Хімія ў рэжыме нон-стоп

- 11:24Людзі адукацыі

Зацікавіць навучэнцаў прадметам можа толькі той настаўнік, які ім не проста жыве, але і любіць разам з вучнямі нанава адкрываць тое, што, па сутнасці, ужо вядома. А калі ў дадатак да гэтага педагог размаўляе з дзецьмі на адной мове, поспех у вывучэнні прадмета з’яўляецца неаспрэчным. У гэтым, як ніхто іншы, упэўнена Алена Уладзіміраўна Венглінская, настаўніца хіміі гімназіі № 2 Бабруйска.

У 1990 годзе Алена Уладзіміраўна скончыла сярэднюю школу № 14, якая сёння з’яўляецца гімназіяй № 2 Бабруйска, з залатым медалём. Сярод агульнаадукацыйных прадметаў любімым у Алены Венглінскай, безумоўна, была хімія. І тое, што яшчэ вучаніцай яна 3 разы перамагала на абласной алімпіядзе па хіміі, не здзіў­ляе.

Пасля школы Алена Венглінская па­ступіла на хімічны факультэт БДУ, скончыўшы які была размеркавана на работу ў мінскую 130-ю школу-ліцэй. Але пасля адпрацоўкі вярнулася ў родны горад і ўладкавалася ў сярэднюю школу № 14.

“Для большасці навучэнцаў абсалютным пры­кладам і матыватарам  з’яўляецца іх настаўнік, так было і са мной, — гаво­рыць А.У.Венглінская. — Падчас навучання ў школе я заўсёды брала прыклад са сваёй настаўніцы хіміі Вольгі Мікалаеўны Пшанічнай. А калі прыйшла праца­ваць у гімназію № 2, многаму навучылася ў Маргарыты Віктараўны Рыжковай, якая на працягу доўгага часу была не толькі намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце, але і настаўнікам з вялікай літары. Вельмі хачу выказаць словы падзякі былым дырэктарам гімназіі Лукрэцыі Іванаўне Сатаравай, якая запрасіла мяне працаваць у родную школу, і Таццяне Мікалаеўне Казловай, якая кіравала гімназіяй да 2019 года. У нас у гімназіі цудоўны калектыў, і мае ўзнагароды — гэта вынік нашай сумеснай працы”. 

Хімія, якую выкладае настаўніца, прадмет няпросты. І, як заўважыла А.У.Вен­глінская, у яе няма ніякіх сакрэтаў, якія дапамаглі б адразу захапіць навучэнцаў гэтай навукай.

“Я вельмі люблю сваю работу і з радасцю вучу дзяцей, дастаткова добра ведаю свой прадмет і, самае галоўнае, імкнуся размаўляць з вучнямі на іх мове, — кан­статуе настаўніца. — Для настаўнікаў, калі яны хочуць, каб іх прадметам цікавіліся і любілі яго, вельмі важна прытрымлівацца гэтага правіла. Таксама важна ўмець падтрымліваць добрыя адносіны з бацькамі”.

На ўроках Алена Уладзіміраўна выкарыстоўвае інструктыўныя карты (своеасаблівы план дзеянняў для вучня са схемамі, алгарытмамі, заданнямі), што дазваляе навучэнцам выбі­раць індывідуальную адукацыйную траекторыю. Такі падыход прымушае навучэнцаў думаць. Вучні падчас урокаў забяспечаны даведачнымі табліцамі. А калі хтосьці мае патрэбу ў дапамозе, заўсёды можа прыйсці ў кабінет да настаўніцы і папрасіць пра гэта. Акрамя Алены Уладзіміраўны, дапамагчы тым, хто толькі пачынае цікавіцца хіміяй, мо­гуць і прасунутыя вучні, якія літаральна жывуць у кабінеце хіміі. Настаўніца падкрэслівае, што матывацыю ў прадмеце дзеці знахо­дзяць самі, таму прыходзяць у гімназію да настаўніцы і ў суботу.

“На рабоце я праводжу больш часу, чым дома, а мая сям’я бачыць мяне менш, чым вучні, — прызнаецца настаўніца. — Я ніколі не бываю ў адзіноце, мяне заўсёды акружаюць вучні. Ганаруся, што ў гімназіі няма хіміяфобіі, а на дадатковых занятках можа не хапіць пасадачных месцаў”.

