Ход шахматнай каралевы

- 12:23Навіны рэгіёнаў

Ёсць адзін унікальны занятак, які дорыць сапраўдны спартыўны азарт, развівае чалавека інтэлектуальна і творча, выхоўвае станоўчыя рысы характару і пры гэтым даступны літаральна кожнаму. Гэта шахматы. Лагічна, што шахматы выкарыстоўваюцца педагогамі як адзін з цудоўных сродкаў выхавання. Цікавасць у дзяцей да такога віду заняткаў выклікаюць па-рознаму. Так, на Мядзельшчыне рэалізоўваюць праект “Ход шахматнай каралевы”.

Работа па папулярызацыі шахмат вядзецца ў раёне даўно, і многія юныя жыхары Мядзельшчыны бавяць вольны час у спробах паставіць саперніку мат. Каб надаць гэтай рабоце новы імпульс, падтрымаць цікавасць тых, хто займаецца шахматамі, і зацікавіць тых, хто пакуль не займаецца, у кастрычніку мінулага года быў пачаты праект “Ход шахматнай каралевы”.

 — Пачынаючы праект, мы ўзялі за аснову словы восьмага чэмпіёна свету па шахматах Міхаіла Таля, які казаў, што шахматы — гэта перш за ўсё мастацтва. Таму праект мае не выключна спартыўны, але і творчы характар, каб праявіць сябе мог кожны, незалежна ад таго, наколькі добра дзіця гуляе ў шахматы, — расказвае метадыст вучэбна-метадычнага кабінета ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме Мя­дзельскага райвыканкама Ларыса Віктараўна Севярын.

І сапраўды, у рамках праекта не толькі гулялі ў шахматы, але і спявалі, танцавалі, майстравалі.

Ва ўсіх школах раёна абсталяваны шахматныя куткі — у холах, залах, кабінетах, рэкрэацыях устаноў створаны ўмовы для заняткаў шахматамі. І яны, дарэчы, ніколі не бываюць пустымі. А ў нарацкай сярэдняй школе № 2 такім кутком стала “Шахматнае кафэ”, дзе можна паназіраць за шахматнымі баталіямі, папіваючы гарбату.

Праект рэалізоўваўся ў рамках шостага школьнага дня. Па суботах праводзіліся раённыя, міжшкольныя турніры, спаборніцтвы паміж класамі, ладзіліся майстар-класы і трэнінгі. Была магчымасць у школьнікаў праявіць і свае творчыя здольнасці. Яны актыўна ўключыліся ў конкурс “Шахматная феерыя” і выраблялі незвычайныя шахматныя наборы — разнастайныя па памерах, матэрыялах і творчых задумках.

Кульмінацыяй рэалізацыі праекта стаў раённы касцюміраваны баль “Ход шахматнай каралевы”, які прайшоў на базе нарацкай сярэдняй школы № 2. Удзельнікамі балю сталі больш за 100 навучэнцаў — прадстаўнікі ўсіх школ раёна.

Кожная ўстанова прадставіла на балі шахматную каралеву і яе світу. Папярэдне кожная каманда падрыхтавала тэматычныя касцюмы для балю, а таксама творчае прадстаўленне, у якім дзеці расказалі пра сябе, сваё захапленне шахматамі, а таксама пра тое, як у іх установах адукацыі развіваецца шахматны рух. Каманды спявалі, чыталі вершы і шмат жартавалі. І, канечне, які ж баль без танцаў? Усіх удзельнікаў мерапрыемства сабраў менуэт — гэты ўрачысты танец каманды рыхтавалі некалькі тыдняў і цудоўна выканалі на балі. Тут жа можна было развучыць і іншыя танцы — на мерапрыемстве ладзіліся танцавальныя майстар-класы. Таксама на балі весяліліся, гулялі ў забаўляльныя гульні і, зразумела, у шахматы.

Баль стаў прыгожым завяршэннем праекта “Ход шахматнай каралевы”, аднак работа па папулярызацыі шахмат і прыцягненні дзяцей да гэтага занятку прадоўжыцца.

 — Мы ўпэўнены: чым больш дзяцей будзе гуляць у шахматы, тым больш людзей пачне спачатку думаць, а потым рабіць. Гэта адзін з асноўных пастулатаў у шахматах, — дзеліцца меркаваннем метадыст ВМК упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Мя­дзельскага райвыканкама Ларыса Віктараўна Севярын. — І вельмі хацелася б, каб, стаўшы дарослымі, дзеці прывыклі змагацца за шахматнай дошкай, а не ў рэальным жыцці.

Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена ўпраўленнем па адукацыі, спорце і турызме Мядзельскага райвыканкама.