Хімікі і біёлагі сустрэліся ў Пінску

- 15:26Нам пішуць

З 8 па 11 студзеня 2017 года чарговы раз Пінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж машынабудавання гасцінна расчыніў дзверы перад удзельнікамі трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Біялогія” і “Хімія”.

Для ўдзельнікаў алімпіяды калектывам каледжа былі створаны спрыяльныя ўмовы для пражывання, забяспечаны адпаведныя ўмовы для правядзення тэарэтычнага тура, суправаджэння ўдзельнікаў алімпіяды. Акрамя таго, алімпіяднікам была прапанавана культурная праграма: наведванне экспазіцый музея каледжа “Ваенная гісторыя і этнаграфія роднага краю”, “Подзвіг народа, адліты ў метале”, “Гісторыя станаўлення і стварэння каледжа”.

Сваю асноўную задачу — фарміраваць навуковы светапогляд, актывізаваць творчыя здольнасці вучняў, далучаючы іх да алімпіяднага руху, развіваць устойлівую матывацыю да засваення вучэбных дысцыплін — алімпіяда паспяхова выканала.

Заданні спаборніцтваў былі распрацаваны выкладчыкамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Абласны этап алімпіяд па хіміі і біялогіі праводзіўся ў два туры: першы (тэарэтычны) — на базе каледжа, і другі (практычны) — на базе лабараторый Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Тэарэтычны тур па біялогіі ўключаў 80—100 тэставых заданняў у залежнасці ад вучэбнага класа. Практычны тур праходзіў у лабараторыях “Фізіялогія раслін”, “Фізіялогія чалавека”, “Малекулярная біялогія, генетыка” Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта. Гэты тур падразумяваў праверку практычных уменняў і навыкаў па рабоце з мікрапрэпаратамі, мікраскопамі, жывымі прыроднымі аб’ектамі.

Практычны тур па хіміі ўключаў хімічны, лабараторны эксперымент, вызначэнне невядомых раствораў, цітраванне. Тэарэтычны тур па хіміі — гэта выкананне 20 тэставых заданняў і рашэнне хімічных разліковых задач.

Пераможцамі трэцяга этапу Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Хімія” сталі: Мацвей Кіслюк, навучэнец 9 класа гімназіі № 4 Баранавіч; Эрык Глынкін, навучэнец 9 класа гімназіі № 4 Баранавіч; Аляксей Буцько, навучэнец 10 класа сярэдняй школы № 21 Баранавіч; Мікалай Манчук, навучэнец 10 класа сярэдняй школы № 2 Лунінца; Ігар Брандзес, навучэнец 11 класа сярэдняй школы № 7 Кобрына; Настасся Пяшко, навучэнка 11 класа гімназіі № 3 імя В.З.Каржа Пінска.

Пераможцы трэцяга этапу Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Біялогія” — Вера Марушка, навучэнка 9 класа сярэдняй школы № 28 Брэста; Настасся Еўтуховіч, навучэнка 9 класа сярэдняй школы № 3 Іванава; Сяргей Банцэвіч, навучэнец 10 класа сярэдняй школы № 14 Пінска; Аляксандра Парфеявец, навучэнка 10 класа гімназіі Іванава; Дзіяна Дарагакупец, навучэнка 11 класа сярэдняй школы № 3 Іванава; Дзіяна Грышкавец, навучэнка 11 класа сярэдняй школы № 12 Пінска.

Урачыстае закрыццё, уручэнне дыпломаў лепшым біёлагам і хімікам вобласці прайшло на базе гімназіі № 3 імя В.З.Каржа Пінска, на якім намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Пінскага гарвыканкама Людміла Сцяпанаўна Былінская павіншавала ўдзельнікаў з паспяховым завяршэннем трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды і ўручыла заслужаныя ўзнагароды. Удзельнікі алімпіяды чарговы раз прадэманстравалі, што маладосць — гэта энтузіязм, жвавасць розуму, несуцішная энергія. Цудоўна, што ўсе гэтыя якасці ўвасобіліся ў маладых людзях, якія прадстаўлялі на алімпіядзе раёны Брэстчыны. Жадаем удзельнікам новых здзяйсненняў і перамог на рэспубліканскім узроўні.

Валянціна ГАРАГЛЯД,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце ПДПТК машынабудавання.