Настаўніца падкрэслівае, што яе гордасць — гэта яе вучні. За час работы ў гімназіі педагог падрыхтавала 78 пераможцаў другога этапу, 45 — трэцяга і 20 пераможцаў заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па хіміі. Так, Дзмітрый Салаўёў у 2012 годзе быў узнагароджаны бронзавым медалём 46-й Міжнароднай Мен­дзялееўскай алімпіяды школьнікаў па хіміі. Выпускнік гімназіі Аляксей Харлап тройчы станавіўся ўладальнікам дыпломаў I ступені на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па хіміі. Калі Аляксей вучыўся ў 11 класе, ён заваяваў залаты медаль і дыплом I ступені на 51-й Міжнароднай Мендзялееўскай алімпіядзе школьнікаў па хіміі, якая праходзіла ў Астане, а таксама праславіў нашу краіну на 49-й Міжнароднай хімічнай алімпіядзе школьнікаў у Тайландзе, адкуль прывёз сярэбраны медаль.

“Па выніках удзелу ў алімпіядзе школьнікаў “Ламаносаў”, якая право­дзілася 2 гады назад у Маскве, Аляксей Харлап быў узнагароджаны дыпломам II ступені, а сёлетняя выпускніца гімназіі Паліна Бязручка па выніках удзелу ў гэтай жа алімпія­дзе вясной бягучага года была ўзнагаро­джана дыпломам II ступені”, — расказвае пра по­спехі сваіх вучняў А.У.Венглінская.

Самы юны прыхільнік хіміі, з якім працуе Алена Уладзіміраўна, васьмікласнік Глеб Баравы. Хлопчык праявіў цікавасць да вывучэння хіміі яшчэ тры гады назад. З 5 класа Глеб удзельнічаў з двухгадовым апярэджваннем у гарадскіх алімпіядах для навучэнцаў 4—9 класаў. У 2018/2019 го­дзе быў заняты ва ўсіх этапах Рэспубліканскай алімпіяды па хіміі, дзе спаборнічаў з дзевяцікласнікамі. У выніку хлопчык, які быў самым юным удзельнікам алімпіяды, узнагароджаны дыпломамі I ступені на другім і трэцім этапах алімпіяды і дыпломам II ступені і каштоўным падарункам на заключным этапе.

Алена Уладзіміраўна не хавае, што падрыхтоўка да алімпіяды — гэта што­дзённая карпатлівая праца навучэнцаў і настаўнікаў без выхадных і канікул. Акрамя работы з дзецьмі, шмат часу А.У.Венглінская прысвячае выкладчыцкай дзейнасці ў гарадскім трэнерскім клубе, дзе право­дзіць заняткі па сваім прадмеце, дзеліцца вопытам і напрацоўкамі з іншымі настаўнікамі горада. Нягледзячы на гэта, педагог упэўнена, што кожны настаўнік павінен прайсці свой шлях, накапіць уласны вопыт і пастаянна самаўда­сканальвацца.

Настаўніца прызналася, што яе натхняюць поспехі вучняў, а таксама відавочная захопле­насць прадметам. Зрэшты, гэтага ўдалося дасягнуць, таму што Алена Ула­дзіміраўна сабрала вакол сябе каманду аднадумцаў, улюбёных у хімію, у меру амбіцыйных і неабыякавых. Прыкметна, што гэтая каманда працуе па сістэме “роўны навучае роўнага”, якая для Алены Венглінскай стала стылем, а для навучэнцаў яшчэ і школай жыцця.

За сваю работу і прафесійныя дасягненні А.У.Венглінская мае шмат узнагарод. У 2011, 2015 і 2016 гадах Алена Ула­дзіміраўна была ўзнагароджана прэміямі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. У 2012 годзе атрымала грамату Міністэр­ства адукацыі, а ў 2015 годзе настаўніцы была аб’яўлена па­дзяка Магілёў­скага абласнога выканаўчага камітэта за шматгадовую добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Магілёўскай вобласці. У 2016 годзе А.У.Венглінская ўзнагароджана нагрудным знакам Міністэрства адукацыі “Выдатнiк адукацыi”, а праз год Алене Ула­дзіміраўне прысвоена ганаровае званне “Чалавек года Магілёўшчыны”.

Наталля САХНО.