквы, і з Санкт-Пецярбурга, і з розных іншых рэгіёнаў Расіі. Разнастайнае паходжанне студэнтаў Гжэльскага ўніверсітэта, дарэчы, выразна праглядаецца і на выставе — па матывах роспісаў на вырабленых студэнтамі прадметах. “Безумоўна, мы вучым нашых студэнтаў і ўласна народнаму гжэльскаму промыслу, і высокаму мастацтву. Знаёмім іх з рознымі стылістыкамі, — гаворыць Г.П.Маскоўская. — Галоўнае — мы вучым іх культуры мастацкай творчасці і выканання, каб у іх быў густ і разуменне стылю. Разуменне таго, што твор, выкананы ў адзінай стылістыцы, заўсёды будзе выйграваць у эклектычнага мастацтва. Дзякуючы адзінай пазнавальнай стылістыцы і праславіўся керамічны цуд пад назвай гжэль”.
Дарэчы, на выставу ў Мінск гжэльцы прывезлі не толькі кераміку, але і творы жывапісу, графікі, адметныя дызайнерскія рэчы — гэтым мастацкім кірункам у Гжэльскім дзяржаўным універсітэце вучаць таксама дасканала. І ўсё ж гжэль. Калі глядзіш на гэтыя цудоўныя керамічныя творы, просіцца на язык свая алітэрацыя: гжэчная гжэль… Гэта значыць, далікатная, вытанчаная, датклівая ў сваёй прыгажосці і дасканаласці. Дарма што мае народныя карані. А, можа быць, наадварот, якраз таму, што мае народныя карані.
Гжэчная гжэль не памрэ ніколі. У навукова-папулярным фільме пра гжэльскую кераміку, які дэманструецца на выставе “Гжэль — Мінск: вытокі творчасці і майстэрства”, ёсць сюжэт пра адну жанчыну, якая, маючы траіх дзяцей, у 41 год паступіла ў Гжэльскі дзяржаўны ўніверсітэт, каб авалодаць сакрэтамі народнага гжэльскага промыслу.
Гжэчная гжэль…

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.