Хата з матчынай душой

- 16:57Нам пішуць

У рамках Тыдня беларускай культуры, які праходзіў з 15 па 20 лютага ў нашай школе, адбыліся такія мерапрыемствы, як літаратуразнаўчы турнір “Каб любіць Беларусь нашу мілую”, віктарына “Моўныя скарбы роднага краю”, конкурс малюнкаў “Мой родны кут, як ты мне мілы!..”. Была аформлена выстава вырабаў народных умельцаў нашай вёскі. Асабліва яркімі і насычанымі з’явіліся фальклорнае свята “Хата з матчынай душой” і святочны канцэрт да Дня роднай мовы “Ты будзеш звінець, мая родная мова!”.
На фальклорным свяце навучэнцы 10 класа паказалі прысутным беларускія вячоркі. Гледачы на свае вочы ўбачылі такія народныя прылады, як маслабойка, дзяжа, калаўрот і інш. На вячоркі ў госці завіталі суседзі і знакамітыя людзі вёскі і паведамілі вучням пра тое, якой была покутняя сцяна ў вясковым доме, аб прыладах, якімі карысталіся нашы прабабулі і прадзядулі. Не адбыліся вячоркі без песень і танцаў.
На свяце, прысвечаным Дню роднай мовы, і настаўнікі, і навучэнцы размаўлялі на нашай мове, спявалі беларускія песні. Задушэўна і хораша гучалі песні “Горыч-ягада”, “Белая касыначка”, “Беларусачка”, “Вачэй прыгожых шмат” і іншыя. Асабліва пранікнёна загучалі беларускія народныя інструменты пад кіраўніцтвам музычнага кіраўніка М.М.Мішчука. Ніхто не застаўся раўнадушным да выканання беларускіх танцаў “Падэспань” і “Кракавяк”. Паспрабавалі госці і прысмакі, якія згатавала наша настаўніца В.Я.Бурштын.
Але з асаблівай увагай прысутныя яшчэ раз дакрануліся да творчасці нашых гасцей, мясцовых паэтаў Г.П.Мішчука і М.І.Пацяюка, якія чыталі свае вершы пра нашу вёску, аб прыгожасці нашага краю .

Ларыса КУРДЗЮК,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ляхавецкага дзіцячага сада –сярэдняй школы Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці.