Хочаш навучыць — не перашкаджай

- 16:57Культура

Ні для каго не сакрэт, што, калі творчасці даць час, месца, свабоду і фантазію, яна не будзе мець меж, правілаў, законаў і ўзросту. Яна будзе шчырай і цудоўнай, каляровай і чорна-белай, салодкай і горкай, адным словам — індывідуальнай. Так і адбылося ў студыі заслужанага аматарскага калектыву Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “АРТ” Першамайскага раёна Мінска, якой амаль 45 гадоў кіраваў Рышард Антонавіч Май.

У інтэрнэце пра гэтага мастака можна знайсці шмат рознай інфармацыі, паглядзець яго працы і працы яго вучняў. Ён нарадзіўся 5 ліпеня 1936 года. У 1971-м скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, аддзяленне прамысловага дызайну. Мастак з’яўляецца аўтарам больш як 300 зарэгістраваных і сертыфікаваных таварных знакаў. Жывапісец, удзельнік шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных выстаў. З 1973 года — кіраўнік дзіцячай мастацкай “Студыі Рышарда Мая” — шматразовага дыпламанта і прызёра міжнародных конкурсаў дзіцячай творчасці. Творы мастака знаходзяцца ў фондах Zimmerly Art Museum (ЗША), прыватных калекцыях Беларусі, Польшчы, Нідэрландаў, Германіі, Аўстрыі, Францыі, Ізраіля, ЗША, Тайваня і інш.

Гэтая студыя ўнікальная. Гэтая студыя — адлюстраванне і доказ таго, што дзіця можа тварыць нароўні з дарослым, што дзецям таксама ёсць што сказаць і што паказаць. Атмасферу, зададзеную мастаком з самага пачатку, можна раз­гледзець ва ўсіх працах дзяцей, яе відаць няўзброеным вокам: спакой і гармонія, а побач бурлеск і выбух творчай фантазіі, які падчас працэсу малявання часта су­праваджаецца класічнай музыкай. Творы вісяць па ўсёй студыі, імі літаральна завалены склады і калідоры цэнтра. Адной з самых ранніх работ, якая захавалася да гэтага часу, ужо 30 гадоў.

Заслужаны аматарскі калектыў пачаў свой шлях у далёкім 1978 годзе, студыя некалькі разоў пераязджала, аднак яе фармат не мяняўся ніколі. Дзеці вырасталі, мяняліся тэндэнцыі, але падыход да вучняў заставаўся нязменным. Складана вылучыць нейкі пэўны стыль, у якім працавалі і працуюць вучні, — гэта і авангард, і футурызм, і класіка. Гэта змеш­ванне. Ды і каму патрэбныя рамкі? Такая вось палітыка ў творчасці.

У 1988 годзе калектыў Рышарда Мая атрымаў званне народнага, у 2010 ён стаў заслужаным, а ў 2015 пацвердзіў свой статус. Сёлета заслужанаму аматарскаму калектыву цэнтра неабходна будзе зноў пацвярджаць сваё званне з дапамогай дзіцячых работ і шляхам перамог у конкурсах. Але гэта належыць рабіць ужо іншаму педагогу — Алесі Міхайлаўне Урбановіч, бо Рышард Антонавіч у мінулым годзе вырашыў завяршыць сваю дзейнасць, хоць мастацтву і творчасці ён застаецца верным. На пошту цэнтра часта прыходзяць лісты з розных краін, таму што працы вучняў і выкладчыцкі талент Рышарда Антонавіча цэняць ва ўсім свеце.

Алеся Міхайлаўна Урбановіч — малады педагог, скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў і паралельна Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. Па адукацыі мастак, графічны дызайнер. Алеся Міхайлаўна трапіла ў цэнтр на 3 курсе ўніверсітэта, праходзячы практыку, і засталася там працаваць. Спачатку практыкавалася ў ролі педагога і метадыста, затым перайшла на пасаду загадчыцы аддзела, цяпер сумяшчае гэтую пасаду, ву­чыць дзяцей і кіруе калектывам. Больш за ўсё педагогу падабаецца працаваць з дзецьмі, асабліва з малымі. Студыю наведва­юць дзеці ва ўзросце ад трох гадоў.

У адным інтэрв’ю Рышард Май сказаў, што сэнс студыі — павярнуць дзяцей да справы, бо, калі яны чымсьці занятыя, усё астатняе не мае ніякага сэн­су. Алеся Міхайлаўна паважае настрой і падыход мастака і прымяняе такі ж падыход да сваіх вучняў.

“Рышард Антонавіч заўсёды ха­дзіў з указкай, ён часта маўчаў. Бывала, падыходзіць да вучня або вучаніцы, доўга глядзіць, нічога не гаво­рыць і сыхо­дзіць у свой кабінет. Вось такая была ў яго методыка: не перашка­джаць, не раіць, а даваць прастору для думак і творчасці. Такім чынам дзеці вучыліся выказваць свае думкі і погляды ў мастацтве так, як гэтага хацелася ім, — кажа Алеся Міхайлаўна і дадае: — Ён такі спецыфічны і з характарам, да яго трэба было яшчэ падыход знайсці. Дзяцей ён вельмі любіць, дазваляе ім усё, бацькам жа часта рабіў заўвагі, забараняў гаварыць з дзіцем падчас заняткаў, мог выставіць за дзверы”.

Дзеці яго таксама вельмі любілі, а бацькі дзяліліся на два лагеры: хтосьці падтрымліваў мастака і яго метады, дапамагаючы ва ўсім, а хтосьці, наадварот, жахаўся і абыходзіў бокам, не разумеючы гэтага чалавека. Рышард Май быццам наўмысна здымаў усе тармазы ў сваёй студыі, у яго лексіконе не было слова “нельга”, і ён ні разу не павысіў голас на дзіця. Гэта быў нейкі нябачны свет фантазій, які Алесі Міхайлаўне трэба працягваць ствараць і ўдасканаль­ваць зноў і зноў.

Лізавета КАСТЭНКА,
студэнтка факультэта журналістыкі БДУ.
Фота аўтара